§ 16–17 – 5. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
Якім было становішча на савецка-германскім фронце летам — восенню 1943 г.?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 16–17 – 5. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Среда, 12 Март 2025, 13:57 |
Оглавление
- 1. Пачатак вызвалення тэрыторыі Беларусі. Аперацыя «Баграціён» і яе вынікі
- 2. Подзвігі савецкіх воінаў
- 3. Уклад беларускага народа ў разгром нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў
- 4. Крыніцы перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне
- 5. Ураджэнцы Беларусі ў еўрапейскім руху Супраціўлення і на франтах Другой сусветнай вайны
- Пытанні і заданні
1. Пачатак вызвалення тэрыторыі Беларусі. Аперацыя «Баграціён» і яе вынікі
Атрымаўшы перамогу ў Курскай бітве, Чырвоная Армія працягнула наступленне і ўвосень 1943 г. уступіла на тэрыторыю Беларусі. 22 верасня быў вызвалены першы раённы цэнтр БССР — горад Камарын. У канцы верасня былі вызваленыя гарады Хоцімск, Мсціслаў, Клімавічы, Крычаў. 23 лістапада 1943 г. быў вызвалены горад Гомель, туды адразу ж пераехалі ЦК КП (Б) Б, СНК БССР і БШПД.
У студзені — сакавіку 1944 г. была праведзена Калінкавіцка-Мазырская аперацыя з удзелам Гомельскага, Палескага і Мінскага партызанскіх злучэнняў, у выніку якой былі вызваленыя гарады Мазыр і Калінкавічы.
У 1944 г. пачаўся завяршальны этап Вялікай Айчыннай вайны — поўнае выгнанне акупантаў з савецкай зямлі, вызваленне народаў Еўропы ад нацыстаў і разгром гітлераўскай Германіі. Значную ролю ў рашэнні гэтых задач адыграла Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён», якая пачалася 23 чэрвеня 1944 г. Для наступлення прыцягваліся войскі франтоў: 1-га Беларускага (камандуючы — генерал арміі К. К. Ракасоўскі), 2-га Беларускага (генерал-палкоўнік Г. Ф. Захараў), 3-га Беларускага (генерал-лейтэнант І. Д. Чарняхоўскі), 1-га Прыбалтыйскага (генерал арміі I. X. Баграмян), а таксама Дняпроўская флатылія і партызаны. Дзеянні франтоў каардынавалі маршалы Савецкага Саюза А. М. Васілеўскі і Г. К. Жукаў.
Найбольш упартыя баі разгарнуліся пад Віцебскам і Оршай, якія гітлераўцы ператварылі ў магутныя вузлы супраціўлення, паколькі Віцебск прыкрываў шлях у Прыбалтыку, а праз Оршу ішлі шляхі да Мінска. Віцебск быў вызвалены 26 чэрвеня 1944 г. У віцебскі «кацёл» трапіла пяць дывізій 3-й нямецкай танкавай арміі, якія 29 чэрвеня былі знішчаны. Супернік страціў у Віцебскім «катле» каля 20 тыс. салдат і афіцэраў забітымі, больш за 10 тыс. палоннымі.
Баі за Оршу працягваліся ўсю ноч з 26 на 27 чэрвеня. У ходзе жорсткіх баёў на подступах да Оршы і ў самім горадзе гітлераўцы страцілі забітымі і параненымі каля 20 тыс. салдат і афіцэраў, 1700 было ўзята ў палон.
29 чэрвеня быў вызвалены Бабруйск. У бабруйскім «катле» была ліквідавана варожая групоўка колькасцю больш за шэсць дывізій 9-й нямецкай палявой арміі. Гітлераўцы страцілі 50 тыс. чалавек забітымі, у палон трапіла 23 680 салдат і афіцэраў.
Адначасова з Віцебска-Аршанскай і Бабруйскай аперацыямі войскі 2-га Беларускага фронту правялі Магілёўскую аперацыю. За шэсць дзён яны фарсіравалі шэсць водных рубяжоў, у тым ліку Днепр, 28 чэрвеня вызвалілі Магілёў і прасунуліся на 90 км. Самае моцнае супраціўленне ворага на мінскім напрамку савецкія войскі сустрэлі на рубяжы па рацэ Бярэзіна, асабліва ў раёне Барысава, Нова-Барысава і Зембіна. Войскі 3-га Беларускага фронту фарсіравалі Бярэзіну, 1 ліпеня вызвалілі Барысаў і выйшлі на паўночна-ўсходнія подступы да Мінска.
На досвітку 3 ліпеня з усходу ў Мінск уварваўся 2-і гвардзейскі танкавы корпус генерал-маёра А. С. Бурдзейнага. Паспяховыя баявыя дзеянні вялі і іншыя злучэнні танкістаў. Не сустрэўшы арганізаванага супраціўлення ворага па Маскоўскай шашы, яны прарваліся па Савецкай вуліцы (цяпер праспект Незалежнасці) у цэнтр горада. Следам у сталіцу ўвайшлі падраздзяленні 11-й гвардзейскай і 31-й армій. Пераадольваючы ўпарты супраціў гітлераўцаў, у сярэдзіне дня на паўднёвыя ўскраіны горада выйшлі войскі 1-га Беларускага фронту. У другой палове дня 3 ліпеня 1944 г. Мінск быў цалкам вызвалены.
Пятага ліпеня пачаўся другі этап аперацыі «Баграціён», які завяршыўся выгнаннем акупантаў з тэрыторыі Беларусі. У ходзе наступлення савецкія войскі вызвалілі 5 ліпеня — Маладзечна, 8-га — Баранавічы, 16-га — Гродна, 28 ліпеня — Брэст.
2. Подзвігі савецкіх воінаў
Пры вызваленні Беларусі ад германскіх захопнікаў савецкія воіны праяўлялі мужнасць і гераізм. На беларускай зямлі больш за 20 воінаў паўтарылі подзвіг Аляксандра Матросава; звыш 10 лётчыкаў здзейснілі паветраныя тараны і каля 30 паўтарылі подзвіг Мікалая Гастэлы.
Радзіма высока ацаніла масавы гераізм савецкіх воінаў у баях за Беларусь: 1687 чалавек былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, у тым ліку 39 беларусаў. Звыш ста Герояў Савецкага Саюза ў пасляваенныя гады былі ўдастоены звання ганаровых грамадзян беларускіх гарадоў. Камандуючы 65-й арміяй генерал П. І. Батаў быў удастоены гэтага звання ў сямі гарадах, вызваленых яго байцамі: Баранавічах, Бабруйску, Калінкавічах, Лоеве, Рэчыцы, Светлагорску, Слоніме. 874 воінскія часці былі ўзнагароджаны ордэнамі, 747 воінскіх часцей удастоены ганаровых найменняў беларускіх гарадоў.
Беларусь памятае і шануе сваіх вызваліцеляў. Уклад беларускага народа ў Вялікую Перамогу, у справу разгрому фашызму атрымаў прызнанне ва ўсім свеце.
3. Уклад беларускага народа ў разгром нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў
Беларускі народ зрабіў значны ўнёсак у перамогу над ворагам. На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагалася больш за 1,3 млн выхадцаў з Беларусі. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі гераічна супрацьстаялі ворагу 374 тыс. партызан. Мужную барацьбу вялі 70 тыс. падпольшчыкаў.
За гераізм і мужнасць 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 95 чалавек атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. За доблесць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з захопнікамі, звыш 300 тыс. салдат і афіцэраў — ураджэнцаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Больш за 400 воінаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза, а П. Я. Галавачову, І. І. Гусакоўскаму, С. Ф. Шутаву, І. І. Якубоўскаму гэтае званне было нададзена двойчы.
Выхадцы з Беларусі змагаліся з нацызмам у еўрапейскім руху Супраціўлення — у Францыі, Італіі, Бельгіі, Чэхаславакіі.
У ходзе эвакуацыі з тэрыторыі Беларусі ва ўсходніх рэгіёнах СССР апынулася звыш 1,5 млн чалавек. Сваёй самаадданай працай яны зрабілі вялізны ўнёсак у перамогу над ворагам, забяспечваючы франты зброяй, тэхнікай, боепрыпасамі, медыкаментамі і харчаваннем. Працоўны подзвіг дзясяткаў тысяч беларусаў быў адзначаны ордэнамі і медалямі.
Беларускі народ заплаціў высокую цану за перамогу над нацызмам. За гады Другой сусветнай вайны Беларусь страціла каля 3 млн чалавек. Матэрыяльная шкода склала 75 млрд руб. у цэнах 1941 г., што ў 35 раз перавышала бюджэт БССР 1940 г. Па ўзроўні прамысловага развіцця рэспубліка была адкінута на ўзровень 1913 г.
4. Крыніцы перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне
Асноўнымі крыніцамі перамогі савецкага народа былі:
- гераізм і згуртаванне савецкага народа;
- акрэплая ў вайне сіла Чырвонай арміі, узрастанне ваеннага мастацтва яе палкаводцаў, камандзіраў і палітработнікаў;
- адзінства фронту і тылу;
- гераічная барацьба партызанскіх злучэнняў і падполля;
- арганізатарская дзейнасць камуністычнай партыі, якую падтрымліваў народ, і інш.
5. Ураджэнцы Беларусі ў еўрапейскім руху Супраціўлення і на франтах Другой сусветнай вайны
Многія нашы землякі прынялі актыўны ўдзел у антыфашысцкім руху Супраціўлення ў краінах Еўропы.
Адным з лепшых памочнікаў камандзіра італьянскай 16-й гарыбальдыйскай дывізіі «Вігана» быў 19-гадовы Аляксандр з Мінска (вядома толькі яго імя). Аляксандр загінуў у снежні 1944 г. У Італіі загінуў таксама А. К. Кісялёў, ураджэнец вёскі Стары Стан Клімавіцкага раёна, які змагаўся ў партызанскай брыгадзе «Матэоці-ды-Мантанья». Шаснаццацігадовым юнаком быў дэпартаваны на прымусовыя работы М. С. Фралоў з вёскі Сідаравічы Магілёўскага раёна. Апынуўшыся ў Італіі, ён уцёк да партызан. Пасля вызвалення Італіі Фралоў атрымаў «пасведчанне патрыёта».
Інжынер з Дзяржынска А. В. Варанкоў у 1943 г. здзейсніў уцёкі з фашысцкага канцлагера і ўзначаліў штаб партызанскага атрада, а затым брыгады, якія дзейнічалі на тэрыторыі Бельгіі. Пасля выгнання фашысцкіх захопнікаў ён у ліку 30 іншых савецкіх партызан быў узнагароджаны вышэйшым ваенным ордэнам Бельгіі.
Апынуўшыся ў канцэнтрацыйных лагерах, выхадцы з Беларусі ўсталёўвалі кантакты з антыфашысцкім рухам на волі, прымалі ўдзел у стварэнні баявых цэнтраў, якія дзейнічалі ў Асвенціме, Дахау, Бухенвальдзе, Заксенхаўзене і інш. Падпольную арганізацыю ў канцэнтрацыйным лагеры Маўтхаўзен пасля гібелі генерал-лейтэнанта Д. М. Карбышава ўзначаліў ураджэнец горада Чавусы Магілёўскай вобласці палкоўнік Л. Я. Маневіч. Пад яго кіраўніцтвам быў распрацаваны план паўстання. Вязні захапілі лагер і ўтрымлівалі яго да падыходу саюзнікаў.
У Францыі дзейнічаў арганізаваны збеглымі з канцлагера «Эрувіль» беларускімі партызанкамі і падпольшчыцамі асобы жаночы атрад «Радзіма». Камандзірам яго была выбрана мінчанка Н. І. Лісавец, а пасля — Р. 3. Сямёнава-Фрыдзон. Абедзвюм было прысвоена званне лейтэнанта французскай арміі.
Брыгаду імя К. Готвальда, якая дзейнічала ў Чэхаславакіі, узначальваў ураджэнец Лепельскага раёна В. А. Квіцінскі. Толькі ў верасні 1944 г. брыгада ажыццявіла 158 баявых аперацый. Савецкі ўрад прысвоіў яе камандзіру званне Героя Савецкага Саюза.
Ураджэнцы Беларусі — удзельнікі руху супраціву зрабілі значны ўклад у барацьбу еўрапейскіх народаў за вызваленне ад нацызму.
Пытанні і заданні
1. У чым заключалася галоўная мэта аперацыі «Баграціён»? Выкарыстоўваючы карту, ахарактарызуйце ход аперацыі і яе асноўныя вынікі.
2. Канкрэтызуйце прыкладамі крыніцы перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
3. Ацаніце ўклад беларускага народа ў разгром нацысцкай Германіі.
4. Правядзіце даследаванне і ўстанавіце, якія вуліцы вашага населенага пункта названыя ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны. Якія подзвігі яны здзейснілі?
5. Выкарыстоўваючы матэрыялы краязнаўчага (школьнага) музея, кнігу «Памяць», падрыхтуйце паведамленне (або прэзентацыю) аб вызваленні вашага рэгіёну ад фашысцкіх захопнікаў.