§ 14. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны

1. Беларусь як аб'ект геапалітыкі

У пачатку ХХ ст. беларускія землі знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі. Праграмы беларускіх нацыянальных арганізацый, створаных у пачатку ХХ ст., ставілі мэтай атрыманне аўтаноміі Беларусі ў межах Расійскай дэмакратычнай рэспублікі. Але царскі ўрад і думкі не дапускаў аб магчымасці стварэння на ўскраінах імперыі якіх-небудзь нацыянальных дзяржаўных утварэнняў.

У гэтых умовах у красавіку 1916 г. прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху (А. і І. Луцкевічы, В. Ластоўскі) на канферэнцыях народаў Расіі, якія праходзілі ў Стакгольме і Лазане, звярнуліся да народаў Еўропы і прэзідэнта ЗША В. Вільсана з просьбай дапамагчы беларускаму народу «стаць гаспадаром на сваёй зямлі».

У першай палове ХХ ст. беларускія землі не раз станавіліся аб'ектам геапалітычных падзей, якія адбываліся ў Еўропе. Улетку 1915 г. тэрыторыя Беларусі стала арэнай падзей Першай сусветнай вайны.