§ 14–1. Становішча Беларусі ў час польска-савецкай вайны

1. Прычыны і ход вайны

У лістападзе 1917 г. савецкае кіраўніцтва апублікавала «Дэкларацыю правоў народаў Расіі», якая абвясціла права народаў на свабоднае самавызначэнне, аж да аддзялення і ўтварэння самастойнай дзяржавы. У жніўні 1918 г. В. І. Ленін падпісаў дэкрэт Савета народных камісараў РСФСР аб адмове ад дагавораў і актаў, заключаных урадам былой Расійскай імперыі, у тым ліку аб падзелах Польшчы.

У лістападзе 1918 г. была адноўлена незалежнасць Польшчы. Яе ўрад на чале з Ю. Пілсудскім, абапіраючыся на фінансавую і ваенную падтрымку краін Антанты і ЗША, прыступіў да рэалізацыі плана адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Стварыўшы за кароткі тэрмін магутную армію, у канцы лютага 1919 г. Польшча пачала наступленне на тэрыторыю Беларусі. Беларускія землі зноў апынуліся ў сферы саперніцтва геапалітычных інтарэсаў знешніх сіл, на гэты раз Савецкай Расіі і Польшчы.

28 лютага польскія войскі атакавалі сілы Чырвонай Арміі на рацэ Шчара, 1 сакавіка занялі Слонім, а 2 сакавіка – Пінск.

17—19 красавіка былі занятыя Ліда, Навагрудак, Баранавічы, Вільню. 28 красавіка польская армія заняла горад Гродна.

У траўні-ліпені 1919 г. польскія часткі атрымалі 70-тысячнае падмацаванне, што дазволіла ім актывізаваць наступ у Беларусі. Чацвёртага ліпеня быў заняты горад Маладзечна, а 25 ліпеня пад Польскі кантроль перайшоў Слуцк.

У жніўні польскія войскі зноў перайшлі ў наступленне, галоўнай мэтай якога быў Менск. Восьмага жніўня 1919 г. польскія войскі захапілі беларускую сталіцу. 29 жніўня, нягледзячы на ўпартае супраціўленне Чырвонай арміі, быў узяты Бабруйск. І толькі ў кастрычніку наступленне польскіх войскаў было спынена на лініі Полацк — рака Бярэзіна — Днепр. Пасля гэтага ваюючыя бакі заключылі перамір'е.

14 мая 1920 г. войскі Заходняга фронту пад камандаваннем М. Тухачэўскага пачалі наступленне. Аднак у выніку жорсткіх баёў Чырвоная Армія вымушана была адступіць за раку Бярэзіну. Нягледзячы на складанае становішча, у пачатку ліпеня 1920 г. войскі Заходняга фронту спынілі наступлене палякаў і перайшлі ў контрнаступленне.

Былі вызвалены Рэчыца, Мазыр, Бабруйск, 10 ліпеня — Мінск. Да канца ліпеня былі вызваленыя Гродна, Пінск, Баранавічы, 1 жніўня — Брэст. У другой палове ліпеня 1920 г. войскі Заходняга фронту ўступілі на тэрыторыю Польшчы.

Да канца жніўня 1920 г. наступленне Чырвонай Арміі было спынена пад Варшавай, і польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне.

У канцы верасня 1920 г. палякі захапілі Ваўкавыск і Пінск. Да пачатку кастрычніка фронт стабілізаваўся па лініі возера Нарач — Койданава — Слуцк. Такім чынам, Заходняя Беларусь была акупавана Польшчай.

Прычынамі паражэння Чырвонай Арміі пад Варшавай былі пралікі савецкага кіраўніцтва ў ацэнцы палітычнай сітуацыі ў Польшчы. Бальшавікі, прытрымліваючыся тэорыі сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі, спадзяваліся на падтрымку Чырвонай Арміі польскімі рабочымі і сялянамі. Аднак гэтага не адбылося.

Акрамя таго, камандуючым Заходнім фронтам М. М. Тухачэўскім былі дапушчаныя памылкі. Войскі занадта хутка прасоўваліся наперад, не замацоўваючыся на пазіцыях, тылы былі моцна адарваныя ад перадавых частак, якія ў выніку пазбавіліся нармальнага забеспячэння.

Сур'ёзную дапамогу польскай арміі аказала Антанта — узбраеннем, боепрыпасамі, ваеннымі спецыялістамі.