§ 3–3. Афармленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове

1. Пазіцыя ЦК РКП (б) па стварэнні беларускай дзяржавы на савецкай аснове

Яшчэ ў снежні 1917 г. Камуністычная партыя ставіла пытанне аб арганізацыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. Вялікую ўвагу гэтаму пытанню надаваў В. І. Ленін. Меркавалася склікаць у лютым 1918 г. з’езд Саветаў Беларусі, на якім павінна было вырашыцца пытанне аб утварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. Але скліканне з’езда было сарвана надыходам вой­скаў германскіх імперыялістаў.

Вызваленне тэрыторыі Беларусі ад германскіх акупацыйных вой­скаў у снежні 1918 г. і аднаўленне тут савецкай улады пацягнулі за сабой узмацненне руху за нацыянальнае самавызначэнне. Па даручэнні ЦК РКП(б) і савецкага ўрада гэты рух узначалілі беларускія камуністычныя секцыі і Беларускі нацыянальны камітэт (Белнацкам) пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР.

Важную ролю адыгралі кіраўнікі Белнацкама А. Чарвякоў і З. Жылуновіч, якія пераканалі вышэйшае савецкае кіраўніцтва ў неабходнасці стварэння нацыянальнага беларускага дзяржавы. Па ініцыятыве У. І. Леніна ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб абвяшчэнні ССРБ і адначасова даручыў Паўночна-­Заходняму абкаму партыі разгарнуць падрыхтоўчую работу па нацыянальна-­дзяржаўным будаўніцтве ў Беларусі.