§ 7–1. Грамадска-палітычнае жыццё ў другой палове 1990‑х гг.
Назавіце асноўныя этапы здабыцця Рэспублікай Беларусь незалежнасці.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 7–1. Грамадска-палітычнае жыццё ў другой палове 1990‑х гг. |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Понедельник, 19 Май 2025, 06:03 |
Оглавление
- 1. Развіццё грамадска-палітычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Фарміраванне заканадаўчай і выканаўчай галін дзяржаўнай улады
- 2. Рэспубліканскі рэферэндум 24 лістапада 1996 г. і яго вынікі
- 3. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г. са зменамі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме
- 4. Змены ў структуры органаў дзяржаўнай улады
- 5. Узмацненне інстытута прэзідэнцкай улады
- Пытанні і заданні
1. Развіццё грамадска-палітычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Фарміраванне заканадаўчай і выканаўчай галін дзяржаўнай улады
Канстытуцыя 1994 г. абвяшчала Рэспубліку Беларусь унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, якая валодае вяршэнствам і паўнатою ўлады на сваёй тэрыторыі. У Канстытуцыі абвяшчалася, што дэмакратычны лад у дзяржаве грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.
Па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. вышэйшым прадстаўнічым пастаянна дзеючым і адзіным заканадаўчым органам дзяржаўнай улады з’яўляўся Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь.
Увядзенне ў краіне інстытута прэзідэнцтва істотна змяняла характар і структуру выканаўчай улады.
Для рэалізацыі паўнамоцтваў выканаўчай улады пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ствараўся Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь — урад, члены якога назначаліся і вызваляліся ад займанай пасады Прэзідэнтам. У той жа час Прэзідэнт не меў права распускаць парламент.
2. Рэспубліканскі рэферэндум 24 лістапада 1996 г. і яго вынікі
Канстытуцыя 1994 г., выбары новага складу Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання, рэспубліканскі рэферэндум 1995 г. не змаглі вырашыць супярэчнасці. Лідары апазіцыйных фракцый у парламенце ўступілі ў канфрантацыю з Прэзідэнтам. Большасць насельніцтва выказвала давер Прэзідэнту. Ступень даверу да Вярхоўнага Савета была нашмат ніжэйшай. Парламент у значнай ступені аказаўся недзеяздольным. Яго рашэнні не ўмацоўвалі сацыяльна-палітычную стабільнасць грамадства, а, наадварот, узмацнялі канфрантацыю ў краіне.
У такой сітуацыі Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка выступіў з ініцыятывай правядзення рэферэндуму па шэрагу пытанняў грамадска-палітычнага жыцця краіны і па ўнясенні змен у дзеючую Канстытуцыю. У ліпені 1996 г. у друку быў апублікаваны праект Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. са зменамі і дапаўненнямі, якія прапанаваў Прэзідэнт краіны. У праекце значна пашыралася кола паўнамоцтваў Прэзідэнта: ён атрымліваў права назначаць усіх вышэйшых службовых асоб, фарміраваць урад, падпісваць законы і выдаваць дэкрэты, якія маюць моц закону. Таксама Прэзідэнт атрымліваў права распускаць парламент.
У кастрычніку 1996 г. у Мінску прайшоў І Усебеларускі народны сход. Удзельнікі форуму абмеркавалі змены і дапаўненні ў Канстытуцыю, прапанаваныя Прэзідэнтам.
На ўсенароднае галасаванне — рэферэндум — былі вынесены чатыры пытанні: аб унясенні змен і дапаўненняў у Канстытуцыю; аб увядзенні свабоднай без абмежаванняў куплі-продажы зямель сельскагаспадарчага прызначэння; аб пераносе Дня незалежнасці на 3 ліпеня; аб адмене смяротнага пакарання. У сваю чаргу Вярхоўны Савет прапанаваў свае 3 пытанні: аб праекце новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 г.; аб фінансаванні ўсіх органаў улады толькі з дзяржаўнага бюджэту і галосна; аб прамых выбарах кіраўніцтва мясцовых выканаўчых органаў улады.
Вынікі рэферэндуму 24 лістапада 1996 г. паказалі, што асноўная маса грамадзян Беларусі падтрымала Прэзідэнта па ўсіх пытаннях. Канстытуцыйны крызіс быў вырашаны дэмакратычным шляхам — волевыяўленнем народа.
Галоўным вынікам рэферэндуму стала прыняцце новай рэдакцыі Канстытуцыі. У адпаведнасці з ёй Беларусь станавілася прэзідэнцкай рэспублікай з шырокімі паўнамоцтвамі кіраўніка дзяржавы.
3. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г. са зменамі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме
У выніку рэферэндуму была прынятая новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая была падпісаная прэзідэнтам ужо 27 лістапада 1996 г. У адпаведнасці з ёй Беларусь станавілася прэзідэнцкай рэспублікай з шырокімі паўнамоцтвамі Кіраўніка дзяржавы.
Новая рэдакцыя Канстытуцыі зведала асноўныя змены ў раздзеле IV, у якім прапісвалася структура вышэйшых органаў дзяржаўнай улады. Адбываецца змяненне, звязанае з Канстытуцыйным судом: яго паўнамоцтвы прапісаны ў Главе 6 «Суд», а не ў раздзеле VI, які быў звязаны з дзяржаўным кантролем і наглядам. Акрамя таго, Канстытуцыя ў рэдакцыі 1994 г. мела восем раздзелаў і Закон Рэспублікі Беларусь «Аб парадку ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь». У Канстытуцыі са зменамі і дапаўненнямі 1996 г. замест гэтага закона з’явіўся Раздзел IX «Заключныя і пераходныя палажэнні». Важным стаў і той факт, што цяпер раздзелы I, II, IV і VIII Канстытуцыі могуць быць зменены толькі шляхам рэферэндуму.
4. Змены ў структуры органаў дзяржаўнай улады
Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (са зменамі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 г.) Кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
Прадстаўнічы і заканадаўчы орган улады — Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Ён складаецца з двух палат — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. За парламентам замацаваны функцыі абмеркавання і прыняцця законаў, дзяржаўнага бюджэту, кантроль за выкананнем бюджэту. Законы, прынятыя Парламентам, рэгулююць усе найважнейшыя сферы дзяржаўнага і грамадскага жыцця. Выбранне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца ўсім насельніцтвам рэспублікі, якое валодае выбарчымі правамі і адносіцца да адпаведных выбарчых акруг. Савет Рэспублікі з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Яго члены выбіраюцца ад абласцей, г. Мінска, а таксама прызначаюцца Прэзідэнтам.
Выканаўчую ўладу ў нашай краіне ажыццяўляе ўрад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. У сваёй дзейнасці ён падпарадкаваны Прэзідэнту і падсправаздачны Парламенту. Урад складаецца з прэм’ер-міністра, намеснікаў прэм’ер-міністра і міністраў.
Судовая ўлада належыць судам і ажыццяўляецца незалежна ад заканадаўчай і выканаўчай улады. Судовая сістэма Рэспублікі Беларусь уключае Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, абласныя, Мінскі гарадскі, раённыя (гарадскія), а таксама ваенныя суды. Да гаспадарчых судоў былі аднесены Вышэйшы гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь (скасаваны з 1 студзеня 2014 г.), гаспадарчыя суды абласцей і прыраўнаныя да іх суды, гаспадарчыя суды гарадоў і раёнаў. Кантроль за канстытуцыйнасцю прававых актаў у дзяржаве ажыццяўляе Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.
5. Узмацненне інстытута прэзідэнцкай улады
У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Інстытут прэзідэнцкай улады ўзмацніўся. Цяпер прэзідэнт не з’яўляецца проста кіраўніком выканаўчай галіны ўлады, яго паўнамоцтвы вынесеныя ў асобны раздзел Канстытуцыі. Ён з’яўляецца Кіраўніком дзяржавы, лічыцца гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь гарантуе рэалізацыю асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Прэзідэнт прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, ажыццяўляе пасрэдніцтва паміж органамі дзяржаўнай улады. У Канстытуцыі прадугледжаны ўдзел прэзідэнта ў ажыццяўленні заканадаўства. Ён атрымаў права заканадаўчай ініцыятывы, што азначае права прэзідэнта выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу законаў і з’яўляюцца абавязковымі для выканання на ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Прэзідэнт займае асаблівае месца ў сістэме падзелу ўладаў: у арганізацыйным дачыненні ён не ўключаны ні ў адну з галін улады. Прэзідэнт выступае арбітрам паміж рознымі палітычнымі сіламі.
Пытанні і заданні
1. Ахарактарызуйце два этапы ў станаўленні і развіцці палітычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь.
2. Растлумачце, з якімі цяжкасцямі ў фарміраванні заканадаўчай і выканаўчай галін улады сутыкнулася суверэнная беларуская дзяржава. Якімі шляхамі яны былі пераадоленыя?
3. Ахарактарызуйце тыя прынцыпова важныя змены, якія былі ўнесены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 1996 г.
4. Як у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь рэалізаваны прынцыпы дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы?
5. Ахарактарызуйце сістэму дзяржаўнай улады ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.