Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 10–2. Індустрыялізацыя

1. Калі і з якой мэтай была ўведзена новая эканамічная палітыка? Як яна паўплывала на развіццё прамысловасці?

2. Што такое прамысловая рэвалюцыя? Калі яна праходзіла ў краінах Захаду?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Падручнік: § 10–2. Індустрыялізацыя
Надрукаваны: Гость
Дата: Пятніца 4 Ліпень 2025 1:36

1. Курс на сацыялістычную індустрыялізацыю

Індустрыялізацыя – гэта працэс паскоранага сацыяльна-эканамічнага пераходу ад традыцыйнага да індустрыяльнага этапу развіцця, з перавагай прамысловай вытворчасці ў гаспадарчым жыцці. Ён звязаны з развіццём новых тэхналогій, асабліва ў такіх галінах, як энергетыка і металургія. Індустрыялізацыя прадугледжвае стварэнне буйной, тэхнічна развітой прамысловасці, значнае павелічэнне долі прамысловасці ў эканоміцы.

У 1925 г. на XIV з'ездзе УКП (б) быў абвешчаны курс на сацыялістычную індустрыялізацыю, пад якой разумеўся працэс стварэння буйной машыннай вытворчасці ва ўсіх галінах гаспадаркі і перш за ўсё ў прамысловасці.

Сацыялістычная індустрыялізацыя ў СССР адрознівалася ад прамысловай рэвалюцыі ў капіталістычных краінах. На Захадзе прамысловая рэвалюцыя доўжылася стагоддзі. Яна пачыналася з развіцця лёгкай прамысловасці, якая патрабавала меншых фінансавых выдаткаў і забяспечвала атрыманне ў кароткі тэрмін высокага прыбытку. Зароблены капітал накіроўвалі потым у цяжкую прамысловасць. У СССР і БССР індустрыялізацыю неабходна было ажыццявіць за 10—15 гадоў, і пачыналася яна з цяжкай прамысловасці, што патрабавала вялікіх капіталаўкладанняў.

Пачатковым этапам сацыялістычнай індустрыялізацыі стала першая пяцігодка. У траўні 1929 г. IX Усебеларускі з'езд саветаў зацвердзіў першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР, які быў распрацаваны на аснове агульнасаюзнага плана на 1928/29 — 1932/33 гг.

2. Прычыны і напрамкі правядзення індустрыялізацыі

Да сярэдзіны 1920-х гг. савецкая краіна скончыла аднаўленчы перыяд, дасягнула ўзроўню 1913 г., але заходнія краіны за гэты час пайшлі далёка наперад. З прычыны гэтага намецілася адставанне СССР. Тэхніка-эканамічная адсталасць магла стаць хранічнай і асудзіць краіну да становішча аграрна-сыравіннага прыдатка сусветнай эканомікі.

Для будаўніцтва сацыялізму правядзенне індустрыялізацыі было першараднай задачай. Менавіта развіццё прамысловага сектара народнай гаспадаркі давала неабходную незалежнасць савецкага ладу ад «капіталістычнага свету». Акрамя таго, індустрыялізацыя з'яўлялася важнейшай крыніцай умацавання ваеннага патэнцыялу дзяржавы. Да ўсяго, па перакананні савецкага кіраўніцтва, толькі развітая прамысловасць дасць магчымасць арганізаваць і развіваць земляробства.

Эканамічнай прычынай індустрыялізацыі з'яўлялася тое, што буйная прамысловасць, і ў першую чаргу група «А» (вытворчасць сродкаў вытворчасці), вызначае эканамічнае развіццё краіны ў цэлым і развіццё сельскай гаспадаркі ў прыватнасці.

Сацыяльная прычына пераводу эканомікі на індустрыяльныя рэйкі заключалася ў тым, што без зацвярджэння прамысловай вытворчасці немагчыма развіццё адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння насельніцтва.

3. Будаўніцтва і мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў

З абвяшчэннем курсу на сацыялістычную індустрыялізацыю ў Савецкай Беларусі разгарнулася бурнае будаўніцтва новых прамысловых прадпрыемстваў. Намаганнямі беларускага народа і ўсіх народаў СССР у гады першай пяцігодкі былі ўведзеныя ў строй швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» і панчошна-трыкатажная фабрыка імя «КІМ» (Камуністычны Інтэрнацыянал Моладзі) у Віцебску, Магілёўская фабрыка штучнага валакна, Бабруйскі і Гомельскі дрэваапрацоўчыя камбінаты. У 1930 г. увайшоў у строй флагман беларускай энергетыкі — БелДРЭС. Яго ўзвядзенне праславіў у сваёй паэме «Над ракой Арэсай» Я. Купала.

Адной з самых значных прамысловых новабудоўляў Беларусі ў гады першай пяцігодкі стаў завод сельскагаспадарчага машынабудавання ў Гомелі («Гомсельмаш»). У 1930-я гг. ён вырабляў сіласарэзкі, бульба- і сенасартавальныя машыны, малатарні, сенажаці і іншую сельскагаспадарчую тэхніку для патрэб усяго СССР.

