§ 22–1. Развіццё беларускай нацыі ў 1920—1930-я гг.
1. Якія беларускія палітычныя арганізацыі, створаныя ў пачатку ХХ ст., уключалі нацыянальнае пытанне ў сваю праграму? Якія ідэі яны вылучалі?
2. У сувязі з якімі грамадска-палітычнымі падзеямі пачатку ХХ ст. абмяркоўвалася нацыянальнае пытанне ў Беларусі?
3. Якую пазіцыю па нацыянальным пытанні займалі бальшавікі?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 22–1. Развіццё беларускай нацыі ў 1920—1930-я гг. |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 1 Ноябрь 2024, 04:25 |
1. Нацыянальнае пытанне і яго вырашэнне ў БССР
Пад нацыянальным пытаннем разумеюць сукупнасць палітычных, эканамічных, прававых, ідэалагічных і іншых праблем, якія праяўляюцца ў працэсе ўнутрыдзяржаўных і міждзяржаўных зносін паміж этнічнымі групамі (народнасцямі, нацыямі).
Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў у пачатку ХХ ст. абумовіла актуалізацыю нацыянальнага пытання, у якім найбольш важнымі былі два аспекты: стварэнне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці і развіццё беларускай мовы і культуры.
Праграмы беларускіх нацыянальных арганізацый, створаных у пачатку ХХ ст., ставілі мэтай атрыманне аўтаноміі Беларусі ў рамках Расійскай Дэмакратычнай Рэспублікі.
Праграма бальшавікоў па нацыянальным пытанні дэкларавала права ўсіх нацый на самавызначэнне, аж да ўтварэння самастойных дзяржаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. беларускія бальшавікі З. Жылуновіч, А. Чарвякоў паслядоўна адстойвалі права беларускага народа на самавызначэнне ў рамках савецкай дзяржаўнасці. Пасля дыскусій паміж Аблвыканкамзахам і Белнацкамам з нагоды палітычнага статусу беларускіх зямель 1 студзеня 1919 г. быў абнародаваны Маніфест аб стварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі.
У першай Канстытуцыі ССРБ, прынятай у 1919 г., дэкларавалася роўнасць правоў усіх нацыянальных меншасцей на тэрыторыі Рэспублікі ў адносінах да беларускай нацыі. У ёй падкрэслівалася немагчымасць прыгнёту па моўным, нацыянальным прынцыпе. На гэтай аснове з пачатку 1920-х гг. у рэспубліцы былі абвешчаны дзяржаўнымі адразу 4 мовы: беларуская, яўрэйская, польская і руская.
Нацыянальнае пытанне, у тым ліку і беларускае, абмяркоўвалася на X з’ездзе РКП(б) у 1921 г. У дакладзе І. В. Сталіна па гэтым пытанні было адзначана: меркаванне пра тое, што камуністы насаджаюць беларускую нацыянальнасць штучна, няправільнае. «…Існуе беларуская нацыя, у якой маецца свая мова, адрозная ад рускай, з прычыны чаго падняць культуру беларускага народа можна толькі на роднай яго мове».
У 1923–1924 гг. кампартыя і ўрад БССР распрацавалі комплекс мер па рэалізацыі нацыянальнай палітыкі ў рэспубліцы. Яна атрымала афіцыйную назву палітыкі беларусізацыі.
2. Палітыка беларусізацыі як праява савецкай нацыянальнай палітыкі. Дасягненні і супярэчнасці пры правядзенні беларусізацыі
У 1920-я гг. у БССР праводзілася палітыка нацыянальна-культурнага і нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва — беларусізацыя.
Асноўным зместам палітыкі беларусізацыі былі пытанні развіцця беларускай мовы і культуры. Пры гэтым забяспечваліся правы і магчымасці для свабоднага развіцця моў і культур іншых народаў.
У кароткія тэрміны ў органах дзяржаўнай улады БССР справаводства было пераведзена на беларускую мову. Асноўная ўнутрырэспубліканская дакументацыя друкавалася на чатырох мовах — беларускай, рускай, яўрэйскай і польскай. Дакументы агульнасаюзнага значэння друкаваліся на беларускай і рускай мовах, прававыя дакументы (пашпарты, пасведчанні і інш.) — на беларускай і адной з трох іншых дзяржаўных моў.
На беларускую мову пераводзіліся навучальныя ўстановы, установы культуры, навуковыя ўстановы, часці Чырвонай арміі, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі.
Для беларускіх вайскоўцаў былі распрацаваны асобныя воінскія статуты на беларускай мове. У БССР у 1920-я гг. былі як воінскія падраздзяленні, укамплектаваныя беларусамі, так і асобныя падраздзяленні, сфарміраваныя з яўрэяў, палякаў.
Шырокаму распаўсюджванню беларускай мовы садзейнічалі беларускія пісьменнікі і паэты. Да гэтага часу адносіцца творчасць Я. Купалы і Я. Коласа, Ц. Гартнага, К. Чорнага, М. Лынькова, К. Крапівы і інш.
У навуковых цэнтрах рэспублікі — Інбелкульце, Камісіі па гісторыі партыі (Гістпарце) — праводзіліся даследаванні па праблемах гісторыі, грамадскай думкі і эканомікі Беларусі.
