§ 16–17 – 3. Германскі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі

1. Германскі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі

На беларускай тэрыторыі кровапралітная вайна доўжылася 3 гады 1 месяц і 6 дзён. Захапіўшы Беларусь, акупанты ўсталявалі тут так званы новы парадак — ​рэжым тэрору, здзекаў з насельніцтва і гвалту.

Гэта быў загадзя распрацаваны, абдуманы і мэтанакіраваны план генацыду, ліквідацыі савецкага грамадства і дзяржаўнага ладу, рабавання нацыянальных багаццяў і прыродных рэсурсаў краіны. Ідэалагічнай асновай гэтай палітыкі з’яўлялася тэорыя нацыстаў аб «расавай перавазе» нямецкай нацыі над іншымі народамі, неабходнасці пашырэння «жыццёвай прасторы» для немцаў, «права» на сусветнае панаванне «трэцяга рэйху». У адпаведнасці з генеральным планам «Ост» германскія захопнікі планавалі пакінуць у Беларусі да 25 % мясцовага насельніцтва для анямечвання і выкарыстання ў якасці рабочай сілы. 75 % падлягалі высяленню альбо знішчэнню. Для рэалізацыі плана «Ост» была вызначана структура ваенных і паліцэйскіх акупацыйных улад.

Так, тэрыторыя Віцебскай, Магілёўскай, амаль усёй Гомельскай, усходнія раёны Мінскай і некалькі раёнаў Палескай абласцей былі аднесены да вобласці армейскага тылу групы армій «Цэнтр». Улада на гэтай тэрыторыі знаходзілася ў руках камандавання ваенных і паліцэйскіх органаў.

Паўднёвыя раёны Палескай, Пінскай і Брэсцкай абласцей былі далучаны да рэйхскамісарыята «Украіна». Беластоцкую вобласць, паўночныя раёны Брэсцкай, частку раёнаў Баранавіцкай абласцей гітлераўцы ўключылі ў склад Усходняй Прусіі. Паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці былі далучаны да Генеральнай акругі «Літва».

Цэнтральная частка Беларусі бы­ла ўключана ў Генеральную акругу «Беларусь», якая складала 1/3 тэрыторыі даваеннай Беларусі з насельніцтвам 3,1 млн чалавек. Яна ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Остланд» з цэнтрам у Рызе і падзялялася на 11 акруг (гебітаў).

На пасаду генеральнага камісара Беларусі быў назначаны Вільгельм Кубэ, а пасля яго забойства падпольшчыкамі ў канцы верасня 1943 г. — ​брыгадэн­фюрар СС, генерал-лейтэнант паліцыі Курт фон Готберг.

Акупацыйны апарат уяўляў сабой эфектыўную машыну па рабаванні захопленай тэрыторыі, асноўнай задачай якога з’яўлялася эканамічнае забеспячэнне групы армій «Цэнтр».

На працягу акупацыі ў Германію вывозіліся прамысловае абсталяванне, сыравіна, лес, жывёла і іншыя рэсурсы. Ацалелыя прадпрыемствы перадаваліся нямецкім фабрыкантам, а зямля — ​каланістам, былым памешчыкам. Ра­зам з тым акупанты ў сваіх інтарэсах імкнуліся арганізаваць працу прамысловасці і транспарту, захаваць калгасы і саўгасы, наладзіць дзейнасць некаторых культурных і навуковых устаноў.