Печатать книгуПечатать книгу

§ 5–2. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 1950‑х — ​першай палове 1960‑х гг.

Якімі былі характэрныя рысы грамадска-­палітычнай сістэмы, якая склалася ў БССР у пасляваенныя гады?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 5–2. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 1950‑х — ​першай палове 1960‑х гг.
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 19 Май 2025, 05:40

1. Ажыццяўленне курсу ХХ з’езда КПСС. Спробы дэмакратызацыі грамадска-­палітычнага жыцця

У грамадска-палітычным жыцці БССР, як і ў цэлым у СССР, у другой палове 1950-х — ​першай палове 1960-х гг. назіраўся працэс паступовага змякчэння палітычнага рэжыму. Пачатак дадзенага працэсу супадае па часе са смерцю І. В. Сталіна ў 1953 г. У выніку ўнутрыпартыйнай барацьбы перамогу атрымаў М. С. Хрушчоў. Гэты перыяд праўлення з 1953 па 1964 г. атрымаў у публіцыстыцы назву «адліга».

Ключавой падзеяй дадзенага перыяду стала правядзенне ХХ з’езда КПСС у лютым 1956 г., дзе была прынята пастанова, якая ўтрымлівала вострую крытыку культу асобы І. В. Сталіна. Разам з тым асновы існуючага ў СССР грамадскага ладу прызнаваліся адпаведнымі «прынцыпу сацыялізму».

У час «адлігі» была праведзена ўсеагульная амністыя палітычных зняволеных і частковая рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій. Толькі ў БССР было рэабілітавана каля 40 тыс. чалавек.

Пашырыліся правы саюзных рэспублік: з 1957 г. уводзілася самастойнасць рэспубліканскіх органаў улады ў сферы прыняцця нарматыўных прававых актаў; у падпарадкаванне рэспубліканскіх ведамстваў пераходзілі многія прадпрыемствы і арганізацыі, якія раней падпарадкоўваліся саюзным уладам; саюзныя рэспублікі атрымалі права самастойна вырашаць адміністрацыйна-тэрытарыяльныя пытанні.

Адбыліся змены ў адміністрацыйным дзяленні рэспублікі. У БССР за­мест 11 абласцей засталося 6, замест 123 сельскіх раёнаў — ​77.

Былі пашыраны правы Саветаў усіх узроўняў, якія маглі накіроўваць сродкі на жыллёвае будаўніцтва, камунальную гаспадарку, сферу паслуг і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Новыя магчымасці былі прадастаўлены прафсаюзам і камсамолу. Прафсаюзныя арганізацыі ўдзельнічалі ў размеркаванні жылля, санаторна-курортных пуцёвак, правядзенні сацыялістычнага спаборніцтва. У 1956 г. першым сакратаром ЦК КПБ стаў беларус К. Мазураў (1956–1965).

2. Прыняцце курсу на будаўніцтва камунізму

Палітыка М. Хрушчова, праводзімая пры імкненні рэалізаваць жаданыя мэты, але без уліку аб’ектыўных законаў развіцця грамадства, рэальных абставін і магчымых наступстваў, характарызавалася як «палітыка валюнтарызму». Яе яркай праявай стала прыняцце на ХХІІ з’ездзе КПСС новай праграмы пабудовы камуністычнага грамадства да 1980 г. Неверагоднасць пастаўленых задач была бачная большасці спецыялістаў. Былі дапушчаныя значныя пралікі ў пытаннях развіцця міжнароднай абстаноўкі, якая ў хуткім часе пагоршылася. Стварэнне матэрыяльна-­тэхнічнай базы камунізму было немагчыма яшчэ і таму, што кіраўніцтва краіны збіралася дзейнічаць старымі эканамічнымі і палітычнымі метадамі.

Аднак беларускі народ разам з народамі ўсяго Савецкага Саюза ўхваліў рашэнні гэтага з’езда і ўключыўся ў барацьбу за пабудову камунізму да 1980 г. Абвешчаны пераход да будаўніцтва камунізму выклікаў уздым творчай актыўнасці мас і з’яўленне руху за камуністычнае стаўленне да працы. Гэтаму спрыяла і ўмацаванне партыйнага кіраўніцтва ўсімі сферамі жыцця краіны. Сярод працоўных праходзілі спаборніцтвы, перадавікі станавіліся ўдарнікамі камуністычнай працы. Даволі хутка гэтае пачынанне ператварылася ў вырашальны фактар грамадскага жыцця і фарміравання «новага чалавека».

Але ў спаборніцтвах выявіліся і негатыўныя моманты, асабліва калі яны пачалі выходзіць за рамкі вытворчасці і матэрыяльнай зацікаўленасці, што стрымлівала актыўнасць людзей і спараджала абыякавасць.

Пытанні і заданні

1. Як праявілася «адліга» ў грамадска-­палітычным жыцці БССР у другой палове 1950‑х — ​першай палове 1960‑х гг.?

2. Раскрыйце прычынна-­выніковую сувязь паміж правядзеннем курсу ХХ з’езда КПСС і дэмакратызацыяй у савецкім грамадстве.

3. Складзіце слоўнік гістарычных тэрмінаў, якія характарызуюць грамадска-­палітычнае развіццё БССР у другой палове 1940‑х — ​першай палове 1960‑х гг. (не менш за пяць тэрмінаў). Дайце ім вызначэнні.

4. Што азначала прыняцце курсу на будаўніцтва камунізму? Абмяркуйце, ці была магчымай рэалізацыя планаў ХХІІ з’езда КПСС.