§ 7–1. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 1990‑х гг.

1. Развіццё грамадска-­палітычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Фарміраванне заканадаўчай і выканаўчай галін дзяржаўнай улады

Канстытуцыя 1994 г. абвяшчала Рэспубліку Беларусь унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, якая валодае вяршэнствам і паўнатою ўлады на сваёй тэрыторыі. У Канстытуцыі абвяшчалася, што дэмакратычны лад у дзяржаве грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.

Па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. вышэйшым прадстаўнічым пастаянна дзеючым і адзіным заканадаўчым органам дзяржаўнай улады з’яўляўся Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь.

Увядзенне ў краіне інстытута прэзідэнцтва істотна змяняла характар і структуру выканаўчай улады.

Для рэалізацыі паўнамоцтваў выканаўчай улады пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ствараўся Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь — ​урад, члены якога назначаліся і вызваляліся ад займанай пасады Прэзідэнтам. У той жа час Прэзідэнт не меў права распускаць парламент.