§ 11–3. Змены ў сацыяльна-эканамічным развіцці ў другой палове 1980-х гг.

1. Курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця

Да сярэдзіны 1980-х гг. застойныя з'явы ў эканоміцы сталі перарастаць у перадкрызісныя. Хоць рост нацыянальнага даходу меў станоўчае сальда, аднак тэмпы яго прыросту падышлі да ўзроўню прыросту насельніцтва СССР, што азначала перадпачатак крызісу.

Нарастанне крызісных з'яў патрабавала карэнных змен у сацыяльна-эканамічнай сферы. У сярэдзіне 1980-х гг. у СССР і БССР пачаўся перыяд радыкальных пераўтварэнняў. Генеральным сакратаром ЦК КПСС у сакавіку 1985 г. быў абраны М. С. Гарбачоў, з імем якога звязаны новы этап у жыцці Савецкай дзяржавы, які атрымаў назву «перабудовы», што паклала пачатак карэнным зменам усяго стану савецкага грамадства.

У 1985 г. М. С. Гарбачовым была прапанавана праграма паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны — стратэгічны курс партыі, нацэлены на якаснае пераўтварэнне ўсіх бакоў жыцця савецкага грамадства.

Асноўныя напрамкі курса на паскарэнне
сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны

Курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны падразумяваў глыбокія пераўтварэнні ў эканоміцы, правядзенне актыўнай сацыяльнай палітыкі, паслядоўнае зацвярджэнне прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, удасканаленне грамадскіх адносін, абнаўленне форм і метадаў працы палітычных і ідэалагічных інстытутаў, паглыбленне сацыялістычнай дэмакратыі, рашучае пераадоленне інерцыі, застойнасці і кансерватызму.

У эканамічнай галіне паскарэнне азначала перш за ўсё рашучае пераадоленне негатыўных тэндэнцый, якія выявіліся ў 70—80-я гг. ХХ ст., і павышэнне тэмпаў росту. Гэты курс прадугледжваў пераход на інтэнсіўны шлях развіцця вытворчасці на аснове павелічэння якасных паказчыкаў за кошт выкарыстання найноўшых дасягненняў навукі і тэхнікі, росту прадукцыйнасці працы. Першачарговай задачай было прызнана фарсіраванае развіццё машынабудавання, у якім была заўважная аснова хуткага пераўзбраення ўсёй народнай гаспадаркі.

Аднак капіталаўкладанні ў цяжкую прамысловасць, імпартныя закупкі для яе не далі пазітыўнага эфекту. Рынак стаў ахвярай фарсіраванага рыўка па рэканструкцыі машынабудаўнічага комплексу, так як імпарт замежных машын і абсталявання прывялі да скарачэння паставак харчавання і спажывецкіх тавараў, што абвастрыла іх дэфіцыт і скрытую інфляцыю. Прынятыя грашовыя ўліванні ў машынабудаванне не далі чаканага эфекту, але пры гэтым істотна падарвалі бюджэт.

Да восені 1986 г. стала відавочна, што курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны не даў чаканых вынікаў. Адбіліся як суб'ектыўныя, так і аб'ектыўныя фактары: непрадуманасць канцэпцыі паскарэння, аварыя на ЧАЭС, землятрус у Арменіі і Таджыкістане, падзенне сусветных коштаў на нафту і газ, антыалкагольная кампанія, з-за якой бюджэт СССР у 1986—1988 гг. страціў каля 30 млрд даляраў.