Печатать книгуПечатать книгу

§ 15. Беларусь у геапалітычных умовах міжваеннага перыяду

Якія падзеі грамадска-палітычнага жыцця БССР у 1920—1930-я гг. маглі паўплываць на яе геапалітычнае становішча? 

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 15. Беларусь у геапалітычных умовах міжваеннага перыяду
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 19 Май 2025, 05:42

1. Геапалітычнае становішча Савецкай Беларусі

1 студзеня 1919 г. была ўтворана Сацыя­лістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі (ССРБ). У маніфесце Часовага Рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусь абвяшчалася «свабоднай, незалежнай сацыялістычнай рэспублікай».

У няпростых міжнародных абставінах, звязаных з пачаткам польскай агрэсіі супраць Савецкай Расіі, 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб уключэнні Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў у склад РСФСР, а таксама аб стварэнні на аснове Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі (Літбел). Меркавалася, што ўключаныя ў склад РСФСР Віцебская і Магілёўская губерні, калі іншыя тэрыторыі Беларусі будуць захоплены Польшчай, у будучыні змогуць стаць асновай беларускай дзяржавы.

I Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў (2–3 лютага 1919 г.) вызначыў тэрыторыю ССРБ у складзе Мінскай і Гродзенскай губерняў і прыняў «Дэкларацыю аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Літвы і Беларусі».

Літбел спыніла сваё існаванне ва ўмовах польскай акупацыі ў ліпені 1919 г. Значнай падзеяй у гісторыі станаўлення беларускай дзяржаўнасці стала другое абвяшчэнне ССРБ 31 ліпеня 1920 г. Беларусь як самастойная дзяржава набыла міжнародную правасуб’ектнасць і магла ўдзельнічаць ва ўсіх міжнародных перамовах, у тым ліку і па ўрэгуляванні пытанняў адносна ўласнай тэрыторыі. Дэкларацыяй прадугледжвалася, што межы з Савецкай Расіяй і Украінай павінны ­вызначацца свабодным волевыяўленнем беларускага народа на павятовых і губернскіх з’ездах Саветаў і ў поўнай згодзе з урадамі Расіі і Украіны. Заходняя мяжа павінна праходзіць па этнаграфічных межах паміж Беларуссю і прылеглымі сумежнымі дзяржавамі. Канчатковы іх варыянт неабходна было вызначыць на перамовах паміж Польскай рэспублікай і ССРБ.

Яшчэ 1 ліпеня 1919 г. адбылося падпісанне дагавора аб ваенна-палітычным саюзе савецкіх рэспублік, які паклаў пачатак іх палітычнай і эканамічнай інтэграцыі. 16 студзеня 1921 г. паміж ССРБ і РСФСР быў падпісаны дагавор аб ваенным і гаспадарчым саюзе.

Падпісаныя дагаворы дазволілі пачаць пошук і выпрацоўку форм аб’яднання савецкіх рэспублік у адну дзяржаву.

30 снежня 1922 г. дэлегацыі РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР, якія сабраліся на I Усесаюзны з’езд Саветаў, падпісалі Дэкларацыю і Дагавор аб стварэнні СССР. Ад імя БССР пад гэтымі дакументамі паставілі свае подпісы 25 чалавек. СССР быў створаны ў адпаведнасці з прапанаваным У. І. Леніным планам аб’яднання ўсіх савецкіх рэспублік у саюзную дзяржаву. На з’ездзе быў абраны ЦВК СССР, у які ад БССР увайшлі А. Р. Чарвякоў (ён жа стаў адным з чатырох старшынь ЦВК СССР), У. М. Ігнатоўскі і інш.

Агульнасаюзныя органы ўлады павінны былі вырашаць пытанні аб дзяржаўных межах, кіраванні ваеннымі, знешнепалітычнымі, чыгуначнымі, паштова-тэлеграфнымі справамі, агульным планаванні народнай гаспадаркі і кіраванні ёю, зацвярджэнні агульнасаюзнага бюджэту, усталяванні адзінай грашовай і крэдытнай сістэмы, агульных пачаткаў землеўпарадкавання і землекарыстання, судовага ладу і судаводства, развіцця народнай асветы і г. д.

2. Узбуйненне тэрыторыі БССР у 1924 і 1926 гг.

Пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора БССР налічвала 6 паветаў Мінскай губерні. Тэрыторыя Беларусі складала 52,3 тыс. км2, на ёй пражывала каля 1,6 млн чалавек. Паўнацэннае развіццё беларускай нацыі пры такім становішчы было немагчымым.

У верасні 1922 г. афіцыйны Мінск папрасіў ЦК РКП(б) вярнуць рэспубліцы Віцебскую губерню, частку Смаленскай і створаную ў 1919 г. (замест Магілёўскай) Гомельскую губерню, дзе пераважала беларускае насельніцтва.

Пасля ўтварэння СССР (30 снежня 1922 г.) пытанне аб вяртанні беларускіх зямель разглядалася ўжо ва ўмовах знаходжання БССР у складзе саюзнай дзяржавы. 3 сакавіка 1924 г. Прэзідыум ЦВК СССР прыняў пастанову «Аб перадачы БССР раёнаў з пераважна беларускім насельніцтвам». Да БССР перайшлі 16 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў. Тэрыторыя рэспублікі павялічылася больш чым у два разы і склала 110,5 тыс. км2, на ёй пражывала 4,2 млн чалавек.

Узбуйненне тэрыторыі рэспублікі ў 1924 г. канчаткова не вырашыла пытанне аб межах БССР. У жніўні 1926 г. кіраўніцтва Беларусі звярнулася ў ЦК ­ВКП(б) з просьбай вярнуць Гомельскую і тры паветы Пскоўскай губерні (Ве­ліжскі, ­Невельскі, Себежскі). 6 снежня Прэзідыум ЦВК СССР скасаваў Гомельскую губерню і далучыў Гомельскі і Рэчыцкі паветы да БССР. 8 снежня 1926 г. Прэзідыум ЦВК БССР уключыў названыя паветы ў склад рэспублікі. У выніку другога ўзбуйнення БССР у пачатку 1927 г. тэрыторыя рэспублікі складала 125,6 тыс. км2. На ёй пражывала каля 5 млн чалавек, 80 % якіх складалі беларусы. Тэрытарыяльныя змены 1924 і 1926 гг. былі замацаваны ў Канстытуцыі БССР 1927 г.

Узбуйненне тэрыторыі БССР узмацніла эканамічную базу, стварыла больш спрыяльныя ўмовы для далейшага гаспадарчага і сацыяльна-культурнага развіцця рэспублікі, садзейнічала кансалідацыі беларускай нацыі.

3. Заходнебеларускія землі ў складзе Польшчы. Палітыка польскіх уладаў

Па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора да Польшчы адышлі Гродзенская губерня, Навагрудскі, Пінскі, частка Слуцкага, Мазырскага і Мінскага паветаў Мінскай губерні, Лідскі, Ашмянскі, Дзісненскі паветы Віленскай губерні. Агульная плошча тэрыторыі складала больш за 110 тыс. км2. У 1931 г. на ёй пражывала 4,6 млн чалавек. Беларусы складалі 65 %, палякі — ​15 %, яўрэі — ​11 %, украінцы — ​4 %, літоўцы — ​2,5 %, рускія — ​2 %. У сельскай мясцовасці пражывала 85 % насельніцтва. У 1920–1921 гг. у Заходняй Беларусі было ўведзена прынятае ў Польшчы адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне. Былі ўтвораны 4 ваяводствы: Палескае, Навагрудскае, Віленскае і Беластоцкае. Ваяводствы дзяліліся на паветы і гміны. Польская адміністрацыя абапіралася на шырокую сетку паліцэйскіх участкаў. Улады разглядалі ­заходнебеларускія землі як спрадвечна польскія. Этнакультурную своеасаблівасць мясцовага насельніцтва яны лічылі вынікам русіфікацыі. У польскіх дзяржаўных дакументах назва «Заходняя Беларусь» не выкарыстоўвалася. Польскія ўлады называлі Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну «ўсходнія ўскраіны» («крэсы ўсходне»).

Пры заключэнні Рыжскага дагавора палякі гарантавалі нацыянальным меншасцям права на развіццё ўласных мовы і культуры.

Аднак у дачыненні да беларусаў польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі.

