Печатать книгуПечатать книгу

§ 6–1. Спыненне існавання СССР

1. Калі і з якой мэтай быў створаны СССР?

2. Якімі былі асноўныя напрамкі палітыкі перабудовы?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 6–1. Спыненне існавання СССР
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 12 Март 2025, 14:07

1. Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР ад 27 ліпеня 1991 г. і наданне ёй статусу канстытуцыйнага закона

Рэфармаванне савецкай сіс­тэмы ў гады перабудовы прывяло да глыбокага сістэмнага крызісу. Падзенне прадукцыйнасці працы, спыненне прадпрыемстваў, рост цэн, рэзкае зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, татальны дэфіцыт, разрыў эканамічных сувязей паміж рэгіёнамі абвастрылі супярэчнасці паміж рэспублікамі, прывялі да страты аўтарытэту СССР. Аднак кіраўніцтва СССР марудзіла з прыняццем адэкватных рашэнняў па рэфармаванні савецкай федэрацыі.

У 1990 г. пачаўся працэс абвяшчэння незалежных рэспублік («парад суверэнітэтаў»). 12 чэрвеня 1990 г. быў абвешчаны суверэнітэт Расійскай Федэрацыі, а 16 ліпеня — ​Украіны.

Вярхоўны Савет БССР 27 ліпеня 1990 г. прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Згодна з Дэкларацыяй, на тэрыторыі рэспублікі аб’яўляліся вяршэнства Канстытуцыі і законаў БССР, паўната ўлады рэспубліканскіх дзяржаўных органаў на ўсёй тэрыторыі краіны, самастойнасць і незалежнасць Беларусі ў міжнародных стасунках. Разам з тым абвяшчалася імкненне да захавання Саюза суверэнных сацыялістычных дзяржаў на аснове новага дагавора.

2. Рэферэндум па пытанні аб захаванні СССР

У канцы 1990 — ​першай палове 1991 г. кіраўніцтва СССР і шэрагу саюзных рэспублік, уключаючы БССР, праводзіла падрыхтоў­ку да заключэння новага саюзнага дагавора. Былі падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве Беларусі ў розных сферах з іншымі саюзнымі рэспублікамі. Па ініцыятыве М. С. Гарбачова ў сакавіку 1991 г. у 9 рэспубліках СССР (з 15), у тым ліку ў БССР, быў праведзены рэферэндум па пытанні аб захаванні абноўленага Саюза як федэрацыі раўнапраўных суверэнных Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

У выніку большасць грамадзян БССР (82,7 %) выказаліся за захаванне Саюза ў абноўленым выглядзе. Пачаліся перамовы аб заключэнні новага саюзнага дагавора паміж тымі рэспублікамі, насельніцтва якіх на рэферэндуме падтрымала ідэю захавання СССР.

3. Прыняцце Закона «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР»

Заключэнне новай саюзнай дамовы было запланавана на 20 жніўня 1991 г. За дзень да яго падпісання, 19 жніўня 1991 г., у Маскве часткай Кіраўніцтва КПСС і краіны быў створаны Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ДКНС) і ажыццёўлена спроба дзяржаўнага перавароту. Асноўнай мэтай удзельнікаў ГКЧП было захаванне СССР і недапушчэнне падпісання абноўленай саюзнай дамовы.

Аднак падзеі 19–21 жніўня 1991 г. паскорылі распад Савецкага Саюза. Кіраўніцтва БССР і ЦК КПБ выступіла з супярэчлівай пазіцыяй: з аднаго боку, Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі М. І. Дземянцей заяўляў, што зрушэнне М. С. Гарбачова законна, бо ён падпісаў адпаведную заяву; з другога — ​кіраўніцтва Рэспублікі заяўляла, што пераварот з’яўляецца антыканстытуцыйным.

