Печатать книгуПечатать книгу

§ 8–1. Рашэнне аграрнага пытання ў першай палове XIX ст.

1. Каму належала зямля ў Беларусі ў пачатку XIX ст.?

2. Хто на ёй працаваў?

3. Якія былі ўмовы карыстання зямлёй для сялян?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 8–1. Рашэнне аграрнага пытання ў першай палове XIX ст.
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 15 Январь 2025, 12:49

1. Распад прыгоннага ладу і крызіс памешчыцкай гаспадаркі

У першай палове XIX ст. Беларусь была аграрным рэгіёнам Расійскай імперыі. Асновай эканомікі па-ранейшаму заставалася сельская гаспадарка, якая мела ў цэлым экстэнсіўны характар. Ворыўнае земляробства вялося з выкарыстаннем трохпольнай сістэмы і пераважна прымітыўных прылад працы. Каб павысіць прыбытковасць сваіх гаспадарак, памешчыкі скарачалі сялянскія надзелы і павялічвалі свой засевак, стваралі новыя фальваркі.

У першай палове ХІХ ст. на беларускіх землях пераважала буйное памешчыцкае землеўладанне. Дробныя памешчыкі (да 100 душ прыгонных) складалі 80 % ад агульнай колькасці прыгоннікаў. Аднак у іх гаспадарках налічвалася ўсяго 15,8 % сялян. У буйных гаспадарках былі лепшыя магчымасці для стварэння шматгаліновай вытворчасці і павышэння таварнасці, арганізацыі прамысловай апрацоўкі прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі. Аднак буйныя землеўладальнікі (латифундисты) рэдка выкарыстоўвалі іх. Яны аддавалі перавагу стварэнню на сваіх землях сярэдніх па велічыні фальваркаў з колькасцю прыгонных ад 200 да 500 чал., якія здаваліся ў арэнду.

У першай палове ХІХ ст. на беларускіх землях, як і ў цэлым у Расійскай імперыі, феадалізм дасягнуў той мяжы, калі далейшае развіццё прадукцыйных сіл на базе прыгону станавілася немагчымым. Да 40-х гадоў ХІХ ст. працэс распаду прыгоннай гаспадаркі паглыбіўся настолькі, што з гэтага часу можна казаць пра крызіс прыгоннай сістэмы.

2. Агратэхнічны ўзровень сялянскага земляробства

Агульнай тэндэнцыяй дарэформеннай Беларусі стала пагаршэнне эканамічнага становішча сялянскіх гаспадарак. У 1850-я гг. колькасць коней у сялянскіх гаспадарках зменшылася з 800 да 663 тыс. галоў, буйной рагатай жывёлы — з 1998 да 1431 тыс. Адсутнасць асабістай свабоды і саслоўныя абмежаванні рэзка звужалі эканамічныя магчымасці селяніна. Звычайнай з'явай былі неўраджаі. Галеча, голад, збядненне, нядоімкі, што ўвесь час павялічваліся, па дзяржаўных падатках і плацяжах літаральна пераследавалі многія сялянскія гаспадаркі.

Ураджайнасць сельскагаспадарчых культур, у першую чаргу збожжавых і бульбы, пачала рэзка зніжацца. Напрыклад, у 1858—1860 гг. у параўнанні з 1843—1847 гг. сярэднегадавыя пасевы бульбы ў памешчыцкіх маёнтках Віленскай і Гродзенскай губерняў зменшыліся на 34,6 %. Агратэхнічны ўзровень сялянскага земляробства ва ўмовах панавання паншчыннай гаспадаркі таксама быў нізкім. Ураджайнасць на сялянскіх землях складала «сам два-тры».

 

У перыяд крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы зараджаецца прагрэсіўны па сваім змесце працэс — пераход ад феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі да капіталістычнай. У нетрах феадалізму развіваліся новыя капіталістычныя формы гаспадарання. З цягам часу яны ўсё больш і больш пранікалі ва ўсе сферы гаспадарчага жыцця.

Натуральная гаспадарка ўсё больш падрывалася развіццём таварна-грашовых адносін. Значныя змены ў сельскай гаспадарцы былі выкліканыя павелічэннем попыту на сыравіну для прамысловасці, якая развівалася, узрослай патрэбай у сельскагаспадарчых прадуктах для гарадскога насельніцтва. Сельская гаспадарка ўсё цясней звязвалася з рынкам, прыстасоўваючыся да яго запытаў.

