Печатать книгуПечатать книгу

§ 14. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны

Якія былі прычыны і характар Першай сусветнай вайны?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 14. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 14 Март 2025, 22:45

1. Беларусь як аб'ект геапалітыкі

У пачатку ХХ ст. беларускія землі знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі. Праграмы беларускіх нацыянальных арганізацый, створаных у пачатку ХХ ст., ставілі мэтай атрыманне аўтаноміі Беларусі ў межах Расійскай дэмакратычнай рэспублікі. Але царскі ўрад і думкі не дапускаў аб магчымасці стварэння на ўскраінах імперыі якіх-небудзь нацыянальных дзяржаўных утварэнняў.

У гэтых умовах у красавіку 1916 г. прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху (А. і І. Луцкевічы, В. Ластоўскі) на канферэнцыях народаў Расіі, якія праходзілі ў Стакгольме і Лазане, звярнуліся да народаў Еўропы і прэзідэнта ЗША В. Вільсана з просьбай дапамагчы беларускаму народу «стаць гаспадаром на сваёй зямлі».

У першай палове ХХ ст. беларускія землі не раз станавіліся аб'ектам геапалітычных падзей, якія адбываліся ў Еўропе. Улетку 1915 г. тэрыторыя Беларусі стала арэнай падзей Першай сусветнай вайны.

2. Прычыны і пачатак Першай сусветнай вайны

Першая Сусветная вайна пачалася 1 жніўня 1914 г. Яна была выкліканая шэрагам прычын, сярод якіх абвастрэнне барацьбы паміж вядучымі еўрапейскімі дзяржавамі за рынкі збыту, крыніцы сыравіны, жаданне аслабіць канкурэнтаў у эканамічным і ваенным развіцці, імкненне еўрапейскіх краін вырашыць ўнутраныя праблемы пры дапамозе вайны.

Пры гэтым у кожнай краіны былі свае мэты. Германія прэтэндавала на эканамічнае і палітычнае дамінаванне ў Еўропе, імкнулася да пашырэння сферы ўплыву і перадзелу каланіяльных уладанняў. Аўстра-Венгрыя мела мэтай не дапусціць росту ўплыву Расіі на Балканах. Францыя хацела ўзяць рэванш за паражэнне ў франка-прускай вайне 1870–1871 гг. і вярнуць свае тэрыторыі — Эльзас і Латарынгію. Англія імкнулася не дапусціць узмацнення ўплыву Германіі ў Еўропе і перадзелу сфер уплыву ў свеце. Расія хацела ўзмацніць свой уплыў на ўсе славянскія народы, асабліва на Балканах.

Германія першы ўдар нанесла па Бельгіі і Францыі. Французы запатрабавалі ад Расіі пачаць актыўныя баявыя дзеянні раней абумоўленага тэрміну. Не завяршыўшы падрыхтовак да вайны, расійская армія ўварвалася ва Усходнюю Прусію і Галіцыю.

3. Акупацыя германскімі войскамі заходняй часткі Беларусі

1 жніўня 1914 г. Расійская імперыя ўступіла ў Першую сусветную вайну, у якую былі ўцягнуты 38 краін з насельніцтвам 1,5 млрд чалавек. У першыя дні вайны ў Беларусі было аб’яўлена ваеннае становішча. Забараняліся забастоўкі, вулічныя шэсці, маніфестацыі. Уводзіліся жорсткі паліцэйскі рэжым і цэнзура. Царскі ўрад, праваслаўнае духавенства, ліберальныя і манархічныя партыі разгарнулі масавую ідэалагічную кампанію ў абарону Айчыны. У Мінску, Магілёве, Віцебску, Вільні, Гродне і іншых буйны́х цэнтрах прайшлі дэманстрацыі ў падтрымку вайны.

У палітычную кампанію «абароны Айчыны» ўключыліся і левыя палітычныя партыі — ​эсэры, меншавікі, Бунд. Буржуазія і памешчыкі, частка інтэлігенцыі Беларусі выразілі самую рашучую падтрымку палітыцы царызму. З усіх партый толькі бальшавікі адмовіліся падтрымаць расійскі ўрад у вайне. Яны назвалі вайну злачыннай і заклікалі да пераўтварэння «вайны імперыялістычнай у вайну грамадзянскую за сацыялізм».

Насельніцтва Беларусі паставілася да вайны як да страшнага бедства. У Беларусі масавая мабілізацыя мужчын у войска была сустрэта сялянскімі хваляваннямі і рабочымі забастоўкамі.

У першыя месяцы вайны расійская армія вяла даволі паспяховыя дзеянні супраць германскіх войскаў. Але ў пачатку 1915 г. асноўныя ваенныя сілы Германіі былі кінуты супраць Расіі, і пачалося іх імклівае наступленне ў напрамку Коўна — ​Вільня — ​Мінск.

З лета 1915 г. тэрыторыя Беларусі становіцца арэнай жорсткіх і цяжкіх баёў. 31 жніўня германская армія захапіла Свянцяны і Вілейку, у верасні — Вільню, Гродна, Брэст, Ліду, Навагрудак, Баранавічы. Расійская армія вымушана была адступіць.

Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага ў жніўні 1915 г. была пераведзеная з Баранавічаў у Магілёў. У верасні германскія войскі прарвалі лінію фронту ў раёне Свянцян. У ходзе наступлення паўстала пагроза акупацыі Смаргоні і Смалявіч. Толькі ў кастрычніку коштам вялікіх намаганняў расійскім войскам удалося ліквідаваць «Свянцянскі прарыў» і адкінуць ворага ў раён азёр Свір і Нарач. Фронт ваенных дзеянняў стабілізаваўся па лініі Дзвінск — Паставы — Смаргонь — Баранавічы — Пінск.

У 1916 г. на тэрыторыі Беларусі расійскае камандаванне распачало спробу перайсці ў наступленне. 18 сакавіка 1916 г. пачалася Нарачанская аперацыя з мэтай адцягнуць сілы праціўніка з Заходняга фронту і дапамагчы саюзнікам па Антанты. Наступленне развіцця не атрымала і ў канцы сакавіка было спынена. Страты расійскай арміі былі велізарныя, загінула каля 100 тыс. салдат і афіцэраў. Аднак бітва пад Нараччу скавала германскія войскі на Усходнім фронце, і Германія была вымушана спыніць наступленне пад Вердэнам.

У чэрвені-ліпені 1916 г. расійскае камандаванне правяло Баранавіцкую наступальную аперацыю з мэтай прарыву германскага фронту і аказання падтрымкі буйному наступу Паўднёва-Заходняга фронту супраць аўстра-венгерскай арміі. Аперацыя скончылася поўным правалам. Ні адна з задач аперацыі не была выкананая. Расійскае войска страціла забітымі і параненымі каля 80 тысяч чалавек. Вялізныя страты пры адсутнасці вынікаў падарвалі маральны дух расійскіх войскаў, у якіх узмацніліся антываенныя і рэвалюцыйныя настроі.

4. Бежанцы

Пасля ўварвання германскіх войскаў на тэрыторыю Царства Польскага ў Беларусь хлынулі патокі бежанцаў. Плана эвакуацыі не было, мясцовыя ўлады апынуліся не гатовыя да прыёму такой колькасці людзей. У работу па аказанні дапамогі ўключылася Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У працы Мінскага аддзялення Беларускага таварыства прымаў удзел беларускі паэт Максім Багдановіч. Актывісты таварыства арганізоўвалі пункты харчавання, адчынялі прытулкі для бежанцаў, сталовыя, інтэрнаты, дзіцячыя дамы, спрыялі аказанню медыцынскай дапамогі бежанцам.

Нягледзячы на мерапрыемствы, якія праводзіліся, становішча вялікай масы людзей было цяжкім. Людзі галадалі, існавалі сур'ёзныя праблемы з жыллём. Асноўная маса бежанцаў з Беларусі імкнулася перабрацца ў цэнтральныя губерні Расіі і ў Паволжа. Па няпоўных дадзеных, каля 1,3 млн чалавек пакінула тэрыторыю Беларусі.

5. Палітыка акупацыйных улад

Восенню 1915 г. на занятых германскімі войскамі землях (у тым ліку беларускіх) было створана ваенна-адміністрацыйнае ўтварэнне Ober Ost, якое падзялялася на тры акругі. Яго ўзначаліў шэф Генеральнага штаба Эрых фон Людендорф.

На акупаванай германскімі войскамі тэрыторыі заходняй Беларусі былі створаны органы акупацыйнага кіравання. У гарады і паветы прызначаліся начальнікі (бургамістры).

Немцы разглядалі тэрыторыю Беларусі як крыніцу сыравіны і таннай рабочай сілы. У Германію вывозіліся працаздольнае насельніцтва, абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў, сельскагаспадарчыя прадукты, жывёлы, прыродныя рэсурсы. У прыватнасці, з Белавежскай пушчы ў Германію было вывезена 4,5 млн кубаметраў драўніны каштоўных парод.

Уводзіліся новыя падаткі, усё працаздольнае насельніцтва павінна было плаціць падушны падатак, спаганяліся падаткі на жывёл, ускосныя падаткі. Звычайнай з'явай у вёсцы былі рэквізіцыі жывёл і прадуктаў харчавання на патрэбы германскай арміі.

6. Становішча ў неакупаваных беларускіх губернях

На неакупаванай тэрыторыі Беларусі дзейнічала ваеннае становішча. Дарослае працаздольнае насельніцтва абавязана было выконваць дзяржаўныя і ваенныя павіннасці (рамонт і будаўніцтва дарог, мастоў, перапраў, абарончых збудаванняў, уборка ўраджаю).

У канцы 1915 г. на неакупіраванай тэрыторыі Беларусі працавалі толькі 140 прамысловых прадпрыемстваў. Аб’ём прадукцыі, якую яны выпускалі, складаў усяго 30 % ад даваеннага ўзроўню. Аб’ём вытворчасці павялічылі толькі тыя прадпрыемствы, якія выраблялі прадукцыю для патрэб арміі. Не менш цяжкае становішча склалася і ў сельскай гаспадарцы. Мабілізацыя ў войска каля 50 % мужчынскага насельніцтва, рэквізіцыі жывёлы, фуражу прывялі да скарачэння плошчы апрацаванай зямлі на 40–45 %. Дарослае працаздольнае насельніцтва прыцягвалася да рамонту і будаўніцтва дарог, мастоў, абарончых збудаванняў і інш.

Царскі ўрад для пакрыцця ваенных расходаў у першыя два гады вайны амаль у два разы павялічыў падаткі, што рэзка знізіла ўзровень жыцця насельніцтва.

У канцы 1916 г. узмацніліся антываенныя настроі ў гарадах, сельскай мясцовасці, у дзеючай арміі. Пачалі баставаць чыгуначнікі, рабочыя ваенных вытворчасцей Мінска, Магілёва, Віцебска, Гомеля, Барысава. Асноўным патрабаваннем бастуючых з’яўлялася павышэнне заработнай платы. Аднак забастоўкі былі разрозненымі. У іх удзельнічала толькі частка рабочых. Масавага рабочага руху не назіралася. Гэта было звязана з прыфрантавым і ваенным становішчам беларускіх зямель. Пачалося масавае дэзерцірства ў войску. Цэлыя часці і злучэнні адмаўляліся ісці ў наступленне. Узмацнілася антыўрадавая агітацыя сярод салдат. Спыніць працэс разлажэння арміі не ўдавалася, яна паступова губляла баяздольнасць.

Вайна зрабіла сур’ёзны ўплыў на беларускі нацыянальны рух. Усе даваенныя беларускія нацыянальна-культурныя арганізацыі і таварыствы распаліся, спынілася выданне газет і кніг.

Частка дзеячаў нацыянальнага руху была мабілізавана ў дзеючае войска, іншыя выехалі з Вільні ў розныя гарады Расіі, дзе прымалі ўдзел у арганізацыі бежанскіх камітэтаў. З дазволу расійскіх улад дзеячамі беларускага нацыянальнага руху было створана Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Яно імкнулася аб’яднаць пад сваім кіраўніцтвам разрозненыя беларускія арганізацыі. З гэтай мэтай з восені 1916 г. у Петраградзе сталі выходзіць беларускамоўныя штотыднёвыя газеты «Дзянніца» і «Светач», якія выдаваліся пад рэдакцыяй З. Жылуновіча (Ц. Гартны).

Частка лідараў беларускага нацыянальнага руху (А. і І. Луцкевічы, В. Ластоўскі, А. Пашкевіч і інш.) засталіся ў акупіраванай Вільні.

7. Вынікі Брэсцкага міру для Беларусі

9 снежня 1917 г. у Брэст-Літоўску пачаліся мірныя перамовы паміж Савецкай Расіяй і Германіяй. Расійскі бок, разлічваючы на сацыялістычную рэвалюцыю ў Германіі, імкнуўся зацягнуць перамовы. У гэтых умовах 18 лютага 1918 г. германскія войскі аднавілі наступленне па ўсёй лініі фронту.

Не маючы моцы спыніць германскае наступленне, савецкае кіраўніцтва вымушана было 3 сакавіка 1918 г. заключыць у Брэст-Літоўску мірны дагавор на ўмовах Германіі. Паводле дагавора тэрыторыя Беларусі падзялялася на некалькі частак. Землі на захад ад лініі Дзвінск — ​Ліда — ​Пружаны — ​Брэст-Літоўск адыходзілі Германіі. Частка Беларусі на поўдзень ад Палескай чыгункі перадавалася Украінскай Народнай Рэспубліцы. Астатнія землі разглядаліся як тэрыторыя Савецкай Расіі. Беларусь не атрымала нічога на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Расія і Германія ўзаемна адмовіліся кампенсаваць страты, нанесеныя вайной. Пры заключэнні міру інтарэсы Беларусі ні адным з удзельнікаў перамоў не ўлічваліся. Аднак трэба заўважыць, што бальшавікі разглядалі Брэсцкі мір як часовую, тактычную меру і таму пагадзіліся на нявыгадныя ўмовы. Такі падыход аказаўся правільным. Пасля паражэння Германіі ў Першай сусветнай вайне ў лістападзе 1918 г. і вываду германскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі Брэсцкі мір быў ануляваны рашэннем УЦВК.

Пытанні і заданні

1. Параўнайце стаўленне розных палітычных партый і арганізацый да развязвання Першай сусветнай вайны. Абмяркуйце, што можна растлумачыць іх пазіцыі.

2. Складзіце храналагічную табліцу «Падзеі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі».

3. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, падрыхтуйце паведамленне аб адной з ваенных аперацый, якія праходзілі на тэрыторыі Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны.

4. Ахарактарызуйце ваенна-палітычнае і эканамічнае становішча беларускіх губерняў у гады Першай сусветнай вайны.

5. Як вы думаеце, чаму да 1916 г. стаўленне да вайны ўсіх слаёў насельніцтва змянілася?

6. Дайце ацэнку вынікам Брэсцкага мірнага дагавора.

7. Сфармулюйце пяць тэзісаў, адбіўшы ў іх ролю і месца Беларусі ў геапалітычных працэсах пачатку ХХ ст.