Печатать книгуПечатать книгу

§ 19–1. Рэспубліка Беларусь у міжнародным супольніцтве ў 1990-я гг.

1. Калі быў абвешчаны дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь?

2. Якімі былі асноўныя прыярытэты знешняй палітыкі БССР?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 19–1. Рэспубліка Беларусь у міжнародным супольніцтве ў 1990-я гг.
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 12 Март 2025, 14:14

1. Прыярытэты знешнепалітычнага курсу Рэспублікі Беларусь

27 ліпеня 1990 г. паводле Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі наша краіна стала самастойным суб'ектам сусветнай супольнасці. На працягу 1991–1994 гг. Рэспубліку Беларусь прызналі самастойнай незалежнай дзяржавай 129 краін.

У 1990-я гг. ключавымі задачамі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь сталі ўмацаванне адносін з краінамі СНД, у першую чаргу з Расіяй, уступленне ў міжнародныя арганізацыі, а таксама ўдзел у стварэнні сусветнай і еўрапейскай сістэмы бяспекі.

Рэспубліка Беларусь добраахвотна адмовілася ад выкарыстання, захоўвання і распаўсюджвання ядзернай зброі, далучылася да Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе.

З 1992 г. Мінск з'яўляўся перагаворнай пляцоўкай Мінскай групы АБСЕ па пошуку шляхоў мірнага ўрэгулявання карабахскага канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам.

2. Дзейнасць Беларусі ў ААН

Важным прыярытэтам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ўзаемадзеянне з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. Удзел у працы ААН, сістэме яе органаў і спецыяльных устаноў дазваляе больш эфектыўна вырашаць задачы знешнепалітычнага забеспячэння працэсаў развіцця беларускай дзяржавы і мадэрнізацыі нацыянальнай эканомікі.

У 1992 г. у Мінску адкрылася прадстаўніцтва ААН. Беларусь актыўна супрацоўнічае з такімі арганізацыямі і ўстановамі сістэмы ААН, як Спецыялізаваная ўстанова Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), Міжнародная арганізацыя працы (МАП), Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці (УНЗ) і іншымі.

Наша краіна адной з першых падпісала Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, а таксама Парыжскую хартыю для новай Еўропы, што дазволіла ёй стаць паўнапраўным удзельнікам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). Рэспубліка Беларусь з’яўляецца членам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), прынята ў Міжнародны валютны фонд (МВФ).

Рэспубліка Беларусь дасягнула вялікіх поспехаў у супрацоўніцтве з еўрапейскімі краінамі па пераадоленні доўгатэрміновых наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 8 снежня 2016 г. на пленарным пасяджэнні Генеральная Асам­блея ААН прыняла ініцыяваную і падрыхтаваную дэлегацыяй Беларусі рэзалюцыю «Доўгатэрміновыя наступствы чарнобыльскай катастрофы». Важным сімвалічным элементам рэзалюцыі з’яўляецца абвяшчэнне 26 красавіка Міжнародным днём памяці аб чарнобыльскай катастрофе.

3. Умацаванне сувязяў з краінамі СНД

Развіццё двухбаковых адносін з краінамі СНД з'яўлялася адным з асноўных знешнепалітычных і знешнеэканамічных прыярытэтаў Рэспублікі Беларусь у 1990-я гг. Роля Беларусі ў СНД вельмі значная. Мінск з'яўляецца месцам знаходжання выканаўчых і каардынацыйных органаў СНД. Беларусь прымае актыўны ўдзел у дзейнасці асноўных органаў СНД — Савеце кіраўнікоў дзяржаў, Савеце кіраўнікоў урадаў, Савеце міністраў замежных спраў і інш.

Рэспубліка Беларусь актыўна ўключалася ў дзейнасць рэгіянальных міжнародных арганізацый. У 1993 г. наша краіна далучылася да Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), мэта якой — развіццё супрацоўніцтва ў знешнепалітычнай, ваеннай, ваенна-тэхнічнай галінах, каардынацыя і аб'яднанне намаганняў у барацьбе з міжнародным тэрарызмам і іншымі сучаснымі пагрозамі бяспекі.

26 лютага 1999 г. у Маскве прэзідэнты Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана падпісалі Дагавор аб Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы. Асноўныя мэты Дагавора:

  • эфектыўнае функцыянаванне агульнага (унутранага) рынку тавараў, паслуг, капіталу і працы;
  • стварэнне ўмоў для структурнай перабудовы эканомікі бакоў у інтарэсах павышэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва;
  • правядзенне ўзгодненай падатковай, грашова-крэдытнай, валютна-фінансавай, гандлёвай, мытнай і тарыфнай палітыкі;
  • развіццё адзіных транспартных, энергетычных і інфармацыйных сістэм;
  • стварэнне агульнай сістэмы мер дзяржаўнай падтрымкі развіцця прыярытэтных галін эканомікі, вытворчай і навукова-тэхнічнай інфармацыі.

4. Развіццё інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй

Асноўным стратэгічным саюзнікам Рэспублікі Беларусь была і застаецца Расійская Федэрацыя. Двухбаковае партнёрства, развіццё саюзніцкіх адносін з Расіяй абумоўлены геаграфічнай і культурна-гістарычнай блізкасцю дзвюх краін і народаў, узаемадапаўняльнасцю эканомік, цеснымі ­кааперацыйнымі сувязямі беларускіх і расійскіх кампаній.

Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы заклаў асновы цеснай інтэграцыі нашых краін, надаў дынамічнае развіццё беларуска-расійскім адносінам пры ўмове, што і Расія, і Беларусь застаюцца самастойнымі суб’ектамі сусветнай супольнасці. Гэтым жа дакументам прадпісвалася стварэнне органаў, якія рэгулююць дзейнасць Саюзнай дзяржавы і жыццё ўнутры яе. У іх лік увайшлі Вышэйшы Дзяржаўны Савет, Савет Міністраў, Пастаянны Камітэт, Парламенцкі Сход.

У рамках Саюзнай дзяржавы Беларусь і Расія эфектыўна развіваюць гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае і інавацыйнае супрацоўніцтва, разнапланавыя кааперацыйныя і гуманітарныя сувязі.

Беларусь і Расія эфектыўна каардынуюць свае дзеянні на міжнароднай арэне ў адпаведнасці з Праграмай узгодненых дзеянняў у сферы знешняй палітыкі, якая прымаецца кожныя два гады.

Працэс інтэграцыі паміж Расіяй і Беларуссю працягваецца: нашы краіны заўсёды імкнуцца знаходзіць і знаходзяць рашэнні нават самых складаных пытанняў.

Пытанні і заданні

1. Якія змены адбыліся ў знешнепалітычным статусе Рэспублікі Беларусь пасля распаду СССР?

2. Ахарактарызуйце асноўныя задачы і прыярытэтныя накірункі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь у 1990-я гг.

3. Ахарактарызуйце асноўныя этапы інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй.

4. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, падрыхтуйце паведамленні аб:

  • дзейнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы;
  • дзейнасці Рэспублікі Беларусь у ААН;
  • кірунках супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з краінамі СНД.