§ 4. Грамадска-­палітычнае жыццё ў 1920 — ​я‑1930‑я гг. у БССР

1. Удзел БССР у стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік

Пасля завяршэння Грамадзянскай вайны і пераходу да міру стала зразумелай неабходнасць новых падыходаў да нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Неабходнасць адраджэння народнай гаспадаркі патрабавала ўсталявання больш цесных эканамічных адносін паміж рэспублікамі. Партыя бальшавікоў стаяла на пазіцыях стварэння адзінай дзяржавы, здольнай выстаяць у «капіталістычным акружэнні». Камісія па справах нацыянальнасцей пад кіраўніцтвам І. В. Сталіна падрыхтавала праект аб’яднання. Гэта быў так званы план «аўтанамізацыі». Яго ідэя заключалася ў тым, каб у склад РСФСР на правах аўтаноміі ўвайшлі іншыя савецкія рэспублікі, што пазбаўляла іх суверэнітэту.

У сваю чаргу У. І. Ленін прапанаваў стварыць новую саюзную дзяржаву шляхам аб’яднання ўсіх савецкіх рэспублік на раўнапраўных пачатках з правам выхаду з саюза. Гэта замацоўвалася ў самой назве новай дзяржавы — ​Саюз Савецкіх ­Сацыялістычных Рэспублік. Усе рэспублікі захоўвалі атрыбуты дзяржаўнасці — ​заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўладу. Частку паўнамоцтваў яны добраахвотна перадавалі цэнтральным органам улады. СССР павінен быў стаць федэратыўнай дзяржавай, добраахвотным і раўнапраўным саюзам савецкіх нацыянальных рэспублік.

Пытанне аб стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і ўваходжанні ў яго склад ССРБ абмяркоўвалася на IV Усебеларускім з’ездзе Саветаў 14–18 снежня 1922 г. у Мінску. З’езд падтрымаў ідэю стварэння Саюза ССР і ўваходжання Беларусі ў яго склад. Аналагічныя рашэнні прынялі і з’езды іншых рэспублік.

30 снежня 1922 г. з’езд прадстаўнікоў РСФСР, Украіны, Беларусі і Закаўказскай федэрацыі (I з’езд Саветаў СССР) прыняў Дэкларацыю і Дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Быў абраны Цэнтральны выканаўчы камітэт (ЦВК), у склад якога ад ССРБ увайшло 7 чалавек. А. Р. Чарвякоў — ​старшыня ЦВК і СНК ССРБ — ​стаў адным з чатырох старшынь Прэзідыума ЦВК СССР. У 1923 г. быў створаны саюзны ўрад — ​Савет Народных Камісараў СССР. Яго ўзначаліў У. І. Ленін.

На II Усесаюзным з’ездзе Саветаў у студзені 1924 г. была прынята Канстытуцыя СССР. Па Канстытуцыі вышэйшым органам улады станавіўся Усесаюзны з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ​Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК), які складаўся з дзвюх палат: Саюзнага Савета і Савета Нацыянальнасцей. Вышэйшым выканаўчым органам абвяшчаўся Савет Народных Камісараў СССР. Ён кіраваў замежнымі справамі, абаронай краіны, знешнім гандлем, шляхамі зносін, фінансамі і інш. У распараджэнні саюзных рэспублік знаходзіліся ўнутраныя справы, асветніцтва, юстыцыя, сацыяльнае забеспячэнне, ахова здароўя, іншыя пытанні. У 1927 г. VIII Усебеларускім з’ездам Саветаў была прынята новая Канстытуцыя БССР. У ёй БССР абвяшчалася сацыялістычнай дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, у якой уся ўлада належыць Саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Замацоўвалася ўваходжанне БССР у СССР з правам свабоднага выхаду з Саюза. БССР мела права прымаць сваю Канстытуцыю, уносіць у яе змены, ствараць органы дзяржаўнай улады.