§ 22–1. Развіццё беларускай нацыі ў 1920—1930-я гг.

1. Нацыянальнае пытанне і яго вырашэнне ў БССР

Пад нацыянальным пытаннем разумеюць сукупнасць палітычных, эканамічных, прававых, ідэалагічных і іншых праблем, якія праяўляюцца ў працэсе ўнутрыдзяржаўных і міждзяржаўных зносін паміж этнічнымі групамі (народнасцямі, нацыямі).

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў у пачатку ХХ ст. абумовіла актуалізацыю нацыянальнага пытання, у якім найбольш важнымі былі два аспекты: стварэнне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці і развіццё беларускай мовы і культуры.

Праграмы беларускіх нацыянальных арганізацый, створаных у пачатку ХХ ст., ставілі мэтай атрыманне аўтаноміі Беларусі ў рамках Расійскай Дэмакратычнай Рэспублікі.

Праграма бальшавікоў па нацыянальным пытанні дэкларавала права ўсіх нацый на самавызначэнне, аж да ўтварэння самастойных дзяржаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. беларускія бальшавікі З. Жылуновіч, А. Чарвякоў паслядоўна адстойвалі права беларускага народа на самавызначэнне ў рамках савецкай дзяржаўнасці. Пасля дыскусій паміж Аблвыканкамзахам і Белнацкамам з нагоды палітычнага статусу беларускіх зямель 1 студзеня 1919 г. быў абнародаваны Маніфест аб стварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі.

У першай Канстытуцыі ССРБ, прынятай у 1919 г., дэкларавалася роўнасць правоў усіх нацыянальных меншасцей на тэрыторыі Рэспублікі ў адносінах да беларускай нацыі. У ёй падкрэслівалася немагчымасць прыгнёту па моўным, нацыянальным прынцыпе. На гэтай аснове з пачатку 1920-х гг. у рэспубліцы былі абвешчаны дзяржаўнымі адразу 4 мовы: беларуская, яўрэйская, польская і руская.

Нацыянальнае пытанне, у тым ліку і беларускае, абмяркоўвалася на X з’ездзе РКП(б) у 1921 г. У дакладзе І. В. Сталіна па гэтым пытанні было адзначана: ­меркаванне пра тое, што камуністы насаджаюць беларускую нацыянальнасць штучна, няправільнае. «…Існуе беларуская нацыя, у якой маецца свая мова, адрозная ад рускай, з прычыны чаго падняць культуру беларускага народа можна толькі на роднай яго мове».

У 1923–1924 гг. кампартыя і ўрад БССР распрацавалі комплекс мер па рэалізацыі нацыянальнай палітыкі ў рэспубліцы. Яна атрымала афіцыйную назву палітыкі беларусізацыі.