§ 10–3. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі
Якія былі асноўныя тэндэнцыі ў развіцці сельскай гаспадаркі ў БССР у гады НЭПа? Што такое кааперацыя?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 10–3. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Понедельник, 19 Май 2025, 05:40 |
1. Прычыны правядзення калектывізацыі. Калгас як форма арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці
Паралельна з індустрыялізацыяй у СССР і БССР ажыццяўлялася калектывізацыя сельскай гаспадаркі — аб'яднанне дробных сялянскіх гаспадарак у буйныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — калгасы. Асновай эканомікі ў дадзены час з'яўлялася сельская гаспадарка, якая і стала адной з асноўных крыніц грашовых сродкаў для ажыццяўлення індустрыялізацыі.
Асноўнай прычынай калектывізацыі стала патрэба ў велізарных сродках для хуткага развіцця прамысловасці і ваеннага сектара. Таксама неабходна было ліквідаваць наступствы рэкордна нізкага ўраджаю 1927 г., які прывёў да зніжэння паставак харчавання ў гарады. Таксама з’явілася неабходнасць у стварэнні буйных гаспадарак, якія было значна прасцей кантраляваць.
Такім чынам меркавалася выкарыстоўваць у аграрным сектары дасягненні навукі і тэхнікі для павышэння прадукцыйнасці працы і яго эфектыўнасці, забяспечыць насельніцтва прадуктамі харчавання, а прамысловасці – сыравінай.
Першапачаткова слова «калгас» было агульнай назвай для трох тыпаў гаспадарак: сельскагаспадарчых камун, таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі, сельскагаспадарчых арцелей. Да канца 1930-х гг. у СССР засталася адна форма калектыўнай вытворчасці на вёсцы — сельскагаспадарчыя арцелі, якія сталі называць калгасамі (калектыўныя гаспадаркі).
Членамі калгасаў былі галоўным чынам беднякі. У мэтах далучэння калгасаў да сацыялізму дзяржава аказвала ім значную дапамогу, даючы розныя льготы і крэдыты.
Сялянская палітыка ў рэспубліцы характарызавалася адноснай свабодай пры выбары форм карыстання зямлёй. У зямельным кодэксе БССР права карыстання зямлёй давалася ўсім грамадзянам, якія яе апрацоўвалі, не выкарыстоўваючы наёмную працу. Права карыстання зямлёй давалася як калектыўным, так і аднаасобным гаспадаркам.
Асноўным жа вытворцам сельгаспрадукцыі з'яўляліся індывідуальныя сялянскія гаспадаркі. Калектыўныя гаспадаркі ў асноўным выконвалі прапагандысцкія функцыі як прыклады сацыялістычных форм вядзення гаспадаркі.
Асноўная маса сялян не гатовая была пераходзіць на калектыўныя метады гаспадарання, аддаваць сваю маёмасць. А таму калгасы, як і саўгасы, ствараліся галоўным чынам на землях дзяржаўнага зямельнага фонду і толькі рэдка на надзельных сялянскіх землях.
2. Пераход да суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі
У другой палове 1920-х гг. тэмпы развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці сталі запавольвацца. У 1927—1928 гг. пачаўся крызіс хлебазагатовак, звязаны з тым, што сяляне адмаўляліся прадаваць хлеб па нізкіх дзяржаўных цэнах. Гэта абвастрыла сітуацыю на спажывецкім рынку (была ўведзена картачная сістэма размеркавання харчавання), спарадзіла сацыяльную напружанасць у горадзе і вёсцы, магло сарваць планы індустрыялізацыі.
Выхад з гэтай крызіснай сітуацыі савецкае кіраўніцтва бачыла ў рэарганізацыі сельскай гаспадаркі, якая прадугледжвае стварэнне саўгасаў, калектывізацыю сялянскіх гаспадарак пры адначасовай барацьбе з кулацтвам, што прадстаўляла на вёсцы мелкабуржуазны спосаб вытворчасці.
Тэарэтычным абгрунтаваннем калектывізацыі стаў артыкул І. В. Сталіна «Год вялікага пералому», апублікаваны 7 лістапада 1929 г. ужо ў другой палове 1929 г. Калгаснае будаўніцтва было рэзка паскорана на тэрыторыі Беларусі. Да лістапада 1929 г. 77,7 тыс. сялянскіх гаспадарак (9,8 %) былі аб'яднаны ў калектыўныя гаспадаркі. Аднак са студзеня 1930 г. кіраўніцтва СССР узяло курс на фарсіраваную (паскораную) калектывізацыю. Беларусь па тэмпах калектывізацыі перагнала ўсе рэгіёны Савецкага Саюза. У пачатку 1930 г. было прынята рашэнне да сакавіка гэтага ж года калектывізаваць 75—80 % сялянскіх гаспадарак і аб'явіць Беларусь першай у СССР рэспублікай суцэльнай калектывізацыі.
