§ 9–1. Развіццё прамысловасці, гандлю, фінансаў і транспарту ў 60-я гг. XIX — пачатку XX ст.
Што такое прамысловая рэвалюцыя, якімі былі яе прычыны і наступствы ў Заходняй Еўропе?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 9–1. Развіццё прамысловасці, гандлю, фінансаў і транспарту ў 60-я гг. XIX — пачатку XX ст. |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 3 Июль 2025, 21:48 |
Оглавление
- 1. Будаўніцтва чыгунак, іх уплыў на развіццё гаспадаркі
- 2. Працэс урбанізацыі і яго асаблівасці ў Беларусі
- 3. Рост гарадоў як фабрычна-завадскіх і гандлёвых цэнтраў
- 4. Асаблівасці прамысловай рэвалюцыі ў Беларусі. Галіновая структура прамысловасці
- 5. Стварэнне манапалістычных аб'яднанняў
- 6. Фарміраванне нацыянальнага рынку. Павышэнне ролі банкаў
- 7. Стан гандлю
- 8. Фарміраванне класаў буржуазнага грамадства
- Пытанні і заданні
1. Будаўніцтва чыгунак, іх уплыў на развіццё гаспадаркі
З 1862 г. чыгуначны транспарт стаў неад’емнай часткай гаспадаркі беларускіх губерняў. Яго распаўсюджванне прывяло да значных змен у эканамічных сувязях. Беларускія землі канчаткова выходзілі з традыцыйнага рынку былой Рэчы Паспалітай і ўключаліся ў сістэму ўсерасійскіх рыначных сувязей.
Некалі важныя гандлёвыя цэнтры Магілёў, Бешанковічы, Стоўбцы, Мсціслаў, Нясвіж, Навагрудак, якія апынуліся па-за сеткай чыгунак, страцілі сваё эканамічнае значэнне. Затое хуткае развіццё атрымалі тыя гарады і мястэчкі, праз якія прайшлі чыгуначныя лініі. Буйны́мі чыгуначнымі вузламі сталі Мінск, Віцебск, Гомель, Лунінец, Брэст, Баранавічы.
Пабудаваныя да канца ХІХ ст. Рыга-Арлоўская, Маскоўска-Брэсцкая, Лібава-Роменская і Палескія чыгункі звязвалі цэнтральныя раёны Расіі з заходнімі губернямі і портамі Балтыкі. Беларусь атрымала чыгуначную сувязь з важнейшымі індустрыяльнымі раёнамі: Цэнтральна-прамысловым (Масква), Паўночна-Заходнім (Санкт-Пецярбург, Рыга), Паўднёва-Украінскім (Крывы Рог, Данбас), Польскім (Варшава — Лодзь).
У пачатку ХХ ст. будаўніцтва чыгунак працягнулася. Дзякуючы чыгунцы Віцебск — Жлобін у 1902 г. чыгуначную сувязь атрымаў Магілёў. Да пачатку XX ст. Беларусь мела густую сетку чыгунак працягласцю 2837 вёрст, якая складала больш за 8 % ад усёй чыгуначнай сеткі Еўрапейскай Расіі.
Інтэнсіўнае чыгуначнае будаўніцтва зрабіла значны ўплыў на развіццё гаспадаркі беларускіх губерняў. За першыя 25 гадоў эксплуатацыі Палескіх чыгунак колькасць фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў у рэгіёне вырасла ў 6 разоў, а грузаабарот гэтай транспартнай магістралі — у 50 разоў. Дзякуючы чыгункам эканоміка Беларусі аказалася цесна звязанай з эканомікай усёй Расійскай імперыі і з усерасійскім рынкам. Узмацніліся эканамічныя сувязі з краінамі Заходняй Еўропы. З 1880 па 1900 г. аб’ём перавозак па чыгунках Беларусі павялічыўся амаль у два разы.
