§ 19–2. Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь у пачатку XXI ст.

1. Шматвектарны характар знешнепалітычнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь

 З пачатку XXI ст. знешнепалітычная дзейнасць Рэспублікі Беларусь характарызуецца шматвектарнасцю. Яе асноўнай мэтай з'яўляецца ўмацаванне партнёрства з краінамі ў розных рэгіёнах у сферах узаемнага зацікаўлення: гандаль і інвестыцыі, транспарт, транзіт, трансгранічнае і рэгіянальнае супрацоўніцтва, спрашчэнне візавага рэжыму, ахова навакольнага асяроддзя.

Беларусь выступала надзейным партнёрам Еўрапейскага саюза (ЕС) не толькі з пункту гледжання падтрымання сацыяльна-эканамічнай стабільнасці ў рэгіёне, але і па стратэгічна важных пытаннях агульнаеўрапейскага значэння: забеспячэнне ваенна-палітычнай, энергетычнай і экалагічнай бяспекі, барацьба са злачыннасцю, наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй.

Мінск запатрабаваны ў якасці міжнароднай пляцоўкі, на якой абмяркоўваюцца і прапануюцца шляхі вырашэння найскладанейшых сусветных і рэгіянальных праблем.

Сталіца Беларусі асацыіруецца ў свеце з мінскімі пагадненнямі — прызнанай на міжнародным узроўні асновай урэгулявання канфлікту ва Украіне. На перамовах у Мінску быў прыняты комплекс мер і распрацаваны крокі па выкананні Мінскіх пагадненняў, закліканых усталяваць мір ва Украіне.

У 2016 г. Беларусь выступіла з ініцыятывай па запуску новага Хельсінкскага працэсу — агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва ў свеце. Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка на пленарным пасяджэнні, прысвечаным урачыстаму адкрыццю 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, адзначыў неабходнасць шырокага дыялогу, накіраванага на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах паміж усімі дзяржавамі.

У 2015 г. прадстаўнікі 193 сусветных дзяржаў на пасяджэнні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый адобрылі Парадак дня — 2030, якая абвясціла 17 глабальных Мэт устойлівага развіцця (МУР). Рэспубліка Беларусь актыўна ўключылася ў рэалізацыю гэтага праекта ААН. У 2015 г. Урадам зацверджана Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця (НСУР), якая вызначыла асноўныя арыенціры, якіх мяркуецца дасягнуць да 2030 г.