§ 5–3. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 1960‑х — ​першай палове 1980‑х гг.

1. Асаблівасці грамадска-­палітычнага жыцця

Адрэзак у 20 гадоў паміж прыходам да ўлады Л. І. Брэжнева ў кастрычніку 1964 г. і пачаткам перабудовы з сярэдзіны 1980‑х гг. у БССР, як і ў цэлым у СССР, атрымаў у публіцыстаў назву «застою», які прыйшоў на змену хрушчоўскай «адлізе».

Кастрычніцкі (1964 г.) Пленум ЦК КПСС вызваліў першага сакратара ЦК КПСС М. С. Хрушчова ад партыйных і дзяржаўных абавязкаў. Курс рэформ, якія праводзіліся ім, хоць і змяніў унутрыпалітычны клімат у савецкім грамадстве, аднак да канкрэтных пераўтварэнняў у краіне не прывёў. У эканоміцы панавалі дзяржаўная і калгасная формы ўласнасці. У выбарчай сістэме працягвала існаваць практыка безальтэрнатыўных выбараў дэпутатаў. Праблема пошуку аптымальных кірункаў развіцця заставалася надзённай. Тым не менш новае кіраўніцтва СССР на чале з Л. І. Брэжневым прызнала для сябе лепшым не ўзрушваць краіну новымі рэформамі, а абапірацца пераважна на вопыт выкарыстання адміністрацыйна-­камандных метадаў кіравання. У грамадска-­палітычным жыцці такі курс азначаў перш за ўсё далейшае ўмацаванне ролі Камуністычнай партыі ва ўсіх сферах жыцця грамадства.

З 1965 па 1980 г. Камуністычную партыю Беларусі ўзначальваў, а значыць, быў фактычным кіраўніком рэспублікі П. М. Машэраў. З яго імем звязаныя значныя дасягненні ў развіцці эканомікі, навукі і культуры Рэспублікі, якія таксама спрыялі росту грамадскай актыўнасці. Ён карыстаўся вялікай павагай у народзе як удзельнік партызанскай барацьбы, Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы. Жыхары Беларусі да гэтага часу захоўваюць павагу да гэтага кіраўніка рэспублікі.