Таварна-грашовыя адносіны выявіліся галоўным чынам у памешчыцкай гаспадарцы. Памешчыкі Беларусі вывозілі прадукцыю сваёй гаспадаркі ў прамысловыя губерні Расіі. У Заходняй Еўропе, дзе быў высокі ўзровень спажывання і маштабная прамысловая фабрычная вытворчасць, асаблівым попытам карысталіся прадукты харчавання і сельскагаспадарчая сыравіна. На беларускіх змлях гэтыя тавары былі вельмі таннымі, так як вырабляліся бясплатнай рабочай сілай прыгонных сялян. Акрамя хлеба, на знешнім рынку вельмі шанаваліся беларускі лён і драўніна (лясы займалі 40—45 % прасторы беларускіх губерняў). Больш за ўсё былі звязаны з рынкам буйныя памешчыцкія гаспадаркі, а таксама большасць сярэдніх. Дробныя гаспадаркі ў асноўным захоўвалі свой натуральны характар.

Таварызацыі сельскай гаспадаркі Беларусі спрыяў высокі кошт на хлеб у 1840—1850-х гг. Па прычыне частых неўраджаяў і павышанага попыту на збожжа для памешчыцкага бровара цэны на збожжавыя на беларускіх землях, як правіла, былі значна вышэй, чым у іншых раёнах Расійскай імперыі. У 1830-я — 1840-я гг. 70—80 % усіх даходаў памешчыкаў Гродзенскай і Мінскай губерняў паступала ад продажу сельскагаспадарчых прадуктаў, галоўным чынам збожжа, гарэлкі і спірту.

У сувязі з патрабаваннямі рынку ў першай палове XIX ст. пачалася спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці па асобных раёнах. У Мінскай губерні шырокае распаўсюджванне атрымалі пасевы бульбы, якая затым пераганялася ў спірт. Па вытворчасці спірту з бульбы Мінская губерня займала першае месца сярод іншых губерняў Расіі. Астатняя частка прыходзілася на паступленні ад чыншу, арэнды млыноў і г. д. У Віцебскай губерні, некаторых паветах Мінскай і Магілёўскай губерняў важнай таварнай культурай у памешчыцкіх гаспадарках становіцца лён. Так, на Віцебшчыне штогод выпрацоўвалася ад 200 да 500 тыс. пудоў ільновалакна. У буйных і збольшага ў сярэдніх памешчыцкіх маёнтках Гродзенскай губерні значнае развіццё атрымала танкарунная авечкагадоўля. У канцы 30—40-х гг. XX ст. тут выраблялася да 40–50 тыс. пудоў высакаякаснай танкаруннай воўны. На яе аснове развівалася суконная вытворчасць.

У першай палове ХІХ ст. некаторыя памешчыкі рабілі спробы перабудаваць сваю гаспадарку па заходнееўрапейскім узоры: уводзілі чатырохпольны севазварот, пасевы кармавых траў, сеялі гатункавае насенне, вырошчвалі пародзістую жывёлу, прымянялі механізмы (малатарні, веялкі), жалезныя плугі і бароны, будавалі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчых прадуктаў.

 

Пашырылася прымяненне найму рабочай сілы ў памешчыцкай гаспадарцы. Некаторыя землеўладальнікі пераводзілі з паншчыны на чынш сваіх прыгонных сялян, якія потым наймаліся да іх на працу за пэўную плату. Наёмная праца прымянялася ў асноўным падчас уборкі буракоў і бульбы, пры даглядзе за малочным быдлам і інш. Найбольш шырока наёмная праца выкарыстоўвалася на прамысловых прадпрыемствах, на броварных і іншых заводах, на будаўнічых работах, нарыхтоўках і сплаве лесу.

Аднак асноўная маса памешчыкаў лічыла прыгоннае права падмуркам сваёй гаспадаркі і не збіралася ад яго адмаўляцца. Далейшае развіццё прагрэсіўных з'яў у эканоміцы стрымлівалася панаваннем прыгонніцкай сістэмы. Танная праца прыгонных сялян перашкаджала тэхнічнаму прагрэсу. Большасць памешчыкаў прытрымлівалася старых парадкаў — традыцыйнай трохпольнай сістэмы з перавагай пасеваў збожжавых культур, руціннай тэхнікі. Рост таварнасці памешчыцкіх гаспадарак ішоў галоўным чынам на аснове павелічэння паншчынных павіннасцей прыгонных.

