§ 11–4. Сацыяльна-эканамічнае становішча ў 1990-я гг.

1. Эканамічнае становішча Рэспублікі Беларусь у першай палове 1990-х гг.

З распадам СССР у снежні 1991 г. Беларусь сутыкнулася з мноствам цяжкасцей, абумоўленых разрывам ранейшых эканамічных сувязяў паміж саюзнымі рэспублікамі. Беларусь з агульнасаюзнага "зборачнага цэха" ператварылася ў суверэнную дзяржаву, і шматлікія гаспадарчыя пытанні цяпер трэба было вырашаць самастойна. Працэс станаўлення дзяржаўнасці супаў з магутным эканамічным крызісам.

Разрыў эканамічных сувязяў прывёў гаспадарку Рэспублікі Беларусь да глыбокага эканамічнага крызісу 1991—1995 гг.

З 1992 г. пачалося абвальнае падзенне вытворчасці. Найбольш значнае скарачэнне аб'ёмаў выпуску прамысловай прадукцыі — вядучай галіны народнай гаспадаркі рэспублікі мела агульны характар. Гэта тычылася ўсіх галін прамысловасці рэспублікі, якія мелі першачарговае значэнне для нацыянальнай эканомікі.

Адбылося абвальнае падзенне жыццёвага ўзроўню насельніцтва краіны. Намінальная заработная плата за гэты перыяд павялічылася ў 2807 разоў, а рэальная ўпала на 44 %. За рысай мінімальнага спажывецкага бюджэту апынулася больш за 60 % насельніцтва Беларусі.

Інфляцыйныя працэсы, якія набіралі сілу ў апошні перыяд існавання СССР, працягвалі развівацца і ўзмацняцца ў незалежнай Беларусі. Толькі да лета 1995 г. пазначылася некаторае зніжэнне інфляцыі.

Інфляцыйныя працэсы, якія суправаджаюцца значным падзеннем рэальных даходаў насельніцтва, вялі да ператварэння асноўнай часткі грамадзян Беларусі ў маламаёмных і бедных. Пры гэтым ішло ўзбагачэнне тых, хто займаўся гандлёва-пасрэдніцкай і спекулятыўнай дзейнасцю.

Эканамічнае становішча Беларусі ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння ўскладніла праблема паставак паліўна-энергетычных рэсурсаў, металу, сыравіны з Расіі, Украіны, рэспублік Сярэдняй Азіі, кошт якіх бесперапынна рос, выклікаючы шматразовае павышэнне коштаў на тавары і паслугі. Узнікла праблема збыту айчыннай прадукцыі прадпрыемствамі, падаражэння матэрыяльных рэсурсаў.

У цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка. Скарачалася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, пагаршалася матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў і саўгасаў. Галоўнай прычынай такога становішча ў аграрным сектары быў недахоп уласных крыніц фінансавання. У той жа час закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю кантраляваліся дзяржавай, заставаліся вельмі нізкімі і не пакрывалі выдаткаў на яе вытворчасць.

Падзенне вытворчасці ў Рэспубліцы Беларусь у першай палове 1990-х гг. было абумоўлена і пераходам да новай сістэмы гаспадарання, перабудовай эканомікі, усталяваннем новых гаспадарчых сувязяў. Да таго ж урад рэспублікі не меў прадуманай праграмы мер па рэфармаванні нацыянальнай эканомікі, марудзіў з вырашэннем многіх пытанняў рэарганізацыі гаспадарчага жыцця.