Індустрыялізацыя ў БССР, як і ў СССР, праходзіла фарсіраванымі (паскоранымі) тэмпамі пад лозунгам «Пяцігодку — за чатыры гады». Усяго за першую пяцігодку ў БССР уступілі ў строй 78 буйных і 460 сярэдніх і дробных прадпрыемстваў, а таксама ўзніклі новыя галіны прамысловасці: сельскагаспадарчае машынабудаванне, станкабудаванне, хімічная прамысловасць. Агульны аб'ём капіталаўкладанняў у прамысловасць БССР За першую пяцігодку склаў 243 млн руб., перавысіўшы больш чым у 5,3 разы капіталаўкладанні за папярэднія 10 гадоў. З гэтай сумы на новае будаўніцтва было выдзелена 58,8 %, на пашырэнне і рэканструкцыю дзеючых прадпрыемстваў – 38,6 %. Першарадная ўвага надавалася такім галінам прамысловасці, як дрэваапрацоўчая, запалкавая, папяровая, харчовая, ільняная і швейная.

Дзякуючы высокім тэмпам індустрыяльнага будаўніцтва аб'ём прамысловай прадукцыі ўжо ў 1931 г. перавысіў аб'ём прадукцыі сельскай гаспадаркі: Рэспубліка з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную. Калі ў 1928 г. доля прамысловай прадукцыі ў ВУП Савецкай Беларусі складала 41,3 % , то ў 1932 г. — 67 %.

Усяго за 1929—1940 гг. у БССР былі ўведзеныя ў дзеянне і рэканструяваныя 1863 прадпрыемствы, якія выпускалі 90 % усёй прамысловай прадукцыі.

4. Асаблівасці індустрыялізацыі ў БССР

Індустрыялізацыя ў БССР з'яўлялася часткай адзінага працэсу індустрыялізацыі ў СССР. Аднак асаблівасці сацыяльна-эканамічнага становішча Савецкай Беларусі наклалі свой адбітак на правядзенне індустрыялізацыі.

У адрозненне ад агульнасаюзных планаў, у якіх галоўная ўвага надавалася развіццю цяжкай прамысловасці, так званай групе «А», у рэспубліцы на першае месца ставілася развіццё апрацоўчай, харчовай і лясной прамысловасці — галін групы «Б».

5. Вынікі ажыццяўлення індустрыялізацыі

Вынікамі правядзення сталінскага плана індустрыялізацыі стала стварэнне сучаснай на той момант матэрыяльна-тэхнічнай базы ў прамысловасці. Гэта забяспечыла будаўніцтва новага сацыялістычнага ладу ў СССР, у тым ліку і БССР.

Беларуская ССР з аграрнай ускраіны былой Расійскай імперыі пераўтварылася ў рэспубліку з развітой прамысловасцю. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны 80 % усёй прадукцыі народнай гаспадаркі рэспублікі прыходзілася на прамысловасць, якая выпускала складаныя металаапрацоўчыя станкі, сельскагаспадарчыя машыны, рухавікі, турбіны, радыятары, чыгунныя трубы, радыёпрыёмнікі, цэмент, штучны шоўк, прадукцыю лесахіміі, фанеру, паперу, мэблю, абутак, ільняныя, ваўняныя і баваўняныя тканіны, трыкатажныя, швейныя вырабы і інш.

У СССР зацвердзіўся індустрыяльны тып грамадства. Павялічылася колькасць гарадоў і гарадскога насельніцтва, што азначала ўрбанізацыю. Палепшыліся матэрыяльныя ўмовы жыцця савецкіх людзей. Было ліквідавана беспрацоўе, адменена картачная сістэма на прамысловыя і харчовыя тавары. Таксама быў дасягнуты высокі ўзровень адукацыі, навукі, культуры.

Істотна змянілася Сацыяльная структура грамадства, значна вырасла доля працоўнага класа ў агульнай структуры насельніцтва. У БССР згодна з Усесаюзным перапісам насельніцтва 1939 г. ён складаў 21,9 %. Больш шматлікай стала інтэлігенцыя, дасягнуўшы 14,5 % ад агульнай колькасці насельніцтва Рэспублікі.

Прамысловая мадэрнізацыя забяспечыла будаўніцтва ў краіне дзяржаўнай мадэлі сацыялізму, як яго характарызуюць сучасныя гісторыкі. У эканамічнай галіне ўсталявалася адзіная дзяржаўная ўласнасць на сродкі вытворчасці.

Разам з тым курс на фарсіраваную індустрыялізацыю прывёў да фарміравання каманднай эканомікі, звыш цэнтралізаванай, падпарадкаванай дырэктыўнаму планаванню, якая звяртаецца да пазаэканамічных мер прымусу да працы і нярэдка рэпрэсій. Ліквідаваліся механізмы рэгулявання эканамічнага жыцця, усталявалася перавага адміністрацыйна-гаспадарчай сістэмы кіравання.

Пытанні і заданні

1. Складзіце схему (ментальную карту) па змесце пунктаў 1—2 параграфа. У яе змесце адлюструйце істотныя прыкметы і бакі паняцця «індустрыялізацыя», устанавице і растлумачце ўзаемасувязь паміж імі.

2. Якімі былі прычыны і мэты правядзення індустрыялізацыі ў СССР і БССР?

3. Чым індустрыялізацыя ў СССР і БССР адрознівалася ад прамысловай рэвалюцыі ў краінах Захаду? Чым былі абумоўлены кароткія тэрміны яе правядзення?

4. Ахарактарызуйце асаблівасці правядзення індустрыялізацыі ў БССР. Чым яны былі абумоўлены? Як яны адбіліся на яе выніках?

5. Складзіце табліцу (схему) «Вынікі індустрыялізацыі ў БССР».