Прынцып добраахвотнасці ўступлення ў калгасы стаў парушацца. Калі ў лістападзе 1929 г. працэнт калектывізацыі ў БССР складаў 9,8, то да 1 сакавіка 1930 г. у калгасах налічвалася 457,7 тыс. гаспадарак (або 58 % ад іх агульнай колькасці). На месцах партыйныя пастановы цэнтра пачалі ажыццяўляць так, як разумелі: сілком, пад рознымі пагрозамі заганяць сялян у калгасы.
Шырокае прымяненне прымусовых метадаў арганізацыі калектыўных гаспадарак прывяло да сялянскіх хваляванняў і антысавецкіх узброеных выступленняў. Са студзеня да сярэдзіны красавіка 1930 г. у БССР было зарэгістравана 520 сялянскіх выступленняў.
Актыўную ролю ў правядзенні калектывізацыі адыгрывалі машынна-трактарныя станцыі (МТС). Перабудова сельскай гаспадаркі патрабавала адпаведнага тэхнічнага забеспячэння. МТС дапамагалі калгасам у арганізацыі працы, рамонце і выкарыстанні тэхнікі, падрыхтоўцы кадраў, павышэнні агратэхнічнай культуры сельскагаспадарчай вытворчасці. Першая машынна-трактарная станцыя была арганізавана ў прыгранічным Койданаўскім раёне (сучасны Дзяржынск). Да канца 1930 г. у рэспубліцы налічвалася 6 МТС.
Для дапамогі ў арганізацыі калгасаў у вёску былі накіраваныя рабочыя-дваццаціпяцітысячнікі. У Беларусі іх было больш за 600 чалавек.
У 1935 г. у калгасах Беларусі ўжо налічвалася 85,6 % сялянскіх гаспадарак, у 1939 г. – больш за 90 %. На калгасных палях працавала больш за 9 тыс. трактароў, сотні камбайнаў і шмат іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Ішоў працэс арганізацыйна-гаспадарчага ўмацавання калгасаў, стварэння вытворчых брыгад і звёнаў, ссялення хутарскіх гаспадарак у калгасныя цэнтры.
3. Палітыка ліквідацыі кулацтва як класа
Да пачатку суцэльнай калектывізацыі ў партыйным кіраўніцтве зацвердзілася меркаванне, што перашкодай калгаснаму руху будзе заможная праслойка вёскі – кулакі, а таксама «падкулачнікі», якія падтрымліваюць іх. Да кулацкіх гаспадарак былі аднесены тыя, што мелі ў сваім карыстанні зямельны надзел, памер якога перавышаў сярэднія нормы ў дадзенай мясцовасці, больш за трох коней, сістэматычна выкарыстоўвалі наёмную працу ў сельскай гаспадарцы, на прыватных промыслах і прадпрыемствах. Таксама мелі млыны, алейні, сыраварні, сушылкі для садавіны і агародніны або іншыя прамысловыя прадпрыемствы з механічным рухавіком, здавалі ў наём сельскагаспадарчыя машыны, асобныя памяшканні пад жыллё або прадпрыемства, мелі даходы з гандлю.
Гэтая сацыяльная група ўспрымалася партыйнай ідэалогіяй як класавыя ворагі і праціўнікі савецкай улады. Да таго ж існаванне кулакоў супярэчыла афіцыйнай ідэалогіі. Пабудова сацыялізму не дапускала існавання буржуазіі ні ў якім выглядзе.
У снежні 1929 г. І. В. Сталін заклікаў ліквідаваць кулацтва як клас. Пачалася паўсюдная ліквідацыя індывідуальных сялянскіх гаспадарак і перадача іх уласнасці — зямлі, тэхнікі і жывёлы — калгасам. Адначасова ўзнік тэрмін «раскулачванне». Сэнс такой палітыкі — пазбавіць кулакоў сродкаў вытворчасці і магчымасці эксплуатаваць сялян, а таксама прыцягнуць іх да прадукцыйнай працы. Кулакі былі падзеленыя на тры катэгорыі: першая — контррэвалюцыйны актыў: кулакі, якія процідзейнічалі калектывізацыі, пакідалі месца жыхарства і пераходзілі на нелегальнае становішча; другая — найбольш багатыя кулакі, якія з'яўляліся апорай антысавецкага актыву; трэцяя — астатнія. На практыцы адзначаліся неаднаразовыя выпадкі, калі ў трэцюю катэгорыю ўключалі і так званых падкулачнікаў, г. зн. сераднякоў, беднякоў і нават парабкаў, абвінавачаных у антыкалгасных дзеяннях.
Раскулачванне меркавала прымусовае перасяленне ў іншыя вобласці і рэспублікі разам з маёмасцю і сям'ёй. Раскулачванне набыло характар прамога рабавання і здзеку над асобай селяніна. Частка маёмасці раскулачаных даставалася бядняцкім слаям вёскі.
На падставе пастановы ЦК ВКП(б) ад 30 студзеня 1930 г. «Аб мерапрыемствах па ліквідацыі кулацкіх гаспадарак у раёнах суцэльнай калектывізацыі» пачалося раскулачванне. Да канца 1930-х гг. у БССР было раскулачана звыш 34 тыс. сялянскіх гаспадарак. За межы рэспублікі былі высланыя 6 тыс. кулакоў. У выніку пачаліся адкрытыя пратэсты сялян. У Беларусі ў 1930 г. было больш за 500 сялянскіх выступленняў.
