Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 19–2. Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь у пачатку XXI ст.

1. Калі БССР стала сябрам ААН?

2. Якія падзеі грамадска-палітычнага жыцця Беларусі на мяжы XX—XXI стст. аказалі найбольшы ўплыў на геапалітычнае становішча нашай краіны?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Падручнік: § 19–2. Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь у пачатку XXI ст.
Надрукаваны: Госць
Дата: Панядзелак 19 Травень 2025 5:51

1. Шматвектарны характар знешнепалітычнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь

 З пачатку XXI ст. знешнепалітычная дзейнасць Рэспублікі Беларусь характарызуецца шматвектарнасцю. Яе асноўнай мэтай з'яўляецца ўмацаванне партнёрства з краінамі ў розных рэгіёнах у сферах узаемнага зацікаўлення: гандаль і інвестыцыі, транспарт, транзіт, трансгранічнае і рэгіянальнае супрацоўніцтва, спрашчэнне візавага рэжыму, ахова навакольнага асяроддзя.

Беларусь выступала надзейным партнёрам Еўрапейскага саюза (ЕС) не толькі з пункту гледжання падтрымання сацыяльна-эканамічнай стабільнасці ў рэгіёне, але і па стратэгічна важных пытаннях агульнаеўрапейскага значэння: забеспячэнне ваенна-палітычнай, энергетычнай і экалагічнай бяспекі, барацьба са злачыннасцю, наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй.

Мінск запатрабаваны ў якасці міжнароднай пляцоўкі, на якой абмяркоўваюцца і прапануюцца шляхі вырашэння найскладанейшых сусветных і рэгіянальных праблем.

Сталіца Беларусі асацыіруецца ў свеце з мінскімі пагадненнямі — прызнанай на міжнародным узроўні асновай урэгулявання канфлікту ва Украіне. На перамовах у Мінску быў прыняты комплекс мер і распрацаваны крокі па выкананні Мінскіх пагадненняў, закліканых усталяваць мір ва Украіне.

У 2016 г. Беларусь выступіла з ініцыятывай па запуску новага Хельсінкскага працэсу — агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва ў свеце. Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка на пленарным пасяджэнні, прысвечаным урачыстаму адкрыццю 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, адзначыў неабходнасць шырокага дыялогу, накіраванага на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах паміж усімі дзяржавамі.

У 2015 г. прадстаўнікі 193 сусветных дзяржаў на пасяджэнні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый адобрылі Парадак дня — 2030, якая абвясціла 17 глабальных Мэт устойлівага развіцця (МУР). Рэспубліка Беларусь актыўна ўключылася ў рэалізацыю гэтага праекта ААН. У 2015 г. Урадам зацверджана Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця (НСУР), якая вызначыла асноўныя арыенціры, якіх мяркуецца дасягнуць да 2030 г.

2. Развіццё эканамічных і культурных сувязяў з краінамі блізкага і далёкага замежжа

Развіццё двухбаковых адносін з краінамі СНД — ​адзін з асноўных знешнепалітычных і знешнеэканамічных прыярытэтаў Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым важнейшай сферай супрацоўніцтва з’яўляецца гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне. Ключавымі гандлёвымі партнёрамі выступаюць Расія, Украіна, Казахстан, Азербайджан і Малдова, на долю якіх прыпадае больш за 90 % беларускага экспарту ў рэгіён СНД.

Пашырылася супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах, па пытаннях міжнароднай бяспекі з краінамі Еўрапейскага саюза і Злучанымі Штатамі Амерыкі.

Рэспубліка Беларусь паслядоўна ўмацоўвае і пашырае далёкую знешнепалітычную «дугу» саюзнікаў і партнёраў у Азіяцкім, Блізкаўсходнім, Афрыканскім і Лацінаамерыканскім рэгіёнах. Асноўныя кірункі развіцця адносін — ​актывізацыя палітычнага, эканамічнага і культурнага ўзаемадзеяння з традыцыйнымі партнёрамі (Кітай, В’етнам, Індыя, ААЭ, Сірыя, Егіпет), наладжванне дыялогу, актыўны выхад і замацаванне на рынках дзяржаў, якія маюць значны патэнцыял для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Вектар развіцця ўзаемаадносін з Лацінскай Амерыкай накіраваны ў першую чаргу на супрацоўніцтва з такімі краінамі, як Куба, Бразілія, Венесуэла.

