§ 10–2. Індустрыялізацыя

1. Курс на сацыялістычную індустрыялізацыю

Індустрыялізацыя – гэта працэс паскоранага сацыяльна-эканамічнага пераходу ад традыцыйнага да індустрыяльнага этапу развіцця, з перавагай прамысловай вытворчасці ў гаспадарчым жыцці. Ён звязаны з развіццём новых тэхналогій, асабліва ў такіх галінах, як энергетыка і металургія. Індустрыялізацыя прадугледжвае стварэнне буйной, тэхнічна развітой прамысловасці, значнае павелічэнне долі прамысловасці ў эканоміцы.

У 1925 г. на XIV з'ездзе УКП (б) быў абвешчаны курс на сацыялістычную індустрыялізацыю, пад якой разумеўся працэс стварэння буйной машыннай вытворчасці ва ўсіх галінах гаспадаркі і перш за ўсё ў прамысловасці.

Сацыялістычная індустрыялізацыя ў СССР адрознівалася ад прамысловай рэвалюцыі ў капіталістычных краінах. На Захадзе прамысловая рэвалюцыя доўжылася стагоддзі. Яна пачыналася з развіцця лёгкай прамысловасці, якая патрабавала меншых фінансавых выдаткаў і забяспечвала атрыманне ў кароткі тэрмін высокага прыбытку. Зароблены капітал накіроўвалі потым у цяжкую прамысловасць. У СССР і БССР індустрыялізацыю неабходна было ажыццявіць за 10—15 гадоў, і пачыналася яна з цяжкай прамысловасці, што патрабавала вялікіх капіталаўкладанняў.

Пачатковым этапам сацыялістычнай індустрыялізацыі стала першая пяцігодка. У траўні 1929 г. IX Усебеларускі з'езд саветаў зацвердзіў першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР, які быў распрацаваны на аснове агульнасаюзнага плана на 1928/29 — 1932/33 гг.