§ 8–1. Рашэнне аграрнага пытання ў першай палове XIX ст.

4. Рэформа дзяржаўнай вёскі. Люстрацыя дзяржаўных маёнткаў

Рэзкае пагаршэнне становішча дзяржаўных сялян у 40-я гг. XIX ст. і немагчымасць спагнаць з іх дзяржаўныя падаткі вымусілі ўрад пайсці на прыняцце мер па выхаду з крызісу. Мэтай частковых рэформ у аграрным сектары было зняць сацыяльнае напружанне ў дзяржаўнай вёсцы заходніх губерняў, павышэнне яе даходнасці. Пасля паўстання 1830—1831 гг. урад пачаў глядзець на сялян як на сваіх магчымых саюзнікаў і імкнуўся заваяваць сімпатыі сялянскіх мас у процівагу шляхецкаму дэмакратычнаму руху. Факты агітацыі шляхецкіх рэвалюцыянераў у сялянскім асяроддзі ўстрывожылі царскіх чыноўнікаў.

У 40–50-я гг. ХІХ ст. была ажыццёўлена рэформа дзяржаўнай вёскі, ініцыятарам якой выступіў граф П. Д. Кісялёў, прызначаны ў 1836 г. міністрам дзяржаўных маёмасцяў, прыхільнік абмежавання прыгоннага права. Пачатак рэформы паклала «Палажэнне аб кіраванні маёмасцямі ў заходніх губернях і Беластоцкім Краі», падпісанае ў снежні 1839 г. Мікалаем І. Гэтае «палажэнне» прадугледжвала правядзенне «люстрацый», г. зн. падрабязнага апісання кожнага маёнтка. Для гэтага ствараліся люстрацыйныя камітэты з царскіх чыноўнікаў. Яны дзейнічалі па спецыяльным «Палажэнні аб люстрацыі». Камітэты складалі інвентарныя вопісы з падрабязным апісаннем усіх дзяржаўных маёнткаў і вызначэннем павіннасцей сялян у залежнасці ад іх гаспадарчага становішча.

Каб ліквідаваць вострае малазямелле дзяржаўных сялян, «Палажэнне» прадугледжвала перадзел іх зямельных надзелаў. Сярэдні памер душавога надзела павінен быў складацца з трох дзесяцін ворнай зямлі і адной дзесяціны сенажаці — чатырох дзесяцін на рэвізскую (мужчынскую) душу. Прадугледжвалася таксама вылучэнне на кожную сялянскую гаспадарку невялікіх участкаў лесу. Такога надзелу не хапала для забеспячэння пражытачнага мінімуму сялян, але ён быў большым, чым дарэформенны. Забяспечанасць сялян зямлёй палепшылася. За час люстрацыі з 1843 па 1854 гг. сярэдні душавы зямельны надзел дзяржаўных сялян беларускіх губерняў павялічыўся ад 15,3 % па Магілёўскай губерні да 85 % па Віцебскай губерні.

Адначасова былі перагледжаны павіннасці сялян у бок іх змяншэння. Так, напрыклад, з 1843 па 1854 гг. чынш казённых сялян беларускіх губерняў паменшыўся на 48,3 %. Адміністрацыі казённых маёнткаў было забаронена ў далейшым павялічваць гэтыя павіннасці.

Забаранялася здача дзяржаўных зямель у арэнду прыватным уладальнікам. Таксама ліквідаваліся фальваркі, а разам з гэтым адмянялася паншчына, сяляне пераводзіліся на чынш, што садзейнічала павелічэнню іх зацікаўленасці ў выніках сваёй працы. У 1843—1859 гг. значна ўзраслі пасевы збожжавых і бульбы, вырасла пагалоўе жывёлы, зменшылася колькасць бядняцкіх гаспадарак. Перавод на чынш садзейнічаў узмацненню сувязей сялянскай гаспадаркі з рынкам, развіццю хатніх і адыходных промыслаў дзяржаўных сялян.

Акрамя гэтага ў дачыненні да сялян праводзілася палітыка «апякунства», якая прадугледжвала адкрыццё ў дзяржаўнай вёсцы бальніц, парафіяльных школ, хлебных крамаў (складоў), а таксама правядзенне розных агранамічных мерапрыемстваў, добраўпарадкаванне сялянскіх сядзіб, развіццё сістэмы страхавання і інш.

Для кантролю за ажыццяўленнем рэформ падчас люстрацыі і кіравання дзяржаўнымі маёнткамі пасля быў створаны спецыяльны апарат: палаты дзяржаўнай маёмасці ў губернях, казённыя акругі ў паветах, валасныя праўленні і валасныя суды ў сельскай мясцовасці. Губернскія палаты і казённыя акругі камплектаваліся з дзяржаўных чыноўнікаў, валасныя праўленні і валасныя суды, а таксама сельскія старасты і дзесятнікі абіраліся самімі сялянамі.

Некаторыя змены адбыліся і ў прававым становішчы дзяржаўных сялян. За імі прызнаваліся правы атрымання спадчыны, уласнасці, заняткаў гандлем і промысламі. Дадзеныя сялянам пэўныя эканамічныя свабоды спрыялі павелічэнню ўраджайнасці і дзяржаўных даходаў. Перавод на аброк спрыяў паскарэнню маёмаснай дыферэнцыяцыі, вызваляў працоўныя рукі для капіталістычнай вытворчасці, спрыяў росту гарадоў, з'яўляўся адным з падрыхтоўчых мерапрыемстваў урада па вырашэнні аграрнага пытання ў Расійскай імперыі.