2. Працэс урбанізацыі і яго асаблівасці ў Беларусі
Урбанізацыя — больш высокі прырост гарадскога насельніцтва ў параўнанні з сельскім, што ў выніку вядзе да ўзмацнення ролі гараджан. Урбанізацыя адбываецца шляхам узнікнення новых гарадоў і павелічэння колькасці жыхароў ужо існуючых гарадскіх пасяленняў.
За другую палову ХIХ — пачатак ХХ ст. колькасць гарадскога насельніцтва беларускіх губерняў павялічылася ў 2,8 раза і склала ў 1914 г. 974 тыс. чалавек. Удзельная вага гараджан у беларускіх губернях у 1914 г. дасягнула 13,4 %. Гэты паказчык быў крыху ніжэйшы за сярэдні па еўрапейскай частцы Расійскай імперыі — 14,4 %.
Асаблівасцю працэсу ўрбанізацыі ў Беларусі была наяўнасць такой спецыфічнай з’явы, характэрнай для заходніх губерняў Расійскай імперыі, як мястэчкі. Гэтыя невялікія населеныя пункты часта выконвалі функцыі эканамічнага, адміністрацыйнага, культурнага цэнтра невялікага раёна, які, як правіла, не меў побач гарадскога цэнтра. Мястэчкі займалі прамежкавае становішча паміж горадам і вёскай. На тэрыторыі Беларусі было сканцэнтравана 40 % мястэчак ад іх агульнай колькасці па Расіі. У пачатку ХIХ ст. колькасць мястэчак складала 322.
Большасць насельніцтва мястэчак займалася гандлёва-прамысловай дзейнасцю. Мястэчкі арыентаваліся на мясцовы сельскі рынак, які патрабаваў танных тавараў пераважна рамеснай і мануфактурнай вытворчасці.
Яшчэ адной асаблівасцю працэсу ўрбанізацыі ў Беларусі было тое, што ў гарадах і мястэчках у другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. пражывала ў асноўным яўрэйскае насельніцтва. У адпаведнасці з указам 1882 г. яўрэям-іўдзеям забаранялася жыць, а таксама купляць і арандаваць зямлю па-за межамі гарадоў і мястэчак.
3. Рост гарадоў як фабрычна-завадскіх і гандлёвых цэнтраў
У другой палове XIX — пачатку XX ст. пад уздзеяннем прамысловага перавароту многія беларускія гарады сталі ператварацца ў буйныя прамысловыя цэнтры.
Да 1913 г. адным з найважнейшых прамысловых цэнтраў стаў Мінск, які быў і буйным чыгуначным вузлом. У прамысловасці горада было занята каля 12 тыс. чалавек. Каля 2 тыс. рабочых працавалі ў чыгуначных майстэрнях Маскоўска-Брэсцкай і Лібава-Роменскай чыгунак і на металаапрацоўчых заводах. Значнае месца займалі рабочыя харчовай прамысловасці. Рабочыя горада былі занятыя таксама ў гарбарна-абутковай, цаглянай, чарапічнай і шпалернай прамысловасці.
Другім па значнасці прамысловым цэнтрам быў Віцебск. Толькі на адной дзвінскай ільнопрадзільнай фабрыцы было 1400 рабочых. Трэці па значнасці прамысловы цэнтр — Гродна. Найбольшая частка прамысловага пралетарыяту была засяроджаная ў вытворчасці тытуню, асноўную ролю ў якім адыгрывала акцыянернае таварыства «Шарашэўскі». Астатнія рабочыя працавалі на адносна невялікіх прадпрыемствах металаапрацоўчай, дрэваапрацоўчай, гарбарнай і іншых галін прамысловасці.
Дзякуючы перасячэнню водных і чыгуначных шляхоў, наяўнасці вялікіх запасаў драўніны і таннай рабочай сілы атрымаў значнае прамысловае развіццё Пінск. У 1913 г. тут налічвалася да 6 тыс. прамысловых рабочых, занятых у асноўным у металаапрацоўчай, дрэваапрацоўчай і запалкавай прамысловасці. Каля траціны гараджан працавалі на фанерна-запалкавай фабрыцы «Прагрэс-Вулкан».
