§ 15. Беларусь у геапалітычных умовах міжваеннага перыяду

1. Геапалітычнае становішча Савецкай Беларусі

1 студзеня 1919 г. была ўтворана Сацыя­лістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі (ССРБ). У маніфесце Часовага Рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусь абвяшчалася «свабоднай, незалежнай сацыялістычнай рэспублікай».

У няпростых міжнародных абставінах, звязаных з пачаткам польскай агрэсіі супраць Савецкай Расіі, 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб уключэнні Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў у склад РСФСР, а таксама аб стварэнні на аснове Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі (Літбел). Меркавалася, што ўключаныя ў склад РСФСР Віцебская і Магілёўская губерні, калі іншыя тэрыторыі Беларусі будуць захоплены Польшчай, у будучыні змогуць стаць асновай беларускай дзяржавы.

I Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў (2–3 лютага 1919 г.) вызначыў тэрыторыю ССРБ у складзе Мінскай і Гродзенскай губерняў і прыняў «Дэкларацыю аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Літвы і Беларусі».

Літбел спыніла сваё існаванне ва ўмовах польскай акупацыі ў ліпені 1919 г. Значнай падзеяй у гісторыі станаўлення беларускай дзяржаўнасці стала другое абвяшчэнне ССРБ 31 ліпеня 1920 г. Беларусь як самастойная дзяржава набыла міжнародную правасуб’ектнасць і магла ўдзельнічаць ва ўсіх міжнародных перамовах, у тым ліку і па ўрэгуляванні пытанняў адносна ўласнай тэрыторыі. Дэкларацыяй прадугледжвалася, што межы з Савецкай Расіяй і Украінай павінны ­вызначацца свабодным волевыяўленнем беларускага народа на павятовых і губернскіх з’ездах Саветаў і ў поўнай згодзе з урадамі Расіі і Украіны. Заходняя мяжа павінна праходзіць па этнаграфічных межах паміж Беларуссю і прылеглымі сумежнымі дзяржавамі. Канчатковы іх варыянт неабходна было вызначыць на перамовах паміж Польскай рэспублікай і ССРБ.

Яшчэ 1 ліпеня 1919 г. адбылося падпісанне дагавора аб ваенна-палітычным саюзе савецкіх рэспублік, які паклаў пачатак іх палітычнай і эканамічнай інтэграцыі. 16 студзеня 1921 г. паміж ССРБ і РСФСР быў падпісаны дагавор аб ваенным і гаспадарчым саюзе.

Падпісаныя дагаворы дазволілі пачаць пошук і выпрацоўку форм аб’яднання савецкіх рэспублік у адну дзяржаву.

30 снежня 1922 г. дэлегацыі РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР, якія сабраліся на I Усесаюзны з’езд Саветаў, падпісалі Дэкларацыю і Дагавор аб стварэнні СССР. Ад імя БССР пад гэтымі дакументамі паставілі свае подпісы 25 чалавек. СССР быў створаны ў адпаведнасці з прапанаваным У. І. Леніным планам аб’яднання ўсіх савецкіх рэспублік у саюзную дзяржаву. На з’ездзе быў абраны ЦВК СССР, у які ад БССР увайшлі А. Р. Чарвякоў (ён жа стаў адным з чатырох старшынь ЦВК СССР), У. М. Ігнатоўскі і інш.

Агульнасаюзныя органы ўлады павінны былі вырашаць пытанні аб дзяржаўных межах, кіраванні ваеннымі, знешнепалітычнымі, чыгуначнымі, паштова-тэлеграфнымі справамі, агульным планаванні народнай гаспадаркі і кіраванні ёю, зацвярджэнні агульнасаюзнага бюджэту, усталяванні адзінай грашовай і крэдытнай сістэмы, агульных пачаткаў землеўпарадкавання і землекарыстання, судовага ладу і судаводства, развіцця народнай асветы і г. д.