Печатать книгуПечатать книгу

§ 11–4. Сацыяльна-эканамічнае становішча ў 1990-я гг.

1. Чым характарызавалася эканамічнае развіццё БССР у канцы 1980-х гг.?

2. Які спосаб пераходу да рынкавай эканомікі называюць «шокавай тэрапіяй»? У якіх краінах ён выкарыстоўваўся?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 11–4. Сацыяльна-эканамічнае становішча ў 1990-я гг.
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 14 Март 2025, 20:43

1. Эканамічнае становішча Рэспублікі Беларусь у першай палове 1990-х гг.

З распадам СССР у снежні 1991 г. Беларусь сутыкнулася з мноствам цяжкасцей, абумоўленых разрывам ранейшых эканамічных сувязяў паміж саюзнымі рэспублікамі. Беларусь з агульнасаюзнага "зборачнага цэха" ператварылася ў суверэнную дзяржаву, і шматлікія гаспадарчыя пытанні цяпер трэба было вырашаць самастойна. Працэс станаўлення дзяржаўнасці супаў з магутным эканамічным крызісам.

Разрыў эканамічных сувязяў прывёў гаспадарку Рэспублікі Беларусь да глыбокага эканамічнага крызісу 1991—1995 гг.

З 1992 г. пачалося абвальнае падзенне вытворчасці. Найбольш значнае скарачэнне аб'ёмаў выпуску прамысловай прадукцыі — вядучай галіны народнай гаспадаркі рэспублікі мела агульны характар. Гэта тычылася ўсіх галін прамысловасці рэспублікі, якія мелі першачарговае значэнне для нацыянальнай эканомікі.

Адбылося абвальнае падзенне жыццёвага ўзроўню насельніцтва краіны. Намінальная заработная плата за гэты перыяд павялічылася ў 2807 разоў, а рэальная ўпала на 44 %. За рысай мінімальнага спажывецкага бюджэту апынулася больш за 60 % насельніцтва Беларусі.

Інфляцыйныя працэсы, якія набіралі сілу ў апошні перыяд існавання СССР, працягвалі развівацца і ўзмацняцца ў незалежнай Беларусі. Толькі да лета 1995 г. пазначылася некаторае зніжэнне інфляцыі.

Інфляцыйныя працэсы, якія суправаджаюцца значным падзеннем рэальных даходаў насельніцтва, вялі да ператварэння асноўнай часткі грамадзян Беларусі ў маламаёмных і бедных. Пры гэтым ішло ўзбагачэнне тых, хто займаўся гандлёва-пасрэдніцкай і спекулятыўнай дзейнасцю.

Эканамічнае становішча Беларусі ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння ўскладніла праблема паставак паліўна-энергетычных рэсурсаў, металу, сыравіны з Расіі, Украіны, рэспублік Сярэдняй Азіі, кошт якіх бесперапынна рос, выклікаючы шматразовае павышэнне коштаў на тавары і паслугі. Узнікла праблема збыту айчыннай прадукцыі прадпрыемствамі, падаражэння матэрыяльных рэсурсаў.

У цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка. Скарачалася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, пагаршалася матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў і саўгасаў. Галоўнай прычынай такога становішча ў аграрным сектары быў недахоп уласных крыніц фінансавання. У той жа час закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю кантраляваліся дзяржавай, заставаліся вельмі нізкімі і не пакрывалі выдаткаў на яе вытворчасць.

Падзенне вытворчасці ў Рэспубліцы Беларусь у першай палове 1990-х гг. было абумоўлена і пераходам да новай сістэмы гаспадарання, перабудовай эканомікі, усталяваннем новых гаспадарчых сувязяў. Да таго ж урад рэспублікі не меў прадуманай праграмы мер па рэфармаванні нацыянальнай эканомікі, марудзіў з вырашэннем многіх пытанняў рэарганізацыі гаспадарчага жыцця.

2. Пошук шляхоў выхаду з крызісу

Яшчэ да распаду СССР кіраўніцтвам рэспублікі рабіліся спробы пераходу да рынкавых адносін. У кастрычніку 1990 г. Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў «Праграму пераходу БССР да рынкавай эканомікі». Планавалася, што ажыццяўленне гэтай праграмы дазволіць Беларусі спыніць спад вытворчасці і дамагчыся яго росту. Аднак мадэль рыначных рэформ метадам «шокавай тэрапіі» рэальных вынікаў не дала. Сацыяльна-эканамічнае становішча пагаршалася — працягваўся рост інфляцыі і схаванага беспрацоўя.

Па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ў 1994 г. быў распрацаваны новы варыянт рэформ. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў «Праграму неадкладных мер па выхаду эканомікі Рэспублікі Беларусь з крызісу». Праграма прадугледжвала комплекс радыкальных мер, накіраваных на стабілізацыю эканомікі краіны.