3. Сацыяльныя супярэчнасці на вёсцы

Абвастрэнне крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы адбівалася і на сялянстве, якое ў сярэдзіне 30-х гг. XIX ст. складала прыкладна 90 % усяго насельніцтва Беларусі. Памешчыцкія і дзяржаўныя сяляне мелі сваю гаспадарку і карысталіся зямельным надзелам на ўмове выканання павіннасцей. Асноўнымі формамі сялянскіх павіннасцей заставаліся паншчына і аброк. Да сярэдзіны XIX ст. звыш 97 % усіх памешчыцкіх сялян складалі паншчынныя.

У першай палове XIX ст. пры некаторым памяншэнні чыншу паншчынныя павіннасці павялічваюцца ў сярэднім у 1, 5—2 разы. Напрыклад, у маёнтках Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай, у паўночнай частцы Магілёўскай губерняў найбольш распаўсюджанай была штотыднёвая паншчына ў 6 дзён з сялянскай гаспадаркі. Выконвалася яна ў тры дні «работы мужчынскай» (з запрэжкай) і столькі ж «работы жаночай».

На працягу першай паловы XIX ст. на тэрыторыі беларускіх губерняў назіраецца маёмаснае расслаенне (дыферэнцыяцыя) сялянства. У залежнасці ад колькасці зямлі і жывёлы сяляне падзяляліся на разрады: цяглыя, агароднікі, бабылі і дваровыя. Цяглыя мелі поўны зямельны надзел і выконвалі ўсе павіннасці. Сярод іх былі паўцяглыя, якія карысталіся паловай надзелу і выконвалі палову нормы павіннасцей. Агароднікамі лічыліся тыя, хто атрымліваў ад землеўладальніка сядзібы з агародам і адбывалі толькі талокі і гвалты. Бабылямі або кутнікамі, халупнікамі лічыліся беззямельныя і бяздомныя. Да дваровых адносіліся сяляне, якія выконвалі абавязкі прыслугі пры двары памешчыка.

Крызіс прыгонніцкай сістэмы пацвярджаецца узмацненнем сялянскага руху. Калі на працягу першай трэці XIX ст. было зарэгістравана 46 буйных выступленняў сялян, то ў другой траціне іх колькасць узрасла да 91. Незадаволенасць і пратэст сялян былі выкліканыя ўзмацненнем прыгонніцкага прыгнёту, які выяўляўся ў павелічэнні памераў паншчыны і чыншу, захопе сялянскіх надзелаў, прымусовым перасяленні сялян на няўродлівыя зямлі, жорсткім абыходжанні з імі прыгоннікаў, эканомаў, арандатараў. Асаблівасцю сацыяльных супярэчнасцей у Беларусі з'яўлялася іх перапляценне з нацыянальна-рэлігійнай варожасцю паміж сялянамі і памешчыкамі. Землеўладальнікі мелі неабмежаваную ўладу над сваімі прыгоннымі. Яны маглі без суда, па ўласным меркаванні ссылаць непажаданых сялян у Сібір на пасяленне, падвяргаць розным пакаранням. Некаторыя з іх ладзілі ў сваіх сядзібах сапраўдныя турмы і камеры катаванняў.

Формы барацьбы сялян супраць прыгоннікаў былі самыя розныя: скаргі, адмова ад выканання павіннасцей, уцёкі, супраціў паліцыі і войскам, забойства памешчыкаў і іх служачых. Распаўсюджанай формай пратэсту быў пошук сялянамі «вольных зямель». Яны верылі, што ёсць месцы, дзе людзі жывуць вольна. Такое становішча турбавала царскі ўрад і прымушала яго прадпрымаць канкрэтныя крокі па ўрэгуляванні сітуацыі на вёсцы.

4. Рэформа дзяржаўнай вёскі. Люстрацыя дзяржаўных маёнткаў

Рэзкае пагаршэнне становішча дзяржаўных сялян у 40-я гг. XIX ст. і немагчымасць спагнаць з іх дзяржаўныя падаткі вымусілі ўрад пайсці на прыняцце мер па выхаду з крызісу. Мэтай частковых рэформ у аграрным сектары было зняць сацыяльнае напружанне ў дзяржаўнай вёсцы заходніх губерняў, павышэнне яе даходнасці. Пасля паўстання 1830—1831 гг. урад пачаў глядзець на сялян як на сваіх магчымых саюзнікаў і імкнуўся заваяваць сімпатыі сялянскіх мас у процівагу шляхецкаму дэмакратычнаму руху. Факты агітацыі шляхецкіх рэвалюцыянераў у сялянскім асяроддзі ўстрывожылі царскіх чыноўнікаў.