Пасля правалу путчу ў Маскве ў Беларусі пачаліся дэбаты аб незалежнасці краіны. 24 жніўня 1991 г. партыя БНФ вывела людзей на плошчу Леніна ў Мінску. У той жа дзень старшыня Вярхоўнага Савета БССР М. І. Дземянцей падаў у адстаўку, яго пасаду заняў першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета С. С. Шушкевіч. 25 жніўня 1991 г. адбылося галасаванне па шэрагу пытанняў: Беларусь абвясціла сябе незалежнай дзяржавай. У той жа дзень адбылося наданне статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР — ​Канстытуцыя 1978 г. спыніла сваё дзеянне. А ўжо 26 жніўня быў прыняты Закон «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР». Ва ўласнасць Рэспублікі перайшлі ўсе прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы саюзнага падпарадкавання, размешчаныя на тэрыторыі рэспублікі, за выключэннем тых, кіраўніцтва якімі было перададзена, згодна з заканадаўствам БССР, адпаведным органам СССР. З гэтага часу прамое ўмяшанне саюзнай улады ў жыццё рэспублікі спынілася.

4. Прыняцце рашэння аб змене назвы «Беларуская ССР». Закон Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь»

17 верасня пачала працу шостая пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ХІІ склікання. Сярод іншых былі разгледжаны пытанні аб назве Беларускай ССР, аб дзяржаўным сцягу і дзяржаўным гербе Рэспублікі. За ўключэнне гэтых пытанняў у парадак дня выказалася большасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета.

19 верасня 1991 г. дэпутаты Вярхоўнага Савета прагаласавалі абсалютнай большасцю за перайменаванне БССР у Рэспубліку Беларусь, а ў скарочаным варыянце — ​Беларусь. Усталёўвалася, што выкарыстанне назвы «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» і яго скарочаных варыянтаў на афіцыйных бланках, пячатках, штампах і г. д. дапускаецца на працягу 1991–1993 гг. Тады ж былі зацверджаныя новыя дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь — ​бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». За такое рашэнне актыўна выступала парламенцкая апазіцыя БНФ. Па пытанні змены сімволікі ў парламенце сфарміравалася некалькі груповак. Пазіцыю адной з іх выказаў дэпутат-­ветэран В. Сарокін, які нагадваў сваім калегам, што прапанаваная імі сімволіка выкарыстоўвалася калабарацыяністамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і што прыняць яе будзе «подласцю і мярзотай». Іншая група вуснамі П. Пракаповіча выступіла за вырашэнне гэтага пытання на ўсенародным рэферэндуме. Трэцяя група лічыла неабходным адкласці гэтае пытанне да прыняцця новай Канстытуцыі, такога пункту гледжання прытрымліваўся і дэпутат А. Р. Лукашэнкі. Але ў тых рэаліях у парламенце атрымалі перамогу прыхільнікі БНФ.

18 кастрычніка 1991 г. Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь быў прыняты Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Грамадзянства — ​прававая прыналежнасць асобы да дзяржавы — ​стала неад’емнай часткай дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі.

5. Белавежскія пагадненні

Пасля правалу ДКНС спроба падрыхтаваць новы саюзны дагавор была працягнутая, але гаворка ішла ўжо аб пагадненні на аснове канфедэрацыі. 26 жніўня 1991 г. была прыпыненая дзейнасць КПСС КПБ. Быў прыняты закон аб дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады, прадпрыемстваў, арганізацый, нацыяналізацыі партыйнай маёмасці. На працягу восені 1991 г. былі зроблены спробы падрыхтаваць новую саюзную дамову, рыхтаваліся праекты дзейнасці дзяржаўных органаў на пераходны перыяд. Шостага верасня 1991 г. выхад з СССР трох прыбалтыйскіх рэспублік быў прызнаны Дзяржаўным Саветам СССР. 14 лістапада 1991 г. сем рэспублік (РСФСР, Беларусь, Казахстан, Кіргізія, Таджыкістан, Туркменія, Узбекістан) заявілі аб жаданні заключыць дамову аб стварэнні Саюза суверэнных дзяржаў (ССГ). Першага снежня на тэрыторыі Украіны адбыўся рэфэрэндум, на якім большасць выказалася за незалежнасць. Пасля гэтага Прэзідэнт Расіі Б. М. Ельцын заявіў, што «без Украіны саюзны дагавор губляе ўсялякі сэнс». У сітуацыі, якая склалася, вырашана было арганізаваць сустрэчу кіраўнікоў трох рэспублік: прэзідэнта Расіі Б. М. Ельцына, Прэзідэнта Украіны Л. М. Краўчука і старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С. С. Шушкевіча. Афіцыйнай мэтай сустрэчы было абмеркаванне паставак нафты і газу ва Украіну і Беларусь.

У Белавежскай пушчы, у рэзідэнцыі «Віскулі», 8 снежня 1991 г. кіраўнікі Беларусі, Расійскай Федэрацыі і Украіны без запрашэння іншых заснавальнікаў СССР дэнансавалі саюзную дамову 1922 г. і падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Гарантаваліся адкрытасць межаў, свабода перамяшчэння грамадзян і перадачы інфармацыі ў рамках Садружнасці.

25 снежня прэзідэнт СССР М. С. Гарбачоў прызнаў факт спынення існавання СССР і склаў свае паўнамоцтвы.

6. Прычыны распаду СССР

Прычынамі спынення існавання СССР з’яўляюцца грубыя памылкі палітычнага кіраўніцтва краіны, унутраная барацьба за ўладу паміж М. С. Гарбачовым і Б. М. Ельцыным, рост нацыяналістычных настрояў і нежаданне асобных рэспублік падпарадкоўвацца цэнтру, непрадуманыя, а таму няўдалыя эканамічныя рэформы, а таксама непасрэдная зацікаўленасць заходніх дзяржаў у аслабленні і ліквідацыі Савецкага Саюза.

Распад СССР палітыкі сёння называюць буйнейшай геапалітычнай катастрофай XX ст. Яна прывяла да шматлікіх узброеных канфліктаў паміж былымі братэрскімі савецкімі рэспублікамі, кровапралітных грамадзянскіх войнаў, знішчэння цэлых галін прамысловасці і сельскай гаспадаркі, з’яўлення ценявой эканомікі і арганізаванай злачыннасці, дэмаграфічных праблем і беднасці.

Наступствы распаду Савецкага Саюза пераадольваліся больш за дзесяцігоддзе.

7. Стварэнне СНД

10 снежня 1991 г. Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пастанову, якая скасавала дамову аб стварэнні СССР ад 30 снежня 1922 г., і ратыфікаваў пагадненне аб стварэнні СНД, 12 снежня дакумент быў ратыфікаваны Вярхоўным Саветам Расіі.

13 снежня ў Ашхабадзе адбылася сустрэча кіраўнікоў пяці Цэнтральнаазіяцкіх рэспублік (Казахстан, Кіргізія, Таджыкістан, Туркменія і Узбекістан). Рэспублікі выказалі згоду ўвайсці ў СНД. Прэзідэнт Казахстана Н. А. Назарбаеў прапанаваў сабрацца ў Алма-­Аце для абмеркавання пытанняў і прыняцця сумесных рашэнняў. На сустрэчу прыбылі кіраўнікі адзінаццаці рэспублік былога СССР (акрамя краін Прыбалтыкі і Грузіі). 21 снежня 1991 г. была падпісана Дэкларацыя, у якой выкладаліся мэты і прынцыпы СНД. У дакуменце канстатаваўся факт спынення існавання СССР з утварэннем СНД.

Алма-ацінская сустрэча завяршыла працэс утварэння незалежных дзяржаў на постсавецкай прасторы. У былых рэспублік СССР пачалася незалежная гісторыя.

Пытанні і заданні

1. Навукоўцы-­гісторыкі выказваюць меркаванне, што «адмена арт. 6 Канстытуцыі СССР у лютым 1990 г. стала адной з прычын распаду Савецкага Саюза». Ці існуе, на вашу думку, сувязь паміж гэтымі гістарычнымі фактамі? Сваё меркаванне аргументуйце.

2. Раскрыйце прычыны ўзнікнення і развіцця ў БССР руху За нацыянальна-­дзяржаўны суверэнітэт.

3. Якую ролю ў працэсе ўстанаўлення незалежнасці Беларусі адыгралі жнівеньскія падзеі 1991 г.?

4. Як вы думаеце, чаму, нягледзячы на вынікі рэферэндуму па пытанні аб захаванні СССР, Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне? Выкажыце ўласнае стаўленне да дадзенай падзеі.