Мерапрыемствы Праграмы неадкладных мер
па выхаду эканомікі Рэспублікі Беларусь з крызісу

Праграма ажыццяўлялася не зусім паслядоўна — ад адміністрацыйных механізмаў рэгулявання гаспадарчага жыцця да нярэдка дэкларатыўных рынкавых, але пры гэтым павялічыліся капіталаўкладанні ў народную гаспадарку, вырас рознічны тавараабарот, пашырыліся знешнеэканамічныя сувязі. У выніку атрымалася запаволіць эканамічны спад і забяспечыць паступовы прырост асноўных вытворчых паказчыкаў.

З сярэдзіны 1990-х гг. стала рэалізоўвацца беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця, якая ўлічвала, з аднаго боку, умовы развіцця Беларусі, з другога — вопыт эканамічнай трансфармацыі ў шэрагу замежных краін. Гэтая мадэль была накіравана на фарміраванне сацыяльна арыентаванай рынкавай эканомікі пры актыўнай рэгулюючай ролі дзяржавы.

Адметная асаблівасць беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця — захаванне сістэмы планавання, якая дазваляе вызначыць напрамкі перспектыўнага развіцця і збалансаваць іх рэсурснае забеспячэнне.

Ключавымі элементамі планавання з'яўляюцца Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця і праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.

Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь вызначае на доўгатэрміновую перспектыву мэты, этапы і напрамкі пераходу Рэспублікі Беларусь да постіндустрыяльнага грамадства і інавацыйнага развіцця эканомікі пры павышэнні стандартаў жыцця чалавека і забеспячэнні спрыяльнага навакольнага асяроддзя. Упершыню яна была прынятая ў Рэспубліцы Беларусь у 1997 г. на перыяд да 2010 г. У цяперашні час доўгатэрміновыя перспектывы развіцця нашай краіны вызначае «Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года».

Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь распрацоўваюцца тэрмінам на 5 гадоў. Праграмы шырока абмяркоўваліся беларускім народам і зацвярджаліся на Усебеларускіх народных сходах, якія праходзілі ў 1996, 2001, 2006, 2010, 2016, 2021 гг.

Рэалізацыя праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны забяспечыла захаванне палітычнай стабільнасці, рост нацыянальнай эканомікі, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей. Ужо ў другой палове 1990-х гг. удалося спыніць спад вытворчасці. У 2000 г. быў перавышаны ўзровень дакрызіснага 1990 г. па найважнейшых эканамічных паказчыках. Валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва на аснове парытэту (роўнасці) пакупніцкай здольнасці вырас з 15,4 тыс. даляраў у 2010 г. да 20,2 тыс. даляраў у 2020 г.

Па індэксе чалавечага развіцця Беларусь перамясцілася з 68-га месца ў 2000 г. на 50-е месца ў 2019 г. (са 189 краін сусветнай супольнасці) і ўвайшла ў групу краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў для краін СНД.

3. Увядзенне грашовай сістэмы Рэспублікі Беларусь

Распад СССР на шэраг суверэнных дзяржаў не адразу прывёў да падзелу агульнасаюзнай грашовай сістэмы. Да сярэдзіны 1992 г. рубель працягваў заставацца агульнай грашовай адзінкай для былых савецкіх рэспублік. У Рэспубліцы Беларусь у гэты час працягваюць абарачацца грашовыя знакі Дзяржбанка СССР, а затым і Цэнтральнага банка Расіі. У канцы 1991—1992 гг. ад імя ўжо не існуючага Савецкага Саюза былі ажыццёўлены эмісіі грошай (выпуск грошай у абарачэнне) годнасцю 50, 200, 500 і 1000 руб. узору 1992 г.

Не вызначыўшы ўласнай грашова-крэдытнай палітыкі, беларускае кіраўніцтва працягвала выкарыстоўваць рубель у якасці адзінага плацежнага сродку. Такі курс прывёў да поўнай залежнасці маладой дзяржавы ад эканамічнай сітуацыі ў Расіі.

У той жа час у Беларусі доля свабодных цэн на асноўныя тавары апынулася значна ніжэй, чым у Расіі і краінах Балтыі. Тут значная колькасць коштаў аказалася фіксаванай і датаванай дзяржавай. Ва ўмовах адкрытасці міждзяржаўных межаў і бескантрольнага абарачэння савецкага рубля ішло масавае вымыванне спажывецкіх тавараў з краіны, іх вываз у суседнія Рэспублікі.

