§ 7–2. Грамадска-­палітычнае жыццё ў пачатку ХХІ ст.

1. Развіццё грамадска-­палітычнай сістэмы

Да пачатку ХХІ ст. у Рэспубліцы Беларусь сфарміравалася пэўная грамадска-­палітычная сістэма, якая працягвае развівацца. З пачатку стагоддзя актыўна распрацоўвалася ідэалогія беларускай дзяржавы, якая адлюстроўвае нацыянальна-­гістарычныя традыцыі і каштоўнасці беларускага народа, яго светапогляд, якая ўлічвае неабходнасць пабудовы грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка падкрэслівае, што найважнейшымі ідэалагічнымі арыенцірамі з’яўляюцца традыцыйныя каштоўнасці: працавітасць і пачуццё абавязку, спачуванне і ўзаемадапамога, павага да старэйшых і клопат пра дзяцей, вера і патрыятызм. Беларусь — ​агульны дом для ўсіх яе жыхароў, і ўсім павінна быць у ім цёпла і ўтульна.

Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні з’яўляюцца элементам палітычнай сістэмы грамадства. У Канстытуцыі 1994 г. упершыню ў нашай краіне быў замацаваны прынцып палітычнага плюралізму.

Закон аб палітычных партыях, прыняты 5 кастрычніка 1994 г., вызначаў прынцыпы партыйнага будаўніцтва. У прыватнасці, гаварылася аб забароне дзейнасці палітычных партый на прадпрыемствах і ва ўстановах; аб неабходнасці іх дзяржаўнай рэгістрацыі; аб наяўнасці ў іх складзе не менш як 500 чалавек і інш.

У 1994 г. у Беларусі налічвалася 34 палітычныя партыі. Найбольш буйны́мі з іх былі: Партыя камуністаў Беларусі — ​25 тыс. чалавек, Аграрная партыя Беларусі — ​12 тыс. чалавек, Беларуская сялянская партыя — ​каля 10 тыс. чалавек, Лібе­раль­на-дэмакратычная партыя — ​6 тыс. чалавек, Партыя Беларускага Народнага Фрон­ту — ​6 тыс. чалавек і інш. Аднак, нягледзячы на значную колькасць палітычных партый у краіне, іх уплыў на шырокія слаі грамадства быў невялікі.

Палітычныя партыі ўдзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці краіны, большасць з іх у час выбарчых кампаній ствараюць выбарчыя блокі і аб’яднанні. Пры гэтым рэйтынг палітычных партый сярод выбаршчыкаў застаецца невысокім. Пераважная большасць грамадзян не знаёмыя з іх праграмамі і ў цэлым не цікавяцца іх дзейнасцю альбо не падзяляюць іх палітычныя погляды.

Па стане на 2021 г. у Беларусі зарэгістравана 15 палітычных партый.