§ 19–1. Рэспубліка Беларусь у міжнародным супольніцтве ў 1990-я гг.

1. Прыярытэты знешнепалітычнага курсу Рэспублікі Беларусь

27 ліпеня 1990 г. паводле Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі наша краіна стала самастойным суб'ектам сусветнай супольнасці. На працягу 1991–1994 гг. Рэспубліку Беларусь прызналі самастойнай незалежнай дзяржавай 129 краін.

У 1990-я гг. ключавымі задачамі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь сталі ўмацаванне адносін з краінамі СНД, у першую чаргу з Расіяй, уступленне ў міжнародныя арганізацыі, а таксама ўдзел у стварэнні сусветнай і еўрапейскай сістэмы бяспекі.

Рэспубліка Беларусь добраахвотна адмовілася ад выкарыстання, захоўвання і распаўсюджвання ядзернай зброі, далучылася да Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе.

З 1992 г. Мінск з'яўляўся перагаворнай пляцоўкай Мінскай групы АБСЕ па пошуку шляхоў мірнага ўрэгулявання карабахскага канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам.