§ 10–4. Сацыяльна-эканамічнае становішча ў Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг.

1. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага становішча Заходняй Беларусі

Асаблівасці эканамічнага развіцця Заходняй Беларусі пасля акупацыі Польшчай вызначаліся мэтамі польскіх улад — ператварыць гэтыя землі ў крыніцу сыравіны і таннай працоўнай сілы, у рынак збыту для польскіх прамысловых тавараў.

Цяжкай прамысловасці ў краі не было. Існавалі дробныя прадпрыемствы, на якіх працавала ад 2 да 20 чалавек. У большасці сваім яны займаліся перапрацоўкай прадуктаў сельскай гаспадаркі і мясцовай сыравіны. Прамысловых прадпрыемстваў з колькасцю рабочых больш за 100 чалавек было ўсяго каля 20. Адзінай галіной прамысловасці, якая набыла значнае развіццё, была дрэваапрацоўчая (пераважна вытворчасць фанеры, паперы, запалак).

Асновай эканомікі Заходняй Беларусі была сельская гаспадарка. Больш за 85 % ад агульнай колькасці насельніцтва пражывала на вёсцы. Больш паловы зямельнага фонду належала памешчыкам ці буйным уладальнікам, якія мелі ў сярэднім па 500 га. Такіх землеўладальнікаў было каля 1 % ад усіх жыхароў сельскай мясцовасці. На сялянскі двор прыходзілася каля 7 га зямлі. Многія сяляне наогул не мелі зямлі. Захоўваліся адпрацоўкі, сервітуты і цераспалосіца.

Значнае месца ў аграрнай структуры заходнебеларускіх ваяводстваў займала памешчыцкае землеўладанне. Такой канцэнтрацыі зямельнай уласнасці ў руках буйных землеўладальнікаў, як у Заходняй Беларусі, не было ні ў адной з краін Еўропы. Самыя буйныя гаспадаркі налічвалі па некалькі дзясяткаў тысяч гектараў, у той час як 67 % сялянскіх гаспадарак мелі толькі ад 2 да 10 гектараў. пры гэтым 84,4 % маёнткаў належалі памешчыкам-палякам. Такое становішча вяло да малазямелля і перанаселенасці вёскі.

Сітуацыю ў вёсцы абвастрала і ўрадавая палітыка па насаджэнні асадніцтва. У адпаведнасці з законам ад 20 снежня 1920 г. каля 10 тыс. асаднікаў, былых салдат і афіцэраў польскага войска, атрымалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі на льготных умовах зямельныя надзелы плошчай 15—45 гектараў. Пры дапамозе асаднікаў улады планавалі не толькі вырашыць аграрнае пытанне ў цэнтральных раёнах Польшчы. Асадніцтва павінна было дапамагаць уладам праводзіць паланізацыю мясцовага беларускага насельніцтва, супрацьстаяць антыдзяржаўным выступленням, пры неабходнасці аказваць дапамогу паліцыі і арміі. Аднак яно не было ў стане змяніць этнічную сітуацыю ў рэгіёне і яго існаванне толькі прыводзіла да павелічэння напружанасці ў адносінах з беларускімі сялянамі.

Становішча заходнебеларускага сялянства ўскладнялася жорсткай падаткавай палітыкай польскіх улад. Высокія і шматлікія падаткі і зборы паглыналі значную частку заробку. Да гэтага прыбаўлялася выкананне шарваркаў – работ па будаўніцтве і рамонту дарог і мастоў. У выпадку нявыплаты падаткаў і невыканання павіннасцей сялянам пагражала канфіскацыя маёмасці. Так, напрыклад, у 1929 г. у Наваградскім і Палескім ваяводствах было праведзена 12 тыс. канфіскацый.

Дадатковым фактарам, які адмоўна адбіўся на сацыяльна-эканамічным становішчы Заходняй Беларусі, з'яўляліся наступствы Першай сусветнай вайны, падчас якой рэгіён панёс значныя людскія і матэрыяльныя страты.