Гомель гэтак жа быў адносна буйным прамысловым цэнтрам. Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў фабрычна-завадской і дробнай прамысловасці горада працавала каля 6 тыс. рабочых. Значная колькасць рабочых была засяроджаная ў дрэваапрацоўчай і запалкавай прамысловасці, у лакаматыўных і вагонарамонтных майстэрнях Лібава-Роменскай і Палескай чыгунак.
У гарадах павялічылася колькасць насельніцтва, адбылося пашырэнне тэрыторыі. На ўскраінах гарадоў з'явіліся рабочыя пасёлкі. Узнікла неабходнасць у новых транспартных сродках, якія маглі даставіць вялікую колькасць людзей з адной часткі горада ў другую. Такім транспартным сродкам стала конна-рэйкавая дарога (конка), вагончык якой за раз мог перавозіць да 20—30 пасажыраў. У 1898 г. у Віцебску быў пушчаны першы электрычны трамвай. Больш заможныя жыхары горада ў якасці хуткаходнага транспартнага сродку сталі выкарыстоўваць аўтамабіль. З'явіліся аўтамабілі-таксі.
4. Асаблівасці прамысловай рэвалюцыі ў Беларусі. Галіновая структура прамысловасці
Пераход да капіталістычнага спосабу вытворчасці ў прамысловасці выяўляўся ў яе паступовай мадэрнізацыі — увядзенні удасканаленняў, якія адпавядалі б тэхнічным патрабаванням XIX ст. Мадэрнізацыя прамысловасці паслярэформеннага перыяду характарызавалася пашырэннем індустрыялізацыі – пераходу ад ручной працы да машыннай, да фарміравання прамысловай буржуазіі і вольнанаёмнага рабочага класа. Гэты працэс атрымаў назву прамысловага перавароту або прамысловай рэвалюцыі.
Характэрнай рысай прамысловага развіцця Беларусі ў другой палове XIX ст. было тое, што разам з адносна хуткім ростам фабрычнай індустрыі ў беларускіх губернях дамінавалі дробныя рамесныя прадпрыемствы і мануфактуры.
Рамесныя прадпрыемствы былі заснаваны на ручной працы. Перш за ўсё гэта былі промыслы па перапрацоўцы мясцовай сыравіны: дрэва (сталярныя), гліны (ганчарныя), скуры (кушнерскія, шавецкія), воўны і лёну (ткацкія). Рамесная вытворчасць канцэнтравалася ў гарадах і шматлікіх мястэчках. Да канца XIX ст. павялічылася колькасць дробных рамесных прадпрыемстваў і аб'ём іх прадукцыі. Да канца 1890-х гг. ён складаў 37,8 % ад усёй прамысловасці Беларусі.
Пасля рэформы 1861 г. паскорыўся рост мануфактурнай вытворчасці. Тут выкарыстоўвалася ручная праца, але існаваў яе падзел па спецыяльнасцях. Мануфактуры ўзнікалі з сялянскіх промыслаў і гарадскога рамяства. У канцы XIX ст. мануфактуры пераважалі ў гарбарнай, ганчарнай, цаглянай, суконнай, шкляной і тытунёвай вытворчасці i давалі 15,4 % валавой прамысловай прадукцыі Беларусі.
Нягледзячы на вялікую долю рамеснай і мануфактурнай вытворчасці, на працягу другой паловы XIX ст. у прамысловасці Беларусі ішоў працэс пераходу ад ручной працы да машыннай. Рамяство і мануфактуру паступова выцясняла капіталістычная фабрыка.
