Наш край

Наш край

Гісторыя Беларусі ХІХ — пачатку ХХІ ст. звязана з мінулым кожнага беларускага рэгіёна, горада, вёскі. Каб адкрыць для сябе мінулае свайго роднага краю, вызначыць яго ролю і месца ў грамадска-палітычных працэсах ХІХ — пачатку ХХІ ст., прапануем вам правесці сваё навучальнае даследаванне.

1. Карыстаючыся картасхемамі і картамі атласа, вызначце, у склад якіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак уваходзіў ваш населены пункт на працягу XIX — пачатку ХХІ ст. Высветліце, якім быў і як мяняўся яго статус (губерня, павет, воласць / вобласць, акруга, раён, сельсавет).

2. Высветліце, якія гістарычныя з'явы, грамадска-палітычныя падзеі закранулі жыхароў вашай мясцовасці. Якія з іх пакінулі найбольш значны след? Якім чынам яны паўплывалі на лёсы вашых землякоў?

3. Устанавіце, жыццё і дзейнасць якіх знакамітых землякоў звязана з гісторыяй вашага краю. Падрыхтуйце кароткае паведамленне (біяграму, прэзентацыю, буклет, эсэ, пост для паведамлення ў сацыяльнай сетцы) пра лёс аднаго з іх. Па жаданні падрыхтуйце магчымыя пытанні для ўяўнага інтэрв'ю з гэтым гістарычным персанажам.

4. Прэзентуйце ў класе вынікі выканання творчага задання "Сямейны альбом".

Для ўрока па тэме "Наш край" пачніце стварэнне "сямейнага альбома", у якім будзе адлюстравана гісторыя вашай сям'і, прадстаўленая ў фотаздымках ХХ — пачатку XXI ст., напрыклад, вучоба ў школе або інстытуце, удзел у баявых дзеяннях у ходзе войнаў і ўзброеных канфліктаў, заключэнне шлюбу і выхаванне дзяцей, працоўная дзейнасць, святкаванне дзяржаўных і сямейных свят, адпачынак і інш. Пры неабходнасці падбярыце адпаведныя дакументы, зрабіце неабходныя каментары да іх.