§ 10–1. Ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі

1. Сацыяльна-эканамічнае становішча Беларусі ў 1917—1920 гг.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. найважнейшай задачай савецкай улады стала арганізацыя гаспадарчага жыцця. На тэрыторыі Беларусі пад кіраўніцтвам савецкіх і партыйных органаў ажыццяўляліся радыкальныя эканамічныя пераўтварэнні: нацыяналізацыя банкаў і прамысловасці, уводзіўся 8-гадзінны працоўны дзень, канфіскоўваліся памешчыцкія і царкоўныя землі, а таксама ствараліся першыя калектыўныя гаспадаркі сялян. Акрамя таго, пашыралася сетка школьных устаноў, уводзілася бясплатная адукацыя, разгортвалася праца па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва. Перад новым кіраўніцтвам паўсталі няпростыя пытанні арганізацыі гаспадарчага жыцця, рашэнне якіх ўскладнялася тым, што значная частка тэрыторыі была акупавана германскімі войскамі.

У канцы 1917 г. у Беларусі пачалі ўводзіць працоўны кантроль, які ў 1918 г. дзейнічаў на 126 прадпрыемствах, што складала каля 2/3 рабочых фабрык і заводаў. У канцы 1917 г. быў усталяваны кантроль над фінансамі: ішла нацыяналізацыя ўсіх прыватных банкаў, на базе Дзяржбанка быў створаны Народны банк, аддзяленні якога былі заснаваны таксама ў шэрагу гарадоў Беларусі.

Важнае месца ў першых сацыялістычных пераўтварэннях займала нацыяналізацыя капіталістычнай уласнасці. Аднак на беларускіх землях гэтаму працэсу перашкаджала спачатку германская, а затым польская акупацыя. У канцы 1920 г. на дзяржаўных прадпрыемствах працавала 80,1 % рабочых, на кааператыўных — 0,9 %, на прыватных — 19 %.

У лістападзе — снежні 1917 г. на беларускіх землях пачалася рэалізацыя Дэкрэта аб зямлі, тут, як і па ўсёй краіне, сталі стварацца першыя калектыўныя гаспадаркі – камуны, сельгасарцелі і таварыствы па апрацоўцы зямлі (ТАЗы). Першыя калгасы на беларускіх землях з'явіліся ўжо ў канцы 1917 — пачатку 1918 г. у Аршанскім, Віцебскім, Лепельскім, Быхаўскім, Горацкім і шэрагу іншых паветаў.

Камуны арганізоўваліся ў асноўным на былых памешчыцкіх землях, яе члены не мелі асабістай гаспадаркі. Усе сродкі вытворчасці аб'ядноўваліся, а размеркаванне рэсурсаў ішло па едаках. У арцелях у асабістай уласнасці сялян заставаліся дом і падсобная гаспадарка, а даходы размяркоўваліся па колькасці і якасці працы. У таварыствах жа агульнымі былі толькі землекарыстанне і праца, у той жа час дом, інвентар і жывёла заставаліся ва ўласнасці селяніна. У той жа час на захопленай нямецкімі акупантамі тэрыторыі былі адменены дэкрэты савецкай улады, адноўлены маёмасныя правы памешчыкаў і капіталістаў. Быў усталяваны жорсткі акупацыйны рэжым, які падпарадкаваў гаспадарчую сістэму Беларусі патрэбам і інтарэсам Германіі. Праводзілася ўзмоцненая рэквізіцыя прадуктаў і жывёлы. У многіх месцах была аб'яўлена мабілізацыя коней. Усё гэта актыўна вывозілася ў Германію.

У лютым 1919 г. экспансію на беларускую зямлю пачала Польшча і да жніўня яе войскі захапілі большую частку Беларусі. На акупаванай тэрыторыі быў усталяваны жорсткі акупацыйны рэжым. Польскія жаўнеры адбіралі ў сялян тое, што не паспелі прыбраць да рук папярэднія акупанты. Багацці Беларусі раскрадаліся і перапраўляліся ў Польшчу.

Першая сусветная і польска-савецкая войны паставілі Савецкую Беларусь на мяжу эканамічнай катастрофы. Прамысловая вытворчасць у Беларусі скарацілася ў некалькі разоў. З 715 прамысловых прадпрыемстваў Беларусі пасля вайны засталося 235. Многія з іх з-за адсутнасці сыравіны і паліва не працавалі. Прадукцыя сельскай гаспадаркі складала менш паловы ад даваеннай.

Да 1920 г. эканоміка БССР апынулася ў цяжкім становішчы. Працягласць чыгунак скарацілася на 2/3, не хапала паліва, знасіўся машынны парк. Заработная плата рабочых у параўнанні з даваенным узроўнем складала каля 20 %. Насельніцтва Беларусі значна скарацілася. Многія жыхары краю загінулі на франтах, эмігравалі, памерлі ад голаду, хвароб, эпідэмій і інш. Злачынныя групоўкі тэрарызавалі насельніцтва, нягледзячы на жорсткія меры з боку органаў Надзвычайнай камісіі і міліцыі.