§ 5–2. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 1950‑х — ​першай палове 1960‑х гг.

1. Ажыццяўленне курсу ХХ з’езда КПСС. Спробы дэмакратызацыі грамадска-­палітычнага жыцця

У грамадска-палітычным жыцці БССР, як і ў цэлым у СССР, у другой палове 1950-х — ​першай палове 1960-х гг. назіраўся працэс паступовага змякчэння палітычнага рэжыму. Пачатак дадзенага працэсу супадае па часе са смерцю І. В. Сталіна ў 1953 г. У выніку ўнутрыпартыйнай барацьбы перамогу атрымаў М. С. Хрушчоў. Гэты перыяд праўлення з 1953 па 1964 г. атрымаў у публіцыстыцы назву «адліга».

Ключавой падзеяй дадзенага перыяду стала правядзенне ХХ з’езда КПСС у лютым 1956 г., дзе была прынята пастанова, якая ўтрымлівала вострую крытыку культу асобы І. В. Сталіна. Разам з тым асновы існуючага ў СССР грамадскага ладу прызнаваліся адпаведнымі «прынцыпу сацыялізму».

У час «адлігі» была праведзена ўсеагульная амністыя палітычных зняволеных і частковая рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій. Толькі ў БССР было рэабілітавана каля 40 тыс. чалавек.

Пашырыліся правы саюзных рэспублік: з 1957 г. уводзілася самастойнасць рэспубліканскіх органаў улады ў сферы прыняцця нарматыўных прававых актаў; у падпарадкаванне рэспубліканскіх ведамстваў пераходзілі многія прадпрыемствы і арганізацыі, якія раней падпарадкоўваліся саюзным уладам; саюзныя рэспублікі атрымалі права самастойна вырашаць адміністрацыйна-тэрытарыяльныя пытанні.

Адбыліся змены ў адміністрацыйным дзяленні рэспублікі. У БССР за­мест 11 абласцей засталося 6, замест 123 сельскіх раёнаў — ​77.

Былі пашыраны правы Саветаў усіх узроўняў, якія маглі накіроўваць сродкі на жыллёвае будаўніцтва, камунальную гаспадарку, сферу паслуг і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Новыя магчымасці былі прадастаўлены прафсаюзам і камсамолу. Прафсаюзныя арганізацыі ўдзельнічалі ў размеркаванні жылля, санаторна-курортных пуцёвак, правядзенні сацыялістычнага спаборніцтва. У 1956 г. першым сакратаром ЦК КПБ стаў беларус К. Мазураў (1956–1965).