§ 10–3. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі

1. Прычыны правядзення калектывізацыі. Калгас як форма арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці

Паралельна з індустрыялізацыяй у СССР і БССР ажыццяўлялася калектывізацыя сельскай гаспадаркі — аб'яднанне дробных сялянскіх гаспадарак у буйныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — калгасы. Асновай эканомікі ў дадзены час з'яўлялася сельская гаспадарка, якая і стала адной з асноўных крыніц грашовых сродкаў для ажыццяўлення індустрыялізацыі.

Асноўнай прычынай калектывізацыі стала патрэба ў велізарных сродках для хуткага развіцця прамысловасці і ваеннага сектара. Таксама неабходна было ліквідаваць наступствы рэкордна нізкага ўраджаю 1927 г., які прывёў да зніжэння паставак харчавання ў гарады. Таксама з’явілася неабходнасць у стварэнні буйных гаспадарак, якія было значна прасцей кантраляваць.

Такім чынам меркавалася выкарыстоўваць у аграрным сектары дасягненні навукі і тэхнікі для павышэння прадукцыйнасці працы і яго эфектыўнасці, забяспечыць насельніцтва прадуктамі харчавання, а прамысловасці – сыравінай.

Першапачаткова слова «калгас» было агульнай назвай для трох тыпаў гаспадарак: сельскагаспадарчых камун, таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі, сельскагаспадарчых арцелей. Да канца 1930-х гг. у СССР засталася адна форма калектыўнай вытворчасці на вёсцы — сельскагаспадарчыя арцелі, якія сталі называць калгасамі (калектыўныя гаспадаркі).

Членамі калгасаў былі галоўным чынам беднякі. У мэтах далучэння калгасаў да сацыялізму дзяржава аказвала ім значную дапамогу, даючы розныя льготы і крэдыты.

Сялянская палітыка ў рэспубліцы характарызавалася адноснай свабодай пры выбары форм карыстання зямлёй. У зямельным кодэксе БССР права карыстання зямлёй давалася ўсім грамадзянам, якія яе апрацоўвалі, не выкарыстоўваючы наёмную працу. Права карыстання зямлёй давалася як калектыўным, так і аднаасобным гаспадаркам.

Асноўным жа вытворцам сельгаспрадукцыі з'яўляліся індывідуальныя сялянскія гаспадаркі. Калектыўныя гаспадаркі ў асноўным выконвалі прапагандысцкія функцыі як прыклады сацыялістычных форм вядзення гаспадаркі.

Асноўная маса сялян не гатовая была пераходзіць на калектыўныя метады гаспадарання, аддаваць сваю маёмасць. А таму калгасы, як і саўгасы, ствараліся галоўным чынам на землях дзяржаўнага зямельнага фонду і толькі рэдка на надзельных сялянскіх землях.