Шырокае развіццё атрымала краязнаўства. З 1924 г. масава ствараліся краязнаўчыя арганізацыі, якія да 1927 г. аб’ядналі ўжо больш за 10 тыс. чалавек.
Адным з асноўных кірункаў беларусізацыі стала палітыка каранізацыі, якая прадугледжвала вылучэнне на партыйную, савецкую, гаспадарчую і грамадскую працу прадстаўнікоў карэннага насельніцтва.
Разам з тым пры правядзенні беларусізацыі не абышлося без перагібаў. Некаторыя работнікі без уліку аб’ектыўных умоў і матэрыяльных магчымасцей імкнуліся фарсіраваць тэмпы яе правядзення. Моўныя курсы арганізоўваліся спехам, не хапала падручнікаў, нізкім быў узровень выкладання. У многіх установах складаліся спісы супрацоўнікаў, якім ставілася ў абавязак вывучыць беларускую мову ў самыя кароткія тэрміны. У адваротным выпадку іх чакала звальненне.
Поспехі ў ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў і палітыкі беларусізацыі ў БССР былі афіцыйна прызнаныя дзеячамі Рады БНР. На Берлінскай канферэнцыі 1925 г. яны прызналі Мінск «цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі» і абвясцілі аб роспуску сваіх палітычных цэнтраў. А. І. Цвікевіч, які быў прэм’ер-міністрам БНР у Празе, падпісаў у 1925 г. пратакол аб прызнанні Савецкай Беларусі. Як адзначалася ў пратаколе, гэта зроблена «ў разуменні таго, што… Савецкая Беларусь ёсць адзіная рэальная сіла, якая можа вызваліць Заходнюю Беларусь ад польскага ярма…»
3. Нацыянальная палітыка ў БССР у 1930-я гг.
Па выніках перапісу насельніцтва 1926 г. у БССР беларусы складалі 80,6 % насельніцтва, яўрэі — 8,2 %, рускія — 7,7 %, палякі — 2 %, украінцы — 0,7 %, да астатніх 0,8 % належалі латышы, літоўцы, немцы, татары, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Такім чынам, насельніцтва БССР было шматнацыянальным. Беларусы жылі ў асноўным у вёсцы, у гарадах пераважалі рускія і яўрэі. У некаторых беларускіх гарадах і мястэчках рускія і яўрэі складалі да 40—60 % жыхароў.
У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг. палітыка беларусізацыі была спыненая. У гэты час пачаліся палітычныя рэпрэсіі па абвінавачванні ў так званым нацыянал-дэмакратызме.
Нацыянал-дэмакратызм — кірунак грамадска-палітычнай думкі, які спалучае агульнадэмакратычныя ідэі і мэты з задачамі сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення прыгнечаных народаў. У Беларусі канца XIX — пачатку XX ст. нацыянал-дэмакратызм уяўляў сабой ідэалогію і практыку беларускіх нацыянальных дзеячаў, накіраваную на стварэнне беларускай дзяржавы, усебаковае развіццё беларускай культуры і мовы, завяршэнне працэсу фарміравання беларускай нацыі, павышэнне нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа.
У другой палове 1920-х гг. савецкай уладай нацыянал-дэмакратызм быў абвешчаны кулацкім ухілам, контррэвалюцыйнай плынню, варожай антысавецкай ідэалогіяй, мэтай якой была рэстаўрацыя капіталізму ў БССР.
Такія абвінавачванні выліліся ў расправу над беларускімі нацыянальнымі дзеячамі. Апагеем гэтай кампаніі стала расследаванне НКУС палітычнай справы, якая атрымала назву «Саюз вызвалення Беларусі». У 1931 г. за прыналежнасць да яго было асуджана 86 чалавек, галоўным чынам работнікі навукі, культуры, партыйныя і дзяржаўныя дзеячы. Сярод іх Д. Х. Жылуновіч, Я. Ю. Лёсік, А. А. Смоліч, У. М. Ігнатоўскі, А. Р. Чарвякоў, Д. Ф. Прышчэпаў і інш. Барацьба з «нацдэмаўшчынай» нанесла моцны ўдар па творчай інтэлігенцыі рэспублікі. Былі рэпрэсаваныя такія вядомыя дзеячы культуры, заснавальнікі сучаснай беларускай літаратуры, як М. Гарэцкі, У. Галубок, М. Чарот, М. Зарэцкі і інш.
У 1934 г. пачаўся працэс скасавання нацыянальных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.
Пытанні і заданні
1. Раскрыйце змест палітыкі беларусізацыі. Калі яна праводзілася? Якімі былі яе вынікі?
2. Прывядзіце аргументы ў пацверджанне меркавання аб тым, што палітыка беларусізацыі была праявай нацыянальнай палітыкі бальшавікоў.
3. Падрыхтуйце паведамленне пра ўклад аднаго з дзеячаў культуры (на ваш выбар) у ажыццяўленне беларусізацыі.
4. У чым заключаліся асаблівасці нацыянальнага складу насельніцтва БССР у 1920—1930-я гг.?
5. Выкарыстоўваючы матэрыялы краязнаўчага (школьнага) музея, кнігу «Памяць», падрыхтуйце паведамленне аб нацыянальным складзе насельніцтва вашага рэгіёна ў 1920—1930-я гг.