4. Перагібы і памылкі ў калгасным руху
Непазбежным вынікам паспешнасці, фарсіравання тэмпаў калектывізацыі сталі перагібы і памылкі ў калгасным руху. 14 сакавіка 1930 г. з'явілася пастанова ЦК ВКП(б) «Аб барацьбе са скрыўленнямі партлініі ў калгасным руху». Сярод памылак былі адзначаны парушэнні прынцыпу добраахвотнасці пры ўступленні сялян у калгасы; празмернае падаткаабкладанне індывідуальных сялянскіх гаспадарак, з-за чаго іх вядзенне губляла ўсякі сэнс; забарона самастойнага перасялення ў іншыя месцы і продажу сялянскай маёмасці пад пагрозай яго поўнай канфіскацыі. Пачаўся развал штучна створаных калгасаў. Да жніўня 1930 г.большасць сялянскіх гаспадарак выйшла з іх.
Такія перагібы былі звязаныя, перш за ўсё, з тым, што першы поспех калектывізацыі павёў многія партыйныя арганізацыі на шлях штучнага фарсіравання калгаснага руху. Нягледзячы на тое, што забаранялася абагульваць жылыя пабудовы сялян і прадметы іх хатняга ўжытку, кароў, свіней, авечак, іншых жывёл, а таксама хатнюю птушку (курэй, гусей, качак і інш.), у цэлым шэрагу абласцей мясцовыя партыйныя і савецкія органы рабілі спробы абагуліць індывідуальную сялянскаю маёмасць, што ўяўляла сабой парушэнні прынцыпаў калектывізацыі сельскай гаспадаркі, паколькі абагульненню падлягалі толькі сродкі вытворчасці.
Праграма, калгасны статут пры высокіх тэмпах калектывізацыі, па сутнасці, не былі распрацаваны. Партыйныя органы не падрыхтавалі неабходныя інструкцыі па правядзенні такога буйнамаштабнага мерапрыемства, які мяняў увесь звыклы ўклад сялянскага гаспадарання. Не былі навучаны кадры кіраўнікоў і спецыялістаў для будучых калгасаў, сялянам недастаткова патлумачылі парадак стварэння калгасаў, арганізацыі ўліку і аплаты працы селяніна ў калгасе. Сялянскую працу ў калгасах аплачвалі не грашыма, а прадуктамі па колькасці адпрацаваных працадзён.
5. Вынікі калектывізацыі сялянскіх гаспадарак
Да канца 1930-х гг. калектывізацыя ў Беларусі была завершаная. Вынікам правядзення калектывізацыі было стварэнне калектыўных гаспадарак і змяненне сацыяльнай структуры насельніцтва (быў створаны клас «калгаснае сялянства»). Калектыўныя гаспадаркі забяспечвалі апрацоўчую прамысловасць неабходнай сыравінай.
У выніку правядзення суцэльнай калектывізацыі ў БССР была створана матэрыяльна-тэхнічная база, неабходная для далейшага індустрыяльнага развіцця Рэспублікі. Такім чынам, у гісторыі беларускай вёскі завяршыўся «вялікі пералом», у выніку якога дробнатаварная сялянская вытворчасць была ліквідавана i ператворана ў буйную сацыялістычную. Аднак хутка дасягнуць павелічэння вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі не ўдалося.
Калгаснікі не мелі пашпартоў, што выключала магчымасць свабоднага перамяшчэння, юрыдычна прывязвала да калгасаў, ператварала іх працу ў прымусовую.
Разам з тым калектывізацыя забяспечыла паступленне часткі сродкаў сельскай гаспадаркі ў прамысловасць і высокія тэмпы індустрыялізацыі краіны. Механізацыя сельскагаспадарчых работ вызваліла дзясяткі тысяч працоўных рук, якія выкарыстоўваліся ў працэсе індустрыялізацыі. Яна дазволіла стабілізаваць становішча ў аграрным сектары эканомікі, павысіць прадукцыйнасць працы, павялічыць вытворчасць зерня, ільновалакна, бульбы, малака і іншай прадукцыі.
Пытанні і заданні
1. Назавіце мэты і прычыны калектывізацыі.
2. Растлумачце ўзаемасувязь індустрыялізацыі і калектывізацыі. Якія палітычныя, эканамічныя і тэхнічныя задачы былі вырашаны з іх дапамогай, а якія не былі дасягнуты? Як вы думаеце, чаму?
3. З чым быў звязаны пераход да суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі і фарсіравання яе тэмпаў?
4. Назавіце памылкі, дапушчаныя пры правядзенні калектывізацыі.
5. Ахарактарызуйце вынікі калектывізацыі сельскай гаспадаркі ў БССР.
6. Дайце ўласную абгрунтаваную ацэнку калектывізацыі сельскай гаспадаркі ў БССР.