У 40–50-я гг. ХІХ ст. была ажыццёўлена рэформа дзяржаўнай вёскі, ініцыятарам якой выступіў граф П. Д. Кісялёў, прызначаны ў 1836 г. міністрам дзяржаўных маёмасцяў, прыхільнік абмежавання прыгоннага права. Пачатак рэформы паклала «Палажэнне аб кіраванні маёмасцямі ў заходніх губернях і Беластоцкім Краі», падпісанае ў снежні 1839 г. Мікалаем І. Гэтае «палажэнне» прадугледжвала правядзенне «люстрацый», г. зн. падрабязнага апісання кожнага маёнтка. Для гэтага ствараліся люстрацыйныя камітэты з царскіх чыноўнікаў. Яны дзейнічалі па спецыяльным «Палажэнні аб люстрацыі». Камітэты складалі інвентарныя вопісы з падрабязным апісаннем усіх дзяржаўных маёнткаў і вызначэннем павіннасцей сялян у залежнасці ад іх гаспадарчага становішча.

Каб ліквідаваць вострае малазямелле дзяржаўных сялян, «Палажэнне» прадугледжвала перадзел іх зямельных надзелаў. Сярэдні памер душавога надзела павінен быў складацца з трох дзесяцін ворнай зямлі і адной дзесяціны сенажаці — чатырох дзесяцін на рэвізскую (мужчынскую) душу. Прадугледжвалася таксама вылучэнне на кожную сялянскую гаспадарку невялікіх участкаў лесу. Такога надзелу не хапала для забеспячэння пражытачнага мінімуму сялян, але ён быў большым, чым дарэформенны. Забяспечанасць сялян зямлёй палепшылася. За час люстрацыі з 1843 па 1854 гг. сярэдні душавы зямельны надзел дзяржаўных сялян беларускіх губерняў павялічыўся ад 15,3 % па Магілёўскай губерні да 85 % па Віцебскай губерні.

Адначасова былі перагледжаны павіннасці сялян у бок іх змяншэння. Так, напрыклад, з 1843 па 1854 гг. чынш казённых сялян беларускіх губерняў паменшыўся на 48,3 %. Адміністрацыі казённых маёнткаў было забаронена ў далейшым павялічваць гэтыя павіннасці.

Забаранялася здача дзяржаўных зямель у арэнду прыватным уладальнікам. Таксама ліквідаваліся фальваркі, а разам з гэтым адмянялася паншчына, сяляне пераводзіліся на чынш, што садзейнічала павелічэнню іх зацікаўленасці ў выніках сваёй працы. У 1843—1859 гг. значна ўзраслі пасевы збожжавых і бульбы, вырасла пагалоўе жывёлы, зменшылася колькасць бядняцкіх гаспадарак. Перавод на чынш садзейнічаў узмацненню сувязей сялянскай гаспадаркі з рынкам, развіццю хатніх і адыходных промыслаў дзяржаўных сялян.

Акрамя гэтага ў дачыненні да сялян праводзілася палітыка «апякунства», якая прадугледжвала адкрыццё ў дзяржаўнай вёсцы бальніц, парафіяльных школ, хлебных крамаў (складоў), а таксама правядзенне розных агранамічных мерапрыемстваў, добраўпарадкаванне сялянскіх сядзіб, развіццё сістэмы страхавання і інш.

Для кантролю за ажыццяўленнем рэформ падчас люстрацыі і кіравання дзяржаўнымі маёнткамі пасля быў створаны спецыяльны апарат: палаты дзяржаўнай маёмасці ў губернях, казённыя акругі ў паветах, валасныя праўленні і валасныя суды ў сельскай мясцовасці. Губернскія палаты і казённыя акругі камплектаваліся з дзяржаўных чыноўнікаў, валасныя праўленні і валасныя суды, а таксама сельскія старасты і дзесятнікі абіраліся самімі сялянамі.

