§ 8–3. Развіццё сельскай гаспадаркі ў 60-я гг. XIX – пачатку XX ст.

1. Характарыстыка землеўладання ў Беларусі

Развіццё землеўладання ў Беларусі пасля рэформы 1861 г. мела свае асаблівасці. Памешчыкі, якія былі асноўнымі землеўладальнікамі, страцілі да 1/3 зямельных уладанняў, і пазбавіліся доступу да бясплатнай і гарантаванай рабочай сілы. Нягледзячы на тое, што яны атрымалі велізарныя выкупныя сумы, не ўсе змаглі ўкласці іх у развіццё сваёй гаспадаркі. У многіх выпадках грошы сышлі на пакрыццё закладу і пратэрмінаваных запазычанасцей. Акрамя таго, у большасці выпадкаў выкупы выплачваліся дзяржавай у растэрміноўку і даволі працяглы час.

Расійскі ўрад з мэтай умацавання сацыяльнай апоры ў беларускіх губернях імкнуўся да насаджэння тут буйнога расійскага памешчыцкага землеўладання. Гэтая палітыка была выкліканая актыўным удзелам шляхты ў паўстанні 1863—1864 гг. Была ўведзена забарона на продаж зямлі «асобам польскага паходжання», г. зн. каталіцкага веравызнання. Уводзіліся абмежаванні ў куплі зямлі і для беларускіх сялян-католікаў. Акрамя таго, было забаронена набываць зямлю яўрэям.

 

 

Такім чынам, становішча памешчыкаў-землеўладальнікаў беларускіх губерняў аказалася больш складаным, чым расійскіх.