§ 22–3. Нацыянальная і канфесійная палітыка польскіх улад у Заходняй Беларусі

1. Асаблівасці нацыянальных адносін у Заходняй Беларусі

Прававы статус беларусаў у польскай дзяржаве вызначаўся шэрагам міжнародных пагадненняў. У першую чаргу гэта было пагадненне аб нацыянальных і рэлігійных меншасцях, так званае Малое Версальскае пагадненне, падпісанае 28 чэрвеня 1919 г., якое лічылася адным цэлым з мірным пагадненнем і было абавязковым для ўсіх дзяржаў, якія яго падпісалі.

Гэта пагадненне гарантавала ўсім грамадзянам Польшчы, незалежна ад расы, мовы, веравызнання, роўнасць перад законам і магчымасць карыстацца грамадзянскімі і палітычнымі правамі. Пагадненнем прадугледжвалася, што з боку дзяржавы не будзе чыніцца ніякіх абмежаванняў у арганізацыі рэлігійнай практыкі любога веравызнання, ва ўжыванні непольскіх моў у прыватных, гандлёвых і рэлігійных зносінах, у прэсе, судах і грамадзянскіх акцыях, у працы асветных, дабрачынных і рэлігійных арганізацый. Польскі ўрад павінен быў забяспечыць грамадзянам з непольскай роднай мовай, якія ўтваралі значную групу насельніцтва дадзенага горада або раёна, пачатковае навучанне іх дзяцей на роднай мове. Таксама ў такіх рэгіёнах урад павінен быў забяспечваць меншасцям выдзяленне фінансавых сродкаў з дзяржаўнага і мясцовага бюджэту на выхаваўчыя, рэлігійныя і дабрачынныя мэты.

У артыкуле 1 Малога Версальскага пагаднення Польшча давала гарантыю, што ні адзін закон, ні адно распараджэнне або дзеянне дзяржаўнай адміністрацыі не будзе супярэчыць палажэнням гэтага дакумента. Гэтыя палажэнні былі адлюстраваны ў польскай канстытуцыі 17 сакавіка 1921 г. і прадубляваныя ў Канстытуцыі 1935 г.

Правы беларусаў у Польшчы юрыдычна абараняліся, хоць і няпоўна, і ў Рыжскім мірным пагадненні, заключаным 18 сакавіка 1921 г. паміж РСФСР і Украінай з аднаго боку і Польшчай — з другога. У артыкуле VII пагаднення сцвярджалася, што Польшча дае асобам рускай, украінскай і беларускай нацыянальнасцей на аснове раўнапраўя нацый усе правы, што забяспечваюць свабоднае развіццё культуры, мовы і выкананне рэлігійных абрадаў. Сцвярджалася, што рускія, украінцы і беларусы маюць права ў межах унутранага заканадаўства культываваць сваю родную мову, арганізоўваць і падтрымліваць свае школы, развіваць сваю культуру і ўтвараць з гэтай мэтай таварыствы і саюзы. Праўда, у дамове нічога не гаварылася аб тым, што польская дзяржава павінна была само ствараць школы на мовах нацыянальных меншасцей.

У рэальнасці для польскіх палітыкаў галоўнай перспектыўнай мэтай з'яўлялася дасягненне адзінства народаў Польшчы. Польскія ўлады знаходзіліся пад уплывам міфа «ўсходніх крэсаў», згодна з якім польскі народ з'яўляецца богаабраным для прасоўвання заходняй цывілізацыі і культуры на ўсход. У 1920—1930-я гг. гэта вылілася ў неабдумана жорсткую нацыянальную палітыку.

Нягледзячы на гарантыі, якія былі дадзены польскімі ўладамі нацыянальным меншасцям, што пражывалі на тэрыторыі Польшчы, яны не прызнавалі беларускай нацыі і ставілі за мэту выкараніць нацыянальную свядомасць беларусаў, апалячыць іх.

Польскія ўлады абвясцілі каталіцкае беларускае насельніцтва польскім, а жыхароў Палесся (палешукоў) адносілі да асаблівай абязлічанай групы — «тутэйшых». Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 1931 г. аказалася, што ў Віленскім, Наваградскім і Палескім ваяводствах колькасць беларусаў складала ўсяго 22,5 %, а палякаў — 42 %. Насамрэч у Наваградскім, Палескім і Віленскім ваяводствах беларусы складалі 67 % насельніцтва, а палякі, адпаведна, 12—13 %.

Дыскрымінацыя ў дачыненні да беларусаў выяўлялася практычна ва ўсіх сферах жыцця. Прызнаючы беларускае насельніцтва ненадзейным і настроеным праруску або прасавецку, улады Польшчы імкнуліся замяніць мясцовыя кадры ў адукацыі, адміністрацыі, і перш за ўсё ў войску, палякамі.

Вось фрагмент загаду камандавання 9-га корпуса узброеных сіл Польшчы аб звальненні з фарміраванняў корпуса радавых і грамадзянскіх работнікаў непольскай нацыянальнасці (г. Брэст, 19 жніўня 1922 г.): «Неадкладна ліквідаваць з усіх штабоў і прадпрыемстваў пры штабах радавых непольскай нацыянальнасці. Звольніць безумоўна з 01.09.1922 усіх грамадзянскіх чыноўнікаў няпольскіх нацыянальнасцей, у першую чаргу указаных у гэтым таемным загадзе, а ў далейшым і грамадзянскіх чыноўнікаў непольскіх нацыянальнасцей, не згаданых у прыведзеным пункце».

Фактычна закрытай для беларусаў заставалася вышэйшая адукацыя. У 1938/1939 навучальным годзе ва ўсёй Польшчы налічвалася ўсяго 218 студэнтаў-беларусаў. Сярод студэнтаў Віленскага ўніверсітэта колькасць беларусаў у 1930—1936 гг. складала 1—2 %, доля палякаў, па дадзеных на 1937/1938 навучальны год, была 72,6 %.