Некаторыя змены адбыліся і ў прававым становішчы дзяржаўных сялян. За імі прызнаваліся правы атрымання спадчыны, уласнасці, заняткаў гандлем і промысламі. Дадзеныя сялянам пэўныя эканамічныя свабоды спрыялі павелічэнню ўраджайнасці і дзяржаўных даходаў. Перавод на аброк спрыяў паскарэнню маёмаснай дыферэнцыяцыі, вызваляў працоўныя рукі для капіталістычнай вытворчасці, спрыяў росту гарадоў, з'яўляўся адным з падрыхтоўчых мерапрыемстваў урада па вырашэнні аграрнага пытання ў Расійскай імперыі.

5. Інвентарная рэформа ў памешчыцкай вёсцы

У 30—40-я гг. ХІХ ст. становішча ў памешчыцкай вёсцы заставалася складаным. Памешчыкі пашыралі свае фальваркі за кошт сялянскіх зямельных надзелаў, павялічвалі паншчыну. Сяляне часта не ведалі дакладна сваіх павіннасцей і выконвалі іх па загадзе землеўладальніка. Гэта абвастрала абстаноўку ў памешчыцкай вёсцы. З году ў год нарасталі сялянскія хваляванні. Сталі частымі масавыя ўцёкі прыгонных.

 

Станавілася відавочнай неабходнасць адмены прыгоннага права. Аднак Мікалай І, баючыся незадаволенасці памешчыкаў, вырашыў абмежавацца толькі распаўсюджаннем прынцыпаў рэформы П. Д. Кісялёва на памешчыцкую вёску.

Спробай урада Расійскай імперыі ўрэгуляваць зямельныя адносіны паміж памешчыкамі і іх прыгоннымі стала ўвядзенне ў Беларусі абавязковых інвентароў — у якіх былі б зафіксаваныя памеры сялянскіх надзелаў і вызначаны дакладныя нормы павіннасцей. Для цяглай сялянскай гаспадаркі, у залежнасці ад колькасці і якасці зямлі, устанаўліваліся надзелы памерам ад 4 да 10 дзесяцін. Такая гаспадарка павінна была адпрацаваць на паншчыне 3 дні з канём (мужчынская паншчына) і 1 дзень без каня (жаночая паншчына). Для паўцяглых сялян норма памяншалася на палову. Усе павіннасці строга рэгламентаваліся.

Аднак землеўладальнікі, якія самі ўдзельнічалі ў складанні інвентароў часам не тое, што зніжалі, але ў шэрагу выпадкаў павышалі павіннасці. Перагледжаныя і зноў складзеныя інвентары да 1857 г. былі ўведзены ў дзеянне толькі ў 1/10 частцы памешчыцкіх маёнткаў Беларусі. У сувязі з падрыхтоўкай адмены прыгоннага права неабходнасць ва ўвядзенні інвентароў зусім адпала.

 

З-за супраціўлення памешчыкаў інвентарная рэформа была менш радыкальнай, чым рэформа дзяржаўнай вёскі. Па сутнасці, у становішчы сялян мала што змянілася. Значнага скарачэння павіннасцей не адбылося, рэформа іх толькі ўніфікавала. У адрозненне ад дзяржаўных сялян, пераведзеных на чынш, памешчыцкія працягвалі выконваць многія ранейшыя павіннасці: паншчыну, згоны, рамонт дарог і мастоў, жаночую працу, неслі ахову, плацілі даніну.

Пытанні і заданні

1. Вызначце прычыны крызісу ў сельскай гаспадарцы ў першай палове XIX ст. Складзіце схему.

2. Складзіце картасхему спецыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці на беларускіх землях.

3. Пракаменціруйце выказванне: «... будзем лепш здзіўляцца цярпенню і працавітасці нашага селяніна, які пакорліва пераносіў і пераносіць усе цяжары, якія адбываюцца ад прыгоннай яго залежнасці. Ён гатовы працаваць, але на жаль, праца яго паралізавалася залішнімі патрабаваннямі памешчыкаў» (І. Зяленскі. Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба. Мінская губерня. Частка 2. с. 196.)

4. Пацвердзіце альбо абвергніце дадзенае выказванне сваімі прыкладамі. Абмяркуйце, што канкрэтна магло мецца на ўвазе пад «залішнімі патрабаваннямі памешчыкаў». Як вы думаеце, аўтар выказвання быў прыхільнікам або праціўнікам прыгоннага права.

5. Складзіце табліцу «Рэформы дзяржаўнай і памешчыцкай вёскі ў XIX ст.». Зрабіце вывад аб іх рэзультатыўнасці.