§ 11–2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё ва ўмовах навукова-тэхнічнай рэвалюцыі

1. НТР у Беларусі. Развіццё радыётэхнічнай, радыёэлектроннай, хімічнай і нафтаперапрацоўчай прамысловасці, машынабудавання і металаапрацоўкі

Поспехі ў сацыяльна-эканамічнай сферы СССР першага пасляваеннага дзесяцігоддзя шмат у чым забяспечыла разгортванне з другой паловы 1950-х гг. навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Сутнасць НТР заключаецца ў якасным змяненні вытворчых сіл на аснове пераўтварэння навукі ў вядучы фактар вытворчасці, непасрэдную вытворчую сілу, паступовым пераходзе ад машыннай да аўтаматызаваным вытворчасці. Базай навукова-тэхнічнага прагрэсу ў СССР стаў высокі ўзровень навукі. У канцы 1950-х гг. савецкая навука дасягнула значных вынікаў у шэрагу фундаментальных і прыкладных даследаванняў, у тым ліку ў галіне паўправаднікоў, электронна-вылічальных машын.

Асаблівасцю навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў БССР з'яўлялася хуткае павелічэнне колькасці навукова-даследчых устаноў і агульнай колькасці занятых у сферы навукі. Высокія тэмпы развіцця машынабудаўнічай, металаапрацоўчай і радыётэхнічнай галін прамысловасці Беларусі актывізавалі даследаванні ў галіне фізіка-матэматычных і тэхнічных навук. Прадугледжвалася развіццё апераджальнымі тэмпамі гэтых галін прамысловасці, так як яны забяспечвалі тэхнічны прагрэс усёй народнай гаспадаркі.

Вялікую ўвагу ў рэспубліцы надавалі радыётэхнічнай, радыёэлектроннай галіне. Так, ужо ў 1954 г. з'явіўся першы беларускі тэлевізар – «Беларусь», які выпускалі на Мінскім прыборабудаўнічым заводзе імя Леніна. У другой палове 50-х гг. пабудаваны завод аўтаматычных ліній і – упершыню ў СССР — завод электронных вылічальных машын (ЭВМ) у Мінску. У гады восьмай пяцігодкі (1966—1970 гг.) пачалі працаваць вытворча-тэхнічнае прадпрыемства «гарызонт», на базе Мінскага механічнага завода — Беларускае оптыка-механічнае аб'яднанне, а таксама найбуйнейшае прадпрыемства Усходняй Еўропы — Навукова-вытворчае аб'яднанне «Інтэграл» (Мінскае вытворчае аб'яднанне вылічальнай тэхнікі) і інш.

Адным з найважнейшых напрамкаў развіцця эканомікі становіцца хімічная і нафтахімічная прамысловасць. Асабліва хутка ішла вытворчасць мінеральных угнаенняў. Адкрыццё вялікіх запасаў калійных солей у Салігорскім раёне дазволіла разгарнуць у рэспубліцы шырокамаштабную вытворчасць мінеральных угнаенняў. У 1963 г. быў уведзены ў строй Салігорскі калійны камбінат, а пазней і наступныя яго чэргі. У Гродне запрацаваў азотна-тукавы завод, у Гомелі — суперфасфатны.

Вялікае значэнне для эканамічнага развіцця рэспублікі мелі ўвод у 1963 г. у дзеянне першай чаргі Полацкага нафтаперапрацоўчага завода і будаўніцтва аналагічнага завода ў Мазыры. Нафтахімічная прамысловасць спецыялізавалася на вытворчасці шын, пластычных мас і сінтэтычных матэрыялаў, галоўным чынам хімічных валокнаў. Прадпрыемствы нафтахіміі ўзводзіліся таксама ў Светлагорску, Магілёве, Наваполацку, Лідзе, Брэсце і іншых гарадах Беларусі. Нафта, а таксама прыродны газ пастаўляліся па трубаправодах з Расіі, якія праз Беларусь ішлі ў краіны Еўропы. Уласная здабычы нафты забяспечвала тады патрэбы рэспублікі прыкладна на 10 %. У 1965 г. выпуск прадукцыі хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці ў рэспубліцы павялічыўся ў параўнанні з 1950 г. у 27 разоў. Удзельная вага хімічнай прамысловасці ў вытворчых фондах усёй прамысловасці Беларусі толькі за 1959—1965 гг. падвоілася.

Следуючы ўстаноўкам вышэйшых партыйных органаў СССР, першачарговая ўвага па-ранейшаму надавалася развіццю цяжкай прамысловасці — машынабудавання і металаапрацоўкі. Удзел БССР у вырашэнні пастаўленай задачы было звязана з апераджальным развіццём машынабудавання. Выйшлі на поўную магутнасць трактарны, аўтамабільны, матацыклетны і веласіпедны заводы ў Мінску. Асвойваліся новыя віды прадукцыі: на МАЗе — 6-7-тонныя бартавыя машыны, самазвалы і цягачы, на МТЗ – у 1963 г. быў запушчаны ў вытворчасць новы трактар — МТЗ-50, які не саступаў лепшым замежным узорам. У 1962 г. пачаў выпускаць прадукцыю Мінскі завод халадзільнікаў. Наяўнасць кваліфікаванай рабочай сілы і геаграфічнае становішча Беларусі стваралі выгадныя ўмовы для развіцця вытворчасці.

У 1956—1965 гг. былі ўведзены ў эксплуатацыю Беларускі аўтазавод у Жодзіне, Мінскі маторны завод. Увайшлі ў строй новыя прамысловыя прадпрыемствы: Бабруйскі завод аўтатрактарных дэталей, мінскія маторны, электратэхнічны і гадзіннікавы заводы, Магілёўскі металургічны завод. У 1970-я — 1980-я гг. былі пабудаваныя Беларускі шынны камбінат у Бабруйску, Беларускі металургічны завод у Жлобіне і іншыя прадпрыемствы.

Аднак у 1970-я гг. экстэнсіўныя фактары развіцця гаспадаркі былі практычна вычарпаныя. Спробы рэфармавання савецкай эканомікі ў 1957 і 1965 гг. не прынеслі чаканых вынікаў, існуючы гаспадарчы механізм і вытворчыя адносіны адсталі ад развіцця прадукцыйных сіл. Камандна-адміністрацыйныя метады кіравання цалкам захоўваліся. У 1982 г. сярэднегадавы прырост нацыянальнага даходу Беларусі паменшыўся да рэкордна нізкага ўзроўню — 3,4 %, хоць гэта і было вышэй агульнасаюзнага паказчыка.