§ 14–1. Становішча Беларусі ў час польска-савецкай вайны
Успомніце: якім было геапалітычнае становішча беларускіх зямель пасля Першай сусветнай вайны?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 14–1. Становішча Беларусі ў час польска-савецкай вайны |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Понедельник, 19 Май 2025, 05:53 |
1. Прычыны і ход вайны
У лістападзе 1917 г. савецкае кіраўніцтва апублікавала «Дэкларацыю правоў народаў Расіі», якая абвясціла права народаў на свабоднае самавызначэнне, аж да аддзялення і ўтварэння самастойнай дзяржавы. У жніўні 1918 г. В. І. Ленін падпісаў дэкрэт Савета народных камісараў РСФСР аб адмове ад дагавораў і актаў, заключаных урадам былой Расійскай імперыі, у тым ліку аб падзелах Польшчы.
У лістападзе 1918 г. была адноўлена незалежнасць Польшчы. Яе ўрад на чале з Ю. Пілсудскім, абапіраючыся на фінансавую і ваенную падтрымку краін Антанты і ЗША, прыступіў да рэалізацыі плана адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Стварыўшы за кароткі тэрмін магутную армію, у канцы лютага 1919 г. Польшча пачала наступленне на тэрыторыю Беларусі. Беларускія землі зноў апынуліся ў сферы саперніцтва геапалітычных інтарэсаў знешніх сіл, на гэты раз Савецкай Расіі і Польшчы.
28 лютага польскія войскі атакавалі сілы Чырвонай Арміі на рацэ Шчара, 1 сакавіка занялі Слонім, а 2 сакавіка – Пінск.
17—19 красавіка былі занятыя Ліда, Навагрудак, Баранавічы, Вільню. 28 красавіка польская армія заняла горад Гродна.
У траўні-ліпені 1919 г. польскія часткі атрымалі 70-тысячнае падмацаванне, што дазволіла ім актывізаваць наступ у Беларусі. Чацвёртага ліпеня быў заняты горад Маладзечна, а 25 ліпеня пад Польскі кантроль перайшоў Слуцк.
У жніўні польскія войскі зноў перайшлі ў наступленне, галоўнай мэтай якога быў Менск. Восьмага жніўня 1919 г. польскія войскі захапілі беларускую сталіцу. 29 жніўня, нягледзячы на ўпартае супраціўленне Чырвонай арміі, быў узяты Бабруйск. І толькі ў кастрычніку наступленне польскіх войскаў было спынена на лініі Полацк — рака Бярэзіна — Днепр. Пасля гэтага ваюючыя бакі заключылі перамір'е.
14 мая 1920 г. войскі Заходняга фронту пад камандаваннем М. Тухачэўскага пачалі наступленне. Аднак у выніку жорсткіх баёў Чырвоная Армія вымушана была адступіць за раку Бярэзіну. Нягледзячы на складанае становішча, у пачатку ліпеня 1920 г. войскі Заходняга фронту спынілі наступлене палякаў і перайшлі ў контрнаступленне.
Былі вызвалены Рэчыца, Мазыр, Бабруйск, 10 ліпеня — Мінск. Да канца ліпеня былі вызваленыя Гродна, Пінск, Баранавічы, 1 жніўня — Брэст. У другой палове ліпеня 1920 г. войскі Заходняга фронту ўступілі на тэрыторыю Польшчы.
Да канца жніўня 1920 г. наступленне Чырвонай Арміі было спынена пад Варшавай, і польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне.
У канцы верасня 1920 г. палякі захапілі Ваўкавыск і Пінск. Да пачатку кастрычніка фронт стабілізаваўся па лініі возера Нарач — Койданава — Слуцк. Такім чынам, Заходняя Беларусь была акупавана Польшчай.
Прычынамі паражэння Чырвонай Арміі пад Варшавай былі пралікі савецкага кіраўніцтва ў ацэнцы палітычнай сітуацыі ў Польшчы. Бальшавікі, прытрымліваючыся тэорыі сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі, спадзяваліся на падтрымку Чырвонай Арміі польскімі рабочымі і сялянамі. Аднак гэтага не адбылося.
Акрамя таго, камандуючым Заходнім фронтам М. М. Тухачэўскім былі дапушчаныя памылкі. Войскі занадта хутка прасоўваліся наперад, не замацоўваючыся на пазіцыях, тылы былі моцна адарваныя ад перадавых частак, якія ў выніку пазбавіліся нармальнага забеспячэння.
Сур'ёзную дапамогу польскай арміі аказала Антанта — узбраеннем, боепрыпасамі, ваеннымі спецыялістамі.
2. Становішча на акупаванай тэрыторыі Беларусі
На захопленай тэрыторыі быў усталяваны жорсткі акупацыйны рэжым. Польскія ўлады ліквідавалі савецкія органы кіравання і адмянілі дэкрэты савецкай улады, вярнулі канфіскаваную бальшавікамі зямлю польскім памешчыкам, праводзілі рэквізіцыі. Многія дзеячы беларускага нацыянальнага руху апынуліся ў польскіх турмах.
Палітыка польскіх улад выклікала супраціўленне, якое ўзначалілі беларускія эсэры і бальшавікі. Пад іх кіраўніцтвам арганізоўваліся партызанскія атрады. У снежні 1919 г. паміж бальшавікамі і эсэрамі было заключана пагадненне аб стварэнні адзінага фронту барацьбы. Да гэтага пагаднення далучыліся і іншыя нацыянальна-дэмакратычныя партыі, у тым ліку Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У. Ігнатоўскім. Стварэнне адзінага антыпольскага фронту барацьбы прывяло да станоўчых вынікаў.
Рада БНР, якая раней дзейнічала ва ўмовах нямецкай акупацыі, звярнулася да польскага ўрада з просьбай аб перадачы ёй улады на захопленых палякамі беларускіх землях. Аднак у планы Ю. Пілсудскага прызнанне незалежнасці БНР не ўваходзіла. Ён прапанаваў заключыць унію Польшчы і Беларусі. Гэта выклікала ідэйны раскол у кіраўніцтве Рады БНР на прыхільнікаў і праціўнікаў саюза з Польшчай.
3. Рыжскі мірны дагавор і яго наступствы для Беларусі
12 кастрычніка 1920 г. было заключана часовае перамір'е паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Па ўмовах перамір'я ваенныя дзеянні на Заходнім фронце павінны былі спыніцца 18 кастрычніка, аднак польскія войскі працягвалі наступленне і 15 кастрычніка захапілі Мінск. Але 17 кастрычніка палякі пакінулі горад. Згодна з умовамі перамір'я сталіца Беларусі заставалася за савецкім бокам.
18 сакавіка 1921 г. у Рызе без удзелу беларускай дэлегацыі быў падпісаны мірны дагавор. Ён усталяваў межы паміж РСФСР, УССР, БССР і Польшчай. Прызнанне Польшчай незалежнасці Беларусі азначала, што Польшча стала першай заходняй дзяржавай, якая юрыдычна прызнала ССРБ і пацвердзіла гатоўнасць наладзіць з ёю дыпламатычныя адносіны.
Беларусь была падзелена на тры часткі. Польшча акупіравала заходнюю частку тэрыторыі Беларусі агульнай плошчай больш за 110 тыс. км2 з насельніцтвам звыш 4 млн чалавек. У склад ССРБ увайшлі шэсць паветаў Мінскай губерні з насельніцтвам каля 1,6 млн чалавек. Віцебская, Гомельская губерні і заходнія раёны Смаленшчыны заставаліся ў складзе РСФСР. Рыжскі мірны дагавор стаў нацыянальнай трагедыяй для беларусаў, амаль 20 гадоў заходнія рэгіёны Беларусі знаходзіліся ў складзе Польшчы.
Пытанні і заданні
1. Раскрыйце прычыны польска-савецкай вайны і яе характар.
2. Складзіце храналагічную табліцу «Падзеі польска-савецкай вайны на тэрыторыі Беларусі».
3. Выкарыстоўваючы матэрыялы краязнаўчага музея, кнігі «Памяць», падрыхтуйце паведамленне пра падзеі, якія адбываліся ў 1919 г. — сакавіку 1921 г. на тэрыторыі вашага рэгіёну.
4. Параўнайце Брэсцкі і Рыжскі мірныя дагаворы па самастойна вызначаных крытэрыях. Ацаніце іх значэнне ў гістарычным лёсе беларускага народа.