Найбуйнейшыя запалкавыя фабрыкі знаходзіліся ў Пінску, Мазыры, Бабруйску, Барысаве. Папярова-кардонная прамысловасць Беларусі размяшчалася галоўным чынам у Магілёўскай і Віцебскай губернях. Адной з самых перадавых у Расійскай імперыі з тэхнічнага пункту гледжання была Добрушская папяровая фабрыка. Найбуйнейшым прадпрыемствам сярод шклозаводаў быў завод «Нёман» у Лідскім павеце, які распачаў працу ў 1883 г. Найбольш значным прадпрыемствам у галіне тэкстыльнай, ільняной прамысловасці была льнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» ў Віцебску, пабудаваная ў 1900 г.
Прамысловая рэвалюцыя ў Беларусі завяршылася ў канцы 90-х гг. XIX ст., на дзесяцігоддзе пазней, чым у найбольш развітых рэгіёнах Расійскай імперыі. 2/3 фабрычна-завадскіх прадпрыемстваў у другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. размяшчаліся пераважна ў сельскай мясцовасці — бліжэй да крыніц сыравіны і таннай рабочай сілы. Спецыялізацыя беларускай прамысловасці паранейшаму вызначалася выкарыстаннем і перапрацоўкай прадукцыі сельскай гаспадаркі, лясной і мінеральнай сыравіны.
5. Стварэнне манапалістычных аб'яднанняў
Да пачатку ХХ ст. рамесная і дробнатаварная вытворчасць па-ранейшаму выконвала важную ролю ў эканамічным жыцці беларускіх губерняў. У 1913 г. вытворчасць дробнай і саматужнай прамысловасці Беларусі складала 53,5 %. Аднак хуткімі тэмпамі ішоў працэс канцэнтрацыі вытворчасці, выцяснення дробных прадпрыемстваў буйнымі капіталістычнымі фабрыкамі і заводамі. З'яўлялася ўсё больш буйных прадпрыемстваў, на якіх выкарыстоўваліся машыны. Яны абсталёўваліся паравымі катламі, магутнасць якіх выкарыстоўвалася для выпрацоўкі электраэнергіі.
Прамысловасць Беларусі працягвала развівацца на базе інтэнсіўнага выкарыстання лясных багаццяў краю і перапрацоўкі мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны. Эканамічны крызіс 1900—1903 гг. паскорыў стварэнне ў Беларусі манапалістычных аб'яднанняў з удзелам мясцовага, расійскага і замежнага капіталу.
Акцыянерным таварыствам належалі такія буйныя прадпрыемствы Беларусі, як Віцебская льнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» (Руска-Бельгійскае акцыянернае таварыства), трамвай і электрычная станцыя ў Віцебску (Бельгійскае акцыянернае таварыства), Шклоўская папяровая фабрыка (Рускае акцыянернае таварыства кардонна-папяровай вытворчасці). У гэты час былі створаны і мясцовыя манапалістычныя аб'яднанні: акцыянерныя таварыствы тытунёвай фабрыкі «Нёман» (былая фабрыка Шарашэўскага) у Гродне, запалкавых фабрык «Прагрэс-Вулкан» у Пінску і «Маланка» ў Мазыры. Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Беларусі існавалі 34 акцыянерныя таварыствы.
Аднак Беларусь значна адставала ад Расіі па ўзроўні канцэнтрацыі вытворчасці. Прычынай гэтага было тое, што ў адрозненне ад іншых раёнаў Расіі тут не было радовішчаў нафты, вугалю, жалезнай руды, каляровых металаў, на базе якіх ствараліся буйныя прадпрыемствы цяжкай прамысловасці. Акрамя таго, побач знаходзіліся Цэнтральны, Прыбалтыйскі, Пецярбургскі і Польскі прамысловыя раёны, дзе буйная прамысловасць пачала развівацца раней, і куды ў першую чаргу накіроўваліся інвестыцыі. У Беларусі не было і значных капіталаў для развіцця прамысловасці.
