§ 16–17 – 5. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

1. Пачатак вызвалення тэрыторыі Беларусі. Аперацыя «Баграціён» і яе вынікі

Атрымаўшы перамогу ў Курскай бітве, Чырвоная Армія працягнула наступленне і ўвосень 1943 г. уступіла на тэрыторыю Беларусі. 22 верасня быў вызвалены першы раённы цэнтр БССР — горад Камарын. У канцы верасня былі вызваленыя гарады Хоцімск, Мсціслаў, Клімавічы, Крычаў. 23 лістапада 1943 г. быў вызвалены горад Гомель, туды адразу ж пераехалі ЦК КП (Б) Б, СНК БССР і БШПД.

У студзені — сакавіку 1944 г. была праведзена Калінкавіцка-Мазырская аперацыя з удзелам Гомельскага, Палескага і Мінскага партызанскіх злучэнняў, у выніку якой былі вызваленыя гарады Мазыр і Калінкавічы.

У 1944 г. пачаўся завяршальны этап Вялікай Айчыннай вайны — поўнае выгнанне акупантаў з савецкай зямлі, вызваленне народаў Еўропы ад нацыстаў і разгром гітлераўскай Германіі. Значную ролю ў рашэнні гэтых задач адыграла Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён», якая пачалася 23 чэрвеня 1944 г. Для наступлення прыцягваліся войскі франтоў: 1-га Беларускага (камандуючы — генерал арміі К. К. Ракасоўскі), 2-га Беларускага (генерал-палкоўнік Г. Ф. Захараў), 3-га Беларускага (генерал-лейтэнант І. Д. Чарняхоўскі), 1-га Прыбалтыйскага (генерал арміі I. X. Баграмян), а таксама Дняпроўская флатылія і партызаны. Дзеянні франтоў каардынавалі маршалы Савецкага Саюза А. М. Васілеўскі і Г. К. Жукаў.

Найбольш упартыя баі разгарнуліся пад Віцебскам і Оршай, якія гітлераўцы ператварылі ў магутныя вузлы супраціўлення, паколькі Віцебск прыкрываў шлях у Прыбалтыку, а праз Оршу ішлі шляхі да Мінска. Віцебск быў вызвалены 26 чэрвеня 1944 г. У віцебскі «кацёл» трапіла пяць дывізій 3-й нямецкай танкавай арміі, якія 29 чэрвеня былі знішчаны. Супернік страціў у Віцебскім «катле» каля 20 тыс. салдат і афіцэраў забітымі, больш за 10 тыс. палоннымі.

Баі за Оршу працягваліся ўсю ноч з 26 на 27 чэрвеня. У ходзе жорсткіх баёў на подступах да Оршы і ў самім горадзе гітлераўцы страцілі забітымі і параненымі каля 20 тыс. салдат і афіцэраў, 1700 было ўзята ў палон.

29 чэрвеня быў вызвалены Бабруйск. У бабруйскім «катле» была ліквідавана варожая групоўка колькасцю больш за шэсць дывізій 9-й нямецкай палявой арміі. Гітлераўцы страцілі 50 тыс. чалавек забітымі, у палон трапіла 23 680 салдат і афіцэраў.

Адначасова з Віцебска-Аршанскай і Бабруйскай аперацыямі войскі 2-га Беларускага фронту правялі Магілёўскую аперацыю. За шэсць дзён яны фарсіравалі шэсць водных рубяжоў, у тым ліку Днепр, 28 чэрвеня вызвалілі Магілёў і прасунуліся на 90 км. Самае моцнае супраціўленне ворага на мінскім напрамку савецкія войскі сустрэлі на рубяжы па рацэ Бярэзіна, асабліва ў раёне Барысава, Нова-Барысава і Зембіна. Войскі 3-га Беларускага фронту фарсіравалі Бярэзіну, 1 ліпеня вызвалілі Барысаў і выйшлі на паўночна-ўсходнія подступы да Мінска.

На досвітку 3 ліпеня з усходу ў Мінск уварваўся 2-і гвардзейскі танкавы корпус генерал-маёра А. С. Бурдзейнага. Паспяховыя баявыя дзеянні вялі і іншыя злучэнні танкістаў. Не сустрэўшы арганізаванага супраціўлення ворага па Маскоўскай шашы, яны прарваліся па Савецкай вуліцы (цяпер праспект Незалежнасці) у цэнтр горада. Следам у сталіцу ўвайшлі падраздзяленні 11-й гвардзейскай і 31-й армій. Пераадольваючы ўпарты супраціў гітлераўцаў, у сярэдзіне дня на паўднёвыя ўскраіны горада выйшлі войскі 1-га Беларускага фронту. У другой палове дня 3 ліпеня 1944 г. Мінск быў цалкам вызвалены.

Пятага ліпеня пачаўся другі этап аперацыі «Баграціён», які завяршыўся выгнаннем акупантаў з тэрыторыі Беларусі. У ходзе наступлення савецкія войскі вызвалілі 5 ліпеня — Маладзечна, 8-га — Баранавічы, 16-га — Гродна, 28 ліпеня — Брэст.