У сувязі з гэтым для абароны ўнутранага спажывецкага рынку 14 лістапада 1991 г. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь увёў аднаразовыя адразныя купоны — своеасаблівы аналаг папяровых грошай. Яны былі выпушчаныя ў выглядзе карткі спажыўца для сумеснага абыходжання з савецкім рублём з мэтай абароны ўнутранага спажывецкага рынку.

З чэрвеня 1992 г. былі ўведзеныя ў абарачэнне разліковыя білеты Нацыянальнага банка Беларусі як заменнікі савецкіх рублёў. Адзін такі білет быў роўны 10 рублям. На банкнотах наміналам да 100 рублёў былі намаляваныя прадстаўнікі беларускай фаўны. Таму новая беларуская грашовая адзінка ў цэлым атрымала ў народзе назву «зайчык». Завяршальным этапам існавання рублёвай зоны стала рашэнне Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі аб канфіскацыі з абарачэння ў канцы ліпеня 1993 г. грашовых знакаў узору 1961, 1991, 1992 гг. і замене іх грашовымі знакамі ўзору 1993 г. Рэспубліка Беларусь апынуліся перад неабходнасцю самой вызначаць грашова-крэдытную палітыку дзяржавы.

Такім чынам, з другой паловы 1993 г. у наяўна-грашовым абарачэнн краіны сталі выкарыстоўвацца толькі разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі. З аднаго боку, гэта спрасціла працу з наяўнымі грашыма, а з іншага – яшчэ больш абвастрыла праблему стварэння грашовай сістэмы, якая адпавядала сацыяльна-эканамічным адносінам у Беларусі.

19 кастрычніка 1994 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне, згодна з якім адзіным законным плацежным сродкам на тэрыторыі краіны з'яўляецца беларускі рубель. Так, толькі больш чым праз тры гады пасля абвяшчэння палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларусі Рэспубліка здабыла сваю нацыянальную валюту. Пачаўся складаны і супярэчлівы перыяд барацьбы за ўмацаванне пазіцый беларускага рубля, утаймавання інфляцыі. 

4. Станаўленне прадпрымальніцкіх структур

У перыяд 1990—1995 гг. у Рэспубліцы Беларусь адбылося пашырэнне недзяржаўнага сектара эканомікі ў гандлі і вытворчасці спажывецкіх тавараў у форме прыватных, арэндных, кааператыўных, акцыянерных прадпрыемстваў.

Закон «Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь», прыняты 28 мая ў 1991 г., вызначыў, што прадпрымальніцтва ўяўляе сабой самастойную ініцыятыўную дзейнасць грамадзян, накіраваную на атрыманне прыбытку або асабістага даходу і якая ажыццяўляецца ад свайго імя, на сваю рызыку і пад сваю маёмасную адказнасць або ад імя і пад маёмасную адказнасць юрыдычнай асобы. «Кожны ініцыятыўны чалавек, — абвяшчаў Закон, — мае неабмежаваныя магчымасці для самасцвярджэння асобы, раскрыцця сваіх здольнасцяў і патэнцыялу».

Найважнейшымі функцыямі прадпрымальніцтва ва ўмовах глыбокага эканамічнага спаду было забеспячэнне выжывання значных слаёў насельніцтва праз самазанятасць, прадастаўленне магчымасці атрымання дадатковых (акрамя даходаў па асноўным месцы працы) сродкаў да існавання.

У другой палове 1990-х гг. пачаўся працэс фарміравання заканадаўчай базы, арыентаванай на спецыфіку суб'ектаў малога прадпрымальніцтва. У дадзены перыяд адзначаецца тэндэнцыя да ўзмацнення цэнтралізаванага рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама яе стымулявання.

Пытанні і заданні

1. З якімі эканамічнымі праблемамі сутыкнулася наша краіна ў 1991—1995 гг.? 2. Існуе такое меркаванне: пагаршэнне эканамічнага становішча Рэспублікі Беларусь у першай палове 1990-х гг. было звязана з тым, што БССР з'яўлялася «зборачным цэхам» Савецкага Саюза. Як вы разумееце гэтае сцверджанне? Ці згодныя з ім? Сваё меркаванне абгрунтуйце.

3. Якія спробы выйсці з крызісу прадпрымаліся ў пачатку 1990-х гг.? Наколькі яны былі эфектыўнымі? З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца ў працэсе іх рэалізацыі?

4. Які пераход да рынкавай эканомікі называюць «шокавай тэрапіяй» , і ў якіх краінах ён выкарыстоўваўся? Чаму ў Рэспубліцы Беларусь было вырашана адмовіцца ад яго рэалізацыі?

5. У чым выяўляецца сацыяльная арыентацыя беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця?

6. Падрыхтуйце паведамленне (або прэзентацыю) пра развіццё грашовай сістэмы Рэспублікі Беларусь.