Актыўна развіваецца міжнароднае культурнае супрацоўніцтва. Ключавой падзеяй такога супрацоўніцтва стаў штогадовы фестываль «Славянскі базар у Віцебску». Рэгулярна праводзяцца міжнародныя фестывалі мастацтваў, мастацкія выставы, кіна- і тэатральныя фестывалі.

Адным з прыярытэтаў з’яўляецца супрацоўніцтва ў сферы культуры з ЮНЕСКА. Чатыры аб’екты на тэрыторыі Беларусі ўключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта Белавежская пушча, Мірскі замак, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Дуга Струвэ, якая праходзіць па тэрыторыі яшчэ дзевяці еўрапейскіх дзяржаў.

Характэрнай рысай міжнародных культурных сувязей Беларусі на сучасным этапе стала пашырэнне ўдзелу ў іх няўрадавых арганізацый. Найбольш уплывовай структурай з’яўляецца Беларускае таварыства сяброўства і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. Галоўныя мэты гэтай арганізацыі — ​папулярызацыя культуры замежных краін у Беларусі і беларускай культуры за мяжой, паглыбленне міжнароднага супрацоўніцтва ў культурных, адукацыйных і гуманітарных праграмах, развіццё народнай дыпламатыі.

3. Фарміраванне Еўразійскага эканамічнага саюза

Беларусь з’яўляецца актыўным удзельнікам і іншых інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. У 1995 г. прэзідэнтамі Расіі, Беларусі і Казахстана быў падпісаны дагавор аб стварэнні Мытнага саюза, да якога далучыліся Кыргызстан і Таджыкістан. З апорай на гэты саюз у 2000 г. было створана Еўразійскае эканамічнае супольніцтва (ЕўрАзЭС), а ў 2007 г. прынята рашэнне аб стварэнні адзінай мытнай тэрыторыі. З 2010 г. функцыянуе Еўразійскі мытны саюз.

З 1 студзеня 2012 г. на тэрыторыі Мытнага саюза ЕўрАзЭС пачала дзейнічаць Адзіная эканамічная прастора (АЭП), якая з’яўляецца важнай умовай стабільнага і эфектыўнага развіцця эканомік дзяржаў-удзельніц і павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва.

29 мая 2014 г. у сталіцы Казах­стана быў падпісаны дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), які пачаў функцыянаваць з 1 студзеня 2015 г.

На постсавецкай прасторы гэтая арганізацыя з’яўляецца інтэграцыйным аб’яднаннем, якое актыўна развіваецца. Для Беларусі з яе развітой прамысловасцю ЕўрАзЭС адкрыла рынкі збыту айчыннай экспартнай прадукцыі: трактароў, грузавых аўтамабіляў, халадзільнікаў, лекавых сродкаў, мэблі і інш.

4. Узаемаадносіны Беларусі з краінамі Еўрапейскага саюза

Еўрапейскі саюз (ЕС) займае важнае месца ў знешняй палітыцы Беларусі. У 1992 г. Рэспубліка Беларусь атрымала статус «спецыяльна запрошанага» члена Савета Еўропы. У 1995 г. было падпісана пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і ЕС.

У 2009 г. Беларусь стала краінай — ​удзельніцай праграмы ЕС «Усходняе партнёрства».

Праведзены перамовы аб партнёрстве ў сферы мабільнасці для забеспячэння лепшага кіравання міграцыйнымі патокамі, па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, якія аблягчаюць працэдуры выдачы кароткатэрміновых віз, а таксама рэадмісіі нелегальных мігрантаў паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю.

У 2016 г. была створана Каардынацыйная група ЕС — ​Беларусь. Гэтая група служыць пляцоўкай для палітычнага дыялогу па ўсім спектры тэм, пачынаючы з эканомікі і фінансаў і заканчваючы пытаннямі адукацыі і навуковых даследа­ванняў.

5. Супрацоўніцтва з краінамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі

З улікам высокіх тэмпаў эканамічнага развіцця дзяржаў Азіі і павелічэння іх вагі ў сусветнай палітыцы і эканоміцы ў фокусе ўвагі беларускай дыпламатыі застаецца забеспячэнне высокай дынамікі супрацоўніцтва з традыцыйнымі і новымі партнёрамі ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі.

Выгаднае супрацоўніцтва наладжана з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Беларусь і Кітай неаднаразова выказвалі адзінства поглядаў па пытаннях міжнароднай палітыкі — пабудовы шматпалярнага свету, глабалізацыі, правоў чалавека. Неаднаразова абедзве дзяржавы падтрымлівалі адна адну ў ААН і іншых міжнародных структурах.

Паміж нашымі краінамі заключана каля сарака буйных крэдытных пагадненняў у сферы энергетыкі, будаўніцтва, транспартнай інфраструктуры, прамысловасці, сельскай гаспадаркі. Сярод іх можна вылучыць развіццё мабільнай сувязі, вытворчасць бытавой электратэхнікі на сумесным прадпрыемстве «Мідэа-Гарызонт», правядзенне мадэрнізацыі Нацыянальнага аэрапорта «Мінск». У Кітаі былі створаныя прадпрыемствы па зборцы, збыце і абслугоўванні беларускіх кар'ерных самазвалаў «БелАЗ», трактароў «Беларус».

Беларусь актыўна ўдзельнічае ў праекце «Эканамічны пояс Шаўковага шляху». Асаблівую ролю тут адыгрывае Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» як міжнародны высокатэхналагічны праект, які адкрыты для новых замежных інвестараў. Па стане на студзень 2019 г. у парку зарэгістраваныя 42 рэзідэнты з Кітая, Германіі, Канады, Ізраіля і іншых краін.

Галоўным партнёрам Беларусі ў Лацінскай Амерыцы з'яўляецца Венесуэла. Сур'ёзны імпульс развіццю двухбаковых адносін надаў візіт у Мінск прэзідэнта Уга Чавеса ў 2006 г. Агульнасць палітычных поглядаў кіраўнікоў дзвюх краін абумовіла і развіццё эканамічных сувязяў. Было рэалізавана больш за 85 сумесных праектаў у галіне будаўніцтва жылля, нафтаздабычы, энергетыкі, сельскай гаспадаркі, прамысловасці і ў навуковай сферы. У Венесуэле адкрыты сумесныя вытворчасці па зборцы аўтамабіляў МАЗ і трактароў «Беларус».

Сярод іншых краін Лацінскай Амерыкі Беларусь развівае адносіны з такімі рэгіянальнымі лідарамі як Бразілія і Аргенціна, Куба, Балівія, Эквадор, Нікарагуа.

Вялікае значэнне наша краіна надае развіццю сувязяў з арабскімі краінамі Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. У 2000-я гг. важнымі партнёрамі Беларусі ў гэтым рэгіёне былі Сірыя і Лівія. У апошнія гады прыярытэтнымі партнёрамі на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы з'яўляюцца Егіпет, Ізраіль, ПАР, краіны Персідскага заліва. З гэтымі дзяржавамі рэалізуюцца праекты ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, інвестыцыйнай галінах.

6. Развіццё сувязяў з беларускай дыяспарай

Па інфармацыі розных крыніц, колькасць беларускай дыяспары ў свеце складае каля 2,5 млн чалавек. Найбольш магутна яна прадстаўлена ў суседніх і гістарычна звязаных з Беларуссю краінах — ​Расіі, дзяржавах Балтыі, Украіне, Польшчы, Казахстане, Узбекістане, Малдове. Беларуская дыяспара прысутнічае таксама ў краінах далёкага замежжа — ​Аўстраліі, Аўстрыі, Аргенціне, Вялікабрытаніі, Германіі, Ізраілі, Іспаніі, Італіі, Канадзе, Нідэрландах, ЗША, Польшчы, Японіі і інш.

У 2014 г. набыў моц Закон «Аб беларусах замежжа». Дакументам рэгулюецца парадак аднясення асоб да беларусаў замежжа, а таксама рэгламентуюцца меры дзяржаўнай падтрымкі гэтай катэгорыі грамадзян. У верасні 2014 г. створаны Кансультацыйны савет пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь па справах беларусаў замежжа, удзельнікі якога ўзгадняюць сумесныя крокі па развіцці партнёрства дзяржавы і дыяспары.

Пытанні і заданні

1. Ахарактарызуйце асноўныя прынцыпы і напрамкі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе.

2. Выкарыстоўваючы тэкст параграфа і дадатковыя крыніцы, канкрэтызуйце выснову аб шматвектарнай знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь.

3. Якія, на ваш погляд, перспектыўныя напрамкі эканамічнага, навукова-тэхнічнага, культурнага супрацоўніцтва краін на постсавецкай прасторы?

4. Выкарыстоўваючы тэкст параграфа і дадатковыя крыніцы інфармацыі, падрыхтуйце паведамленне (прэзентацыю) аб дасягненнях знешнепалітычнай дзейнасці суверэннай Рэспублікі Беларусь.

5. Ацаніце месца і ролю Рэспублікі Беларусь у сучасных геапалітычных працэсах на постсавецкай прасторы, у Еўропе, у свеце.