§ 9–1. Развіццё прамысловасці, гандлю, фінансаў і транспарту ў 60-я гг. XIX — пачатку XX ст.

1. Будаўніцтва чыгунак, іх уплыў на развіццё гаспадаркі

З 1862 г. чыгуначны транспарт стаў неад’емнай часткай гаспадаркі беларускіх губерняў. Яго распаўсюджванне прывяло да значных змен у эканамічных сувязях. Беларускія землі канчаткова выходзілі з традыцыйнага рынку былой Рэчы Паспалітай і ўключаліся ў сістэму ўсерасійскіх рыначных сувязей.

Некалі важныя гандлёвыя цэнтры Магілёў, Бешанковічы, Стоўбцы, Мсціслаў, Нясвіж, Навагрудак, якія апынуліся па-за сеткай чыгунак, страцілі сваё эканамічнае значэнне. Затое хуткае развіццё атрымалі тыя гарады і мястэчкі, праз якія прайшлі чыгуначныя лініі. Буйны́мі чыгуначнымі вузламі сталі Мінск, Віцебск, Гомель, Лунінец, Брэст, Баранавічы.

Пабудаваныя да канца ХІХ ст. Рыга-­Арлоўская, Маскоўска-­Брэсцкая, Лібава-­Роменская і Палескія чыгункі звязвалі цэнтральныя раёны Расіі з заходнімі губернямі і портамі Балтыкі. Беларусь атрымала чыгуначную сувязь з важнейшымі індустрыяльнымі раёнамі: Цэнтральна-­прамысловым (Масква), Паўночна-­Заходнім (Санкт-­Пецярбург, Рыга), Паўднёва-­Украінскім (Крывы Рог, Данбас), Польскім (Варшава — ​Лодзь).

У пачатку ХХ ст. будаўніцтва чыгунак працягнулася. Дзякуючы чыгунцы Віцебск — ​Жлобін у 1902 г. чыгуначную сувязь атрымаў Магілёў. Да пачатку XX ст. Беларусь мела ­густую сетку чыгунак працягласцю 2837 вёрст, якая складала больш за 8 % ад усёй чыгуначнай сеткі Еўрапейскай Расіі.

Інтэнсіўнае чыгуначнае будаўніцтва зрабіла значны ўплыў на развіццё гаспадаркі беларускіх губерняў. За першыя 25 гадоў эксплуатацыі Палескіх чыгунак колькасць фабрычна-­заводскіх прадпрыемстваў у рэгіёне вырасла ў 6 разоў, а грузаабарот гэтай транспартнай магістралі — ​у 50 разоў. Дзякуючы чыгункам эканоміка Беларусі аказалася цесна звязанай з эканомікай усёй Расійскай імперыі і з усерасійскім рынкам. Узмацніліся эканамічныя сувязі з краінамі Заходняй Еўропы. З 1880 па 1900 г. аб’ём перавозак па чыгунках Беларусі павялічыўся амаль у два разы.