6. Фарміраванне нацыянальнага рынку. Павышэнне ролі банкаў
Новыя шляхі зносін і сродкі сувязі садзейнічалі хуткаму развіццю не толькі прамысловасці, але і гандлю, зліццю мясцовых рынкаў Беларусі ў нацыянальны рынак. Дзякуючы гэтаму значна ўзмацніліся сувязі беларускага рынку з агульнарасійскім і еўрапейскім рынкамі. На гэтых рынках выяўлялася канкурэнтназдольнасць тавараў і вызначалася спецыялізацыя сельскай гаспадаркі і прамысловасці Беларусі. Галіны эканомікі, якія не вытрымлівалі канкурэнцыі, прыходзілі ў заняпад. Развіваліся толькі эканамічна выгадныя прадпрыемствы.
Важным паказчыкам эканамічнага развіцця стала стварэнне ў Беларусі ўстойлівай крэдытна-банкаўскай сістэмы. У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. актывізацыя прамысловага развіцця Беларусі забяспечвалася ў значнай ступені за кошт прыцягнення крэдытных рэсурсаў з-за межаў рэгіёну. Крэдытаванне ажыццяўлялася Дзяржаўным банкам і яго аддзяленнямі ў губернях. Актыўна працаваў на беларускім рынку філіял найбуйнейшага ў Расійскай імперыі Азоўска-Данскога банка. Дзейнічалі 57 камерцыйных банкаў і іх аддзяленняў у беларускіх гарадах.
Важную ролю ў галіне камерцыйнага крэдыту адыгрывалі банкаўскія дамы і канторы, многія з якіх спалучалі фінансавую дзейнасць з прадпрымальніцкай. Першы банк на тэрыторыі сучаснай Беларусі (гарадскі грамадскі банк) быў адкрыты 8 студзеня 1870 г. у Гомелі ўказам сената Расійскай імперыі. Першы камерцыйны банк пачаў працаваць у 1873 г. У 1880-я гг. у Беларусі пачалі дзейнічаць аддзяленні Дзяржаўнага, Сялянскага пазямельнага і Дваранскага банкаў. Дваранскі банк усяляк падтрымліваў урадавую палітыку насаджэння ў Беларусі рускага памешчыцкага землеўладання. «Асобы польскага паходжання» былі пазбаўлены права карыстацца льготнымі крэдытамі гэтага банка. Яны вымушаныя былі карыстацца паслугамі прыватных камерцыйных і пазямельных банкаў.
7. Стан гандлю
У 1860–1890‑я гг. распаўсюджванне капіталізму ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, рост гарадскога насельніцтва, развіццё чыгуначнага транспарту, сродкаў сувязі і выхад на рынак вялікай колькасці прамысловай прадукцыі прывялі да заняпаду кірмашовай формы гандлю. Усё большае значэнне набываў стацыянарны магазінны і крамны гандаль. Гэта дазваляла весці яго больш раўнамерна на працягу года, не арыентуючыся на ўмовы надвор’я.
Урбанізацыя Беларусі прывяла да значнага пашырэння рознічнага гандлю. У магазінах Мінска, Віцебска, Гродна, Брэста, Гомеля, Магілёва, Пінска прадаваліся тавары на сотні тысяч рублёў. Гэтыя гарады сталі цэнтрамі мясцовых рынкаў.
У другой палове ХIХ ст. у буйны́х гарадах узніклі гандлёвыя дамы. У 1914 г. у Беларусі іх налічвалася 245. Усё часцей гандлёвыя дамы камбінавалі гандлёвую і вытворчую дзейнасць.
Выгаднае геаграфічнае становішча, адносна шырокая сетка чыгуначнага, воднага і шашэйнага транспарту садзейнічалі развіццю знешняга гандлю. Прадукцыя сельскай гаспадаркі і прамысловасці вывозілася ў Германію, Польшчу, Расію, Украіну.
