Print bookPrint book

§ 7–2. Грамадска-­палітычнае жыццё ў пачатку ХХІ ст.

Пералічыце асноўныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія датычацца палітычнага ладу нашай дзяржавы.

Site: Профильное обучение
Course: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Book: § 7–2. Грамадска-­палітычнае жыццё ў пачатку ХХІ ст.
Printed by: Guest user
Date: Monday, 19 May 2025, 11:39 AM

1. Развіццё грамадска-­палітычнай сістэмы

Да пачатку ХХІ ст. у Рэспубліцы Беларусь сфарміравалася пэўная грамадска-­палітычная сістэма, якая працягвае развівацца. З пачатку стагоддзя актыўна распрацоўвалася ідэалогія беларускай дзяржавы, якая адлюстроўвае нацыянальна-­гістарычныя традыцыі і каштоўнасці беларускага народа, яго светапогляд, якая ўлічвае неабходнасць пабудовы грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка падкрэслівае, што найважнейшымі ідэалагічнымі арыенцірамі з’яўляюцца традыцыйныя каштоўнасці: працавітасць і пачуццё абавязку, спачуванне і ўзаемадапамога, павага да старэйшых і клопат пра дзяцей, вера і патрыятызм. Беларусь — ​агульны дом для ўсіх яе жыхароў, і ўсім павінна быць у ім цёпла і ўтульна.

Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні з’яўляюцца элементам палітычнай сістэмы грамадства. У Канстытуцыі 1994 г. упершыню ў нашай краіне быў замацаваны прынцып палітычнага плюралізму.

Закон аб палітычных партыях, прыняты 5 кастрычніка 1994 г., вызначаў прынцыпы партыйнага будаўніцтва. У прыватнасці, гаварылася аб забароне дзейнасці палітычных партый на прадпрыемствах і ва ўстановах; аб неабходнасці іх дзяржаўнай рэгістрацыі; аб наяўнасці ў іх складзе не менш як 500 чалавек і інш.

У 1994 г. у Беларусі налічвалася 34 палітычныя партыі. Найбольш буйны́мі з іх былі: Партыя камуністаў Беларусі — ​25 тыс. чалавек, Аграрная партыя Беларусі — ​12 тыс. чалавек, Беларуская сялянская партыя — ​каля 10 тыс. чалавек, Лібе­раль­на-дэмакратычная партыя — ​6 тыс. чалавек, Партыя Беларускага Народнага Фрон­ту — ​6 тыс. чалавек і інш. Аднак, нягледзячы на значную колькасць палітычных партый у краіне, іх уплыў на шырокія слаі грамадства быў невялікі.

Палітычныя партыі ўдзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці краіны, большасць з іх у час выбарчых кампаній ствараюць выбарчыя блокі і аб’яднанні. Пры гэтым рэйтынг палітычных партый сярод выбаршчыкаў застаецца невысокім. Пераважная большасць грамадзян не знаёмыя з іх праграмамі і ў цэлым не цікавяцца іх дзейнасцю альбо не падзяляюць іх палітычныя погляды.

Па стане на 2021 г. у Беларусі зарэгістравана 15 палітычных партый.

2. Працэс фарміравання Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы

Пасля рэферэндуму 24 лістапада 1996 г. пачаўся новы этап у развіцці палітычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь. У краіне зацвердзілася новая мадэль дзяржаўнага кіравання, у якой Прэзідэнту адводзілася вядучая роля. Гэта дазваляла палепшыць узаемадзеянне дзяржаўных органаў улады пры дакладным вызначэнні іх функцый, узмацніць адказнасць усіх службовых асоб, павысіць якасць працы ўсяго дзяржаўнага апарату, аператыўна вырашаць пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі.

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі аднапалатны Вярхоўны Савет замяняўся двухпалатным Нацыянальным сходам, які складаўся з Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў парламента складаў чатыры гады.

Прэзідэнт са згоды Палаты прадстаўнікоў мог назначаць прэм’ер-міністра і яго намеснікаў, вызначаць структуру ўрада, прымаць рашэнне аб адстаўцы ўрада, назначаць кіраўнікоў выканаўчай улады на месцах.

3. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Рэспубліканскі рэферэндум 17 кастрычніка 2004 г. і яго вынікі

У маі 2001 г. адбыўся ІІ Усебеларускі народны сход. На ім была прынята праграма развіцця краіны на 2001–2005 гг. Прэзідэнцкая выбарчая кампанія ў 2001 г. праходзіла пад лозунгам «За моцную і квітнеючую Беларусь». У выбарах 9 верасня 2001 г. прынялі ўдзел 83,8 % выбаршчыкаў. Перадвыбарчая праграма Прэзідэнта знайшла водгук у большай часткі народа. За А. Р. Лукашэнку прагаласавалі 75,6 % выбаршчыкаў. Ён быў перавыбраны на другі прэзідэнцкі тэрмін.

Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка ініцыяваў правядзенне рэспубліканскага рэфе­рэндуму па пытанні аб магчымасці яго ўдзелу ў чарговых прэзідэнцкіх выбарах. На рэспубліканскім рэферэндуме, які прайшоў 17 кастрычніка 2004 г., было знятае абмежаванне на магчымасць быць абраным Прэзідэнтам краіны не больш за два тэрміны запар.

Перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі ў сакавіку 2006 г. адбыўся III Усебеларускі народны сход. На ім было адзначана, што краіна выканала важнейшыя паказчыкі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2001–2005 гг. Усё, што прымалася на II Усебеларускім народным сходзе, было рэалізавана і ажыццёўлена. III Усебеларускі народны сход прыняў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006–2010 гг. пад дэвізам «Дзяржава для народа».

Чарговыя выбары кіраўніка дзяржавы прайшлі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Удзел у іх прынялі 92,9 % выбаршчыкаў. Прэзідэнтам быў абраны А. Р. Лукашэнка. За яго прагаласавалі 83 % выбаршчыкаў.

У пачатку снежня 2010 г. у Мінску адбыўся IV Усебеларускі народны сход. На ім былі разгледжаны вынікі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006–2010 гг. і асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гг. Было адзна­чана, што, нягледзячы на негатыўны ўплыў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, у краіне ўдалося забяспечыць рост нацыянальнай эканомікі, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей.

19 снежня 2010 г. прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары. У ходе выбарчай кампаніі А. Р. Лукашэнка быў абраны на чарговы тэрмін. 79,6 % выбаршчыкаў аддалі за яго свае галасы.

Пятыя прэзідэнцкія выбары ў Рэспубліцы Беларусь прайшлі 11 кастрычніка 2015 г. Запрашэнне сачыць за ходам беларускай выбарчай кампаніі атрымалі Сусветная асацыяцыя арганізатараў выбараў, кіраўнікі цэнтрвыбаркамаў іншых краін, замежныя палітыкі і грамадскія дзеячы. Упершыню ў асноўны дзень галасавання, 11 кастрычніка, супрацоўнікамі сацыялагічных службаў праводзіліся экзітполы — ​апытанні грамадзян на выхадзе з выбарчых участкаў. Усяго за дзеючага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прагаласавалі 83,5 % выбар­шчыкаў.

У канцы чэрвеня 2016 г. у Мінску адбыўся V Усебеларускі народны сход. У рэзалюцыі сходу адзначалася, што рэалізацыя Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гг. забяспечыла захаванне палітычнай стабільнасці, устойлівасці эканомікі і сацыяльнай абароны насельніцтва ў краіне.

Шостыя прэзідэнцкія выбары ў краіне прайшлі 9 жніўня 2020 г. З пяці кандыдатаў, па звестках Цэнтральнай выбарчай камісіі, дзеючы Прэзідэнт атрымаў падтрымку 80,1 % выбаршчыкаў.

VI Усебеларускі народны сход прайшоў 11–12 лютага 2021 г. пад лозунгам «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць». Адной з тэм сходу стала анансаванне змены Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, папраўкі ў якую будуць вынесеныя на рэспубліканскі рэферэндум у 2022 г.

Усебеларускі народны сход — ​асаблівая форма народаўладдзя, якая дазваляе грамадзянам Беларусі больш шырока рэалізоўваць права ўдзелу ў справах дзяржавы. Ва ўсенародным форуме ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў рэспублікі. На ім падводзяцца вынікі і вызначаецца стратэгія сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на чарговы перыяд.

Пытанні і заданні

1. Вылучыце асноўныя напрамкі развіцця грамадска-­палітычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе.

2. Выкарыстоўваючы канкрэтныя прыклады, раскрыйце працэс фарміравання Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай, сацыяльнай, прававой дзяржавы.

3. Абмяркуйце, па якіх магчымых прычынах уплыў палітычных партый на шырокія пласты беларускага грамадства з’яўляецца невысокім.

4. Вызначце, у чым заключаецца пераемнасць і гістарычная роля Усебеларускіх народных сходаў.