§ 8–2. Адмена прыгоннага права

1. Наспяванне неабходнасці сялянскай рэформы, яе прычыны

Да сярэдзіны 50-х гг. XIX ст. крызіс прыгонніцкай сістэмы ў Расійскай імперыі яшчэ больш абвастрыўся — хуткімі тэмпамі нарасталі сялянскія хваляванні. Царскі ўрад, баючыся ператварэння гэтых хваляванняў у сялянскую рэвалюцыю, прыступіў да падрыхтоўкі рэформы па вызваленні сялян.

Падрыхтоўку рэформы было вырашана пачаць з беларускіх і літоўскіх губерняў, бо памешчыкі гэтых губерняў былі гатовыя да адмены прыгоннага права. Іх гаспадаркі даўно былі звязаны з заходнееўрапейскім рынкам і ўцягнутыя ў таварна-грашовыя адносіны. Некаторыя памешчыкі ўжо ўвялі змены ў апрацоўку зямлі, ужываючы машыны і механізмы, выкарыстоўваючы наёмную працу. Гэта сведчыла аб пранікненні ў памешчыцкія гаспадаркі новых капіталістычных адносін. Для такіх уладальнікаў вызваленне сялян было не толькі магчымым, але і пажаданым. Вызваліўшы сваіх прыгонных, памешчыкі пазбаўляліся ад неабходнасці клапаціцца аб выплаце дзяржаўных падаткаў, ад клопату аб сваіх прыгонных падчас голаду і іншых бедстваў. Памешчыкі захоўвалі свае землі, а сяляне, атрымаўшы волю, вымушаныя былі ісці да ўладальнікам зямлі наймацца на працу.

Аднак большасць беларускіх памешчыкаў вяло сваю гаспадарку па-старому. Яны не мелі капіталу для ўвядзення сельскагаспадарчых машын і новаўвядзенняў у агратэхніцы, у іх не было вопыту ў рацыяналізацыі гаспадаркі, і нарэшце яны не жадалі ніякіх змен. Многія з іх нават не ўсведамлялі самую ідэю ліквідацыі прыгону. Ва ўмовах пашырэння таварна-грашовых адносін сярэднія і дробныя памешчыкі дзеля павелічэння колькасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў сваіх маёнтках ўзбуйнялі фальваркавыя ўгоддзі, абеззямельваючы прыгонных, узмацнялі эксплуатацыю сялян і тым самым падрывалі іх гаспадарку. Заняпад сялянскай гаспадаркі прывёў да заняпаду памешчыцкай, а следам за гэтым да крызісу ўсёй сельскай гаспадаркі краю.

Немалаважную ролю ў з'яўленні перадумоў адмены прыгону адыгрывала і палітыка ўрада ў заходніх губернях. Недавер царскага ўрада да мясцовых паланізаваных каталіцкіх памешчыкаў вымушала ўлады рабіць пэўныя крокі насустрач беларускаму (у большасці праваслаўнаму) сялянству. Урад ставіў задачай стварыць сабе апору ў сялянстве на выпадак далейшага развіцця польскага нацыянальна-вызваленчага руху, у якім мясцовая шляхта адыгрывала вырашальную ролю. Упартае навязванне царызмам абавязковых інвентароў памешчыкам беларуска-літоўскіх губерняў стала адной з прычын іх ініцыятывы ў вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці. У гэтых умовах беларускія памешчыкі, гаспадаркі якіх ужо станавіліся на новы капіталістычны шлях развіцця, аддалі перавагу поўнаму адмаўленню ад прыгону.

Паражэнне Расіі ў Крымскай вайне (1853—1856 гг.), абумоўленае эканамічнай і ваенна-тэхнічнай адсталасцю краіны, скарачэнне даходаў казны ад аграрнага сектара, крызіс усёй дзяржаўнай сістэмы кіравання, а таксама рост сялянскага руху прымусілі імператара Аляксандра II зразумець неабходнасць адмены прыгоннага права. Перад расійскім самадзяржаўем з усёй непазбежнасцю паўсталі эканамічныя і палітычныя задачы: правядзенне карэннай мадэрнізацыі (стварэнне сучаснай прамысловасці, сродкаў камунікацыі, засваенне новых зямель), рашэнне сацыяльных праблем, захаванне становішча Расіі ў стане вядучых дзяржаў.