На рубяжы ХIХ–XХ стст. гандлёва-эканамічныя сувязі беларускіх губерняў з суседнімі рэгіёнамі Расіі і з суседнімі краінамі заўважна ажывіліся. Напрыклад, прадукцыя запалкавых фабрык знаходзіла збыт у Растове, Палтаве, Адэсе, Харкаве, Варшаве, Баку, Кішынёве і іншых гарадах. Папера і кардон вывозіліся ў Кіеў, Екацярынаслаў, Рыгу, Беласток, а прадукцыя шкляной і керамічнай прамысловасці — у Маскву, Кіеў, Адэсу.
Такім чынам, беларускія губерні ў 1860‑я гг. — пачатку XX ст. з’яўляліся часткай агульнарасійскага рынку. Адначасова складаліся ўнутрыбеларускі і рэгіянальныя рынкі. Экспартаваліся сельскагаспадарчая прадукцыя і лесаматэрыялы, імпартаваліся прамысловыя тавары і мінеральная сыравіна. Ва ўнутраным гандлі адрознымі рысамі сталі распаўсюджванне стацыянарных форм гандлю, з’яўленне гандлёвых дамоў, узнікненне біржавога гандлю.
8. Фарміраванне класаў буржуазнага грамадства
Вынікам прамысловага развіцця стала актыўнае фарміраванне класаў буржуазіі і наёмных рабочых. Буржуазія фарміравалася з ліку памешчыкаў, купцоў, мяшчан, разбагацелых рамеснікаў і заможных сялян, а наёмныя рабочыя — са збяднелых сялян і мяшчан.
Працэс фарміравання буржуазіі ў 1860—1890-я гг. можна прасачыць з дапамогай прадстаўленай дыяграмы.
Галоўнай крыніцай фарміравання наёмных рабочых сталі былыя прыгонныя сяляне, а таксама работнікі мануфактур і рамеснікі. Умовы працы рабочых былі цяжкімі. Часцей за ўсё яны працавалі ў цесных і сырых памяшканнях, без належнага асвятлення і вентыляцыі. Нават на такім прадпрыемстве, як Добрушская папяровая фабрыка, у 1906 г. не было сістэм вентыляцыі. Паветра на гарбарных заводах было прасякнута шкоднымі парамі. Большасць рабочых тытунёвых фабрык у Гродне і Мінску хварэлі на сухоты. Сярод рабочых было шмат жанчын, дзяцей і падлеткаў. Дзіцячая праца выкарыстоўвалася ў запалкавай, тытунёвай і шкляной прамысловасці.
Рабочыя атрымлівалі нізкую заработную плату за сваю працу. Іх сярэдняя зарплата ў 1900 г. была 28,7 %, а ў 1913 г. — на 20,5 % ніжэй, чым у цэлым па Расіі. У беларускіх губернях доля нізкааплатных працоўных была вышэй, чым у сярэднім па краіне. Сістэма штрафаў, якая дзейнічала на прадпрыемствах, яшчэ больш знізіла і без таго нізкую заработную плату рабочых. Штрафы былі сродкам рабавання рабочых і падаўлення пратэстаў супраць самавольства ўладальнікаў.
Пытанні і заданні
1. Вызначце прычыны і наступствы будаўніцтва чыгунак на тэрыторыі Беларусі.
Які ўплыў яны працягваюць аказваць на развіццё сучаснай народнай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь?
2. Сфармулюйце 3 тэзісы, адлюстраваўшы ў іх галоўныя, на ваш погляд, асаблівасці прамысловай рэвалюцыі ў Беларусі. Сваё меркаванне растлумачце.
3. Растлумачце лагічны ланцужок: завяршэнне прамысловага перавароту, стварэнне крэдытна-банкаўскай сістэмы.
4. Пакажыце ўзаемасувязь прамысловай рэвалюцыі, урбанізацыйных працэсаў і развіцця гандлю на тэрыторыі Беларусі.
5. У чым выявіўся ўплыў усерасійскага і еўрапейскага рынкаў на эканоміку Беларусі?
6. Ахарактарызуйце працэс фарміравання класаў буржуазнага грамадства.