У 1926 г. у Польшчы ўсталяваўся аўтарытарны рэжым Ю. Пілсудскага, які атрымаў назву «санацыя» (аздараўленне). У краіне стала ўсталёўвацца ваенная дыктатура з некаторымі рысамі дэмакратычнага ладу — ​захоўваліся парламент, шматпартыйнасць, легальная апазіцыя. У той жа час нацыянальны прыгнёт значна ўзмацніўся.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі шырока практыкаваўся паліцэйскі тэрор. Звычайнай з’явай былі карныя аперацыі, якія называліся пацыфікацыямі (заспакаенне). Пры правядзенні такіх аперацый паліцэйскія спустошвалі дамы сялян, знішчалі іх маёмасць і г. д. Важнае месца ў рэпрэсіўнай палітыцы польскіх улад займала тайная палітычная паліцыя — ​дэфензіва.

Значную ролю ў кіраванні краем польскія ўлады адводзілі асаднікам. Яны былі добра арганізаваныя, узброеныя і выконвалі паліцэйскія функцыі ў адносінах да мясцовага насельніцтва, удзельнічалі ў барацьбе з партызанамі.

У 1930-я гг. палітыка польскіх улад, накіраваная на апалячванне насельніцтва Заходняй Беларусі, стала больш аўтарытарнай і агрэсіўнай. У дачыненні да ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху арганізоўваліся масавыя судовыя і палітычныя працэсы. На тэрыторыі Заходняй Беларусі было адкрыта 19 турмаў, а ў 1934 г. стаў дзейнічаць канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай.

З 1934 па 1939 г. у ім утрымліваліся па абвінавачанні ў «антыдзяржаўнай дзейнасці» праціўнікі рэжыму «санацыі»: камуністы, дзеячы яўрэйскага, украінскага, беларускага нацыянальных рухаў. Па захаваных звестках, за час функцыянавання лагера ў Бярозе-Картузскай праз яго прайшлі больш за 3 тыс. чалавек. У рэальнасці агульная колькасць зняволеных магла дасягаць 10 тыс.

Галоўнай задачай лагера было не столькі фізічнае знішчэнне зняволеных, колькі іх маральнае знішчэнне. У ахову лагера адбіралі супрацоўнікаў, якія адрозніваліся садысцкімі схільнасцямі. Таму пабоі і здзекі з вязняў былі ў лагеры звычайнай з’явай. Былыя вязні лагера ўспаміналі, што ўмовы ўтрымання былі жахлівымі. Падлога ў бараках была бетонная, яе палівалі вадой, каб зняволеныя не маглі сядзець. Нараў, сталоў і крэслаў не было. Прымянялася бессэнсоўная знясільваючая праца (перанос камянёў з месца на месца, выкопванне і закопванне ямы), за ўхіленне ад работы належала некалькі дзясяткаў удараў дубінкамі па спіне альбо кулаком у твар. Зняволеных прымушалі гадзінамі поўзаць на каленях па вострым жвіры.

4. Нацыянальна-вызваленчы, сялянскі і рабочы рух у Заходняй Беларусі

Пасля акупацыі Заходняй Беларусі Польшчай у краі разгарнуўся актыўны нацыянальна-вызваленчы рух. На працягу першай паловы 1920-х гг. ён меў характар партызанскай барацьбы. У шэрагах партызан налічвалася каля 6 тыс. чалавек. На Беласточчыне і Гродзеншчыне партызаны знаходзіліся пад уплывам беларускіх эсэраў. Ва ўсходніх раёнах Заходняй Беларусі партызанскім рухам кіравалі бальшавікі. Вядомымі кіраўнікамі партызанскіх атрадаў з’яўляліся Г. Шыманюк, К. Арлоўскі, С. Ваўпшасаў і інш.

У 1923 г. польскія ўлады разграмілі арганізацыі беларускіх эсэраў, і камуністы аднаасобна ўзначалілі партызанскую барацьбу. Да 1925 г. рэвалюцыйны рух у Польшчы пайшоў на спад, і партызанская барацьба была спынена. На першае месца выйшлі легальныя формы барацьбы.

У сярэдзіне 1920-х гг. у нацыянальным руху Заходняй Беларусі склаліся два кірункі: рэвалюцыйна-вызваленчы і нацыянальна-дэмакратычны.

Рэвалюцыйна-вызваленчы быў прадстаўлены Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ), Камуністычным саюзам моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй (БРА) і Беларускай сялянска-рабочай грамадой (БСРГ).

Нацыянальна-дэмакратычны кірунак прадстаўлялі Беларуская хрысціянская дэма­кратыя (БХД) і Таварыства беларускай школы (ТБШ).

Першапачаткова кіраўніцтва КПЗБ праводзіла курс на змяненне палітычнай улады ў Заходняй Беларусі шляхам узброенага паўстання. Прадугледжваліся ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і перадача зямлі сялянам без выкупу.

БСРГ як легальная грамадская арганізацыя правяла шэраг буйны́х палітычных выступленняў працоўных: за вызваленне палітзняволеных, за стварэнне беларускіх школ, супраць падатковага прыгнёту і інш. Мнагалюдныя палітычныя сходы, рэвалюцыйныя мітынгі і дэманстрацыі, стачкі і выступленні сялян супраць памешчыкаў і кулакоў былі асноўнымі формамі барацьбы Грамады. 21 сакавіка 1927 г. Грамада была забаронена польскімі ўладамі.

Пасля ліквідацыі Грамады яе былыя актывісты пры ўдзеле членаў КПЗБ стварылі рабоча-сялянскі камітэт «Змаганьне» для падрыхтоўкі да выбараў у сейм.

Гэтая арганізацыя ў 1928 г. змагла атрымаць на выбарах у польскі сейм 26 % галасоў выбаршчыкаў у Заходняй ­Беларусі. Гэта дазволіла стварыць у сейме беларускі пасольскі клуб «Змаганьне». Дэпутаты клуба выступалі за спыненне нацыянальнага прыгнёту і палітычнага тэрору, патрабавалі ўвядзення 8-гадзіннага працоўнага дня, аб’яднання ўсіх беларускіх зямель у складзе БССР. «Змаганьне» праводзіла мітынгі і дэманстрацыі рабочых, выпускала газеты нацыянальна-вызвален­чага характару ― «Змаганьне», «Світанне», «На варце», «Голас працы» і інш. У газетах утрымлівалася інфармацыя аб жыцці ў БССР, размяшчаліся публіцыстычныя і навукова-папулярныя нарысы. Пасля роспуску сейма ў жніўні 1930 г. польскія ўлады арыштавалі дэпутатаў фрак­цыі і кіраўнікоў «Змаганьня». Многія з іх былі прыгавораны да доўгіх тэрмінаў зняволення.

Важнае месца ў нацыянальна-вызваленчай барацьбе ў Заходняй Беларусі займала ТБШ, якое стала буйнейшай культурна-асветніцкай арганізацыяй у краі. Яно разгарнула барацьбу за абарону школы на роднай мове, за развіццё беларускай культуры.

У гады эканамічнага крызісу 1929–1933 гг. становішча рабочых значна пагоршылася. Гэта выклікала рост рабочага і сялянскага руху. У 1931 г. адбылося 19 забастовак, у 1932 г. — 51. У 1933 г. забастовачная барацьба дасягнула найвышэйшага ўзроўню. Прайшла 81 забастоўка, у якіх удзельнічала звыш 36 тыс. рабочых. Эканамічныя стачкі перарасталі ў палітычныя, якія суправаджаліся сутыкненнямі з паліцыяй. Улетку 1935 г. пачалося буйное выступленне нарачанскіх рыбакоў, у якім удзельнічала каля 5 тыс. чалавек. Барацьба вялася да 1939 г.

У 1938 г. кампартыі Польшчы, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны былі распушчаны па рашэнні Выканкама Камінтэрна, паколькі абвінавачваліся ў супрацоўніцтве з польскімі ўладамі. Гэта падарвала нацыянальна-вызваленчую барацьбу ў Заходняй Беларусі. Польскія ўлады, у сваю чаргу, забаранілі далейшую дзейнасць беларускіх нацыянальных дэмакратычных арганізацый, а некаторыя іх кіраўнікі былі аддадзены пад суд.

Пытанні і заданні

1. Пачніце складанне храналагічнай табліцы «Фарміраванне тэрыторыі БССР у 1919—1939 гг.».

2. Якое значэнне для БССР мела яе ўваходжанне ў склад СССР? Ці згодныя вы з тым, што ўтварэнне СССР адпавядала геапалітычным інтарэсам БССР?

3. Растлумачце, чаму тэрыторыя Заходняй Беларусі ў афіцыйных польскіх дакументах называлася «ўсходнімі ўскраінамі».

4. Ахарактарызуйце сацыяльна-палітычнае становішча Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы.

5. Канкрэтызуйце прыкладамі меркаванне: «Пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы ў краі разгарнуўся актыўны нацыянальна-вызваленчы рух».

6. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, падрыхтуйце паведамленне пра ролю БСРГ і ТБШ у супрацьстаянні палітыцы паланізацыі.