§ 6–1. Спыненне існавання СССР

1. Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР ад 27 ліпеня 1991 г. і наданне ёй статусу канстытуцыйнага закона

Рэфармаванне савецкай сіс­тэмы ў гады перабудовы прывяло да глыбокага сістэмнага крызісу. Падзенне прадукцыйнасці працы, спыненне прадпрыемстваў, рост цэн, рэзкае зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, татальны дэфіцыт, разрыў эканамічных сувязей паміж рэгіёнамі абвастрылі супярэчнасці паміж рэспублікамі, прывялі да страты аўтарытэту СССР. Аднак кіраўніцтва СССР марудзіла з прыняццем адэкватных рашэнняў па рэфармаванні савецкай федэрацыі.

У 1990 г. пачаўся працэс абвяшчэння незалежных рэспублік («парад суверэнітэтаў»). 12 чэрвеня 1990 г. быў абвешчаны суверэнітэт Расійскай Федэрацыі, а 16 ліпеня — ​Украіны.

Вярхоўны Савет БССР 27 ліпеня 1990 г. прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Згодна з Дэкларацыяй, на тэрыторыі рэспублікі аб’яўляліся вяршэнства Канстытуцыі і законаў БССР, паўната ўлады рэспубліканскіх дзяржаўных органаў на ўсёй тэрыторыі краіны, самастойнасць і незалежнасць Беларусі ў міжнародных стасунках. Разам з тым абвяшчалася імкненне да захавання Саюза суверэнных сацыялістычных дзяржаў на аснове новага дагавора.