§ 3–3. Афармленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове
Якія гістарычныя формы дзяржаўнасці існавалі на тэрыторыі Беларусі ў X — пачатку ХХ ст.?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 3–3. Афармленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 4 Июль 2025, 01:35 |
1. Пазіцыя ЦК РКП (б) па стварэнні беларускай дзяржавы на савецкай аснове
Яшчэ ў снежні 1917 г. Камуністычная партыя ставіла пытанне аб арганізацыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. Вялікую ўвагу гэтаму пытанню надаваў В. І. Ленін. Меркавалася склікаць у лютым 1918 г. з’езд Саветаў Беларусі, на якім павінна было вырашыцца пытанне аб утварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. Але скліканне з’езда было сарвана надыходам войскаў германскіх імперыялістаў.
Вызваленне тэрыторыі Беларусі ад германскіх акупацыйных войскаў у снежні 1918 г. і аднаўленне тут савецкай улады пацягнулі за сабой узмацненне руху за нацыянальнае самавызначэнне. Па даручэнні ЦК РКП(б) і савецкага ўрада гэты рух узначалілі беларускія камуністычныя секцыі і Беларускі нацыянальны камітэт (Белнацкам) пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР.
Важную ролю адыгралі кіраўнікі Белнацкама А. Чарвякоў і З. Жылуновіч, якія пераканалі вышэйшае савецкае кіраўніцтва ў неабходнасці стварэння нацыянальнага беларускага дзяржавы. Па ініцыятыве У. І. Леніна ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб абвяшчэнні ССРБ і адначасова даручыў Паўночна-Заходняму абкаму партыі разгарнуць падрыхтоўчую работу па нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтве ў Беларусі.
2. VI Паўночна-Заходняя рэгіянальная канферэнцыя РКП (б) і яе рашэнні
Для абмеркавання пытання аб утварэнні ССРБ і Камуністычнай партыі Беларусі паўночна-заходні абласны камітэт РКП(б) склікаў 30 снежня 1918 г. у Смаленску VI Паўночна-Заходнюю абласную канферэнцыю РКП(б). На ёй прысутнічалі дэлегаты ад партыйных арганізацый усёй Беларусі, таму яна абвясціла сябе і з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (КП (Б) б).
І з’езд КП(б)Б прыняў пастанову аб утварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ) і арганізацыйна аформіў Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б) як складовую і неад’емную частку Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) (РКП(б)). На з’ездзе быў абраны кіруючы орган КП (б) б: Цэнтральнае бюро (ЦБ) — вышэйшы партыйны орган паміж з’ездамі. Старшынёй Прэзідыума ЦБ КП (б)б абралі А. Мяснікова. У склад ЦБ КП (б)б увайшлі А. Мяснікоў, В. Кнорын, З. Жылуновіч (Цішка Гартны).
З’езд зацвердзіў склад Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, старшынёй якога стаў З. Жылуновіч, а членамі — А. Мяснікоў, А. Чарвякоў, В. Кнорын і іншыя партыйныя работнікі.
3. Маніфест Часовага ўрада Беларусі ад 1 студзеня 1919 г. аб стварэнні ССРБ
1 студзеня 1919 г. быў абнародаваны Маніфест Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі. Ён абвясціў утварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі (ССРБ) і асноўныя палажэнні яе дзяржаўнага складу. У Маніфесце гаварылася, што ўся ўлада ў Беларусі належыць толькі Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Усе землі, інвентар, нетры, чыгункі, фабрыкі, заводы і банкі станавіліся здабыткам народа. Маніфест заклікаў працоўных абараніць заваёвы сацыялістычнай рэвалюцыі. Аблвыкамзах склаў свае паўнамоцтвы. Заходняя вобласць была скасавана.
Дзень апублікавання Маніфеста — 1 студзеня 1919 г. — стаў днём нараджэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (у далейшым Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі — БССР). Пятага студзеня 1919 г. Часовы рабоча-сялянскі ўрад ССРБ прыняў пастанову аб пераездзе са Смаленска ў Мінск. З гэтага дня Мінск стаў сталіцай ССРБ.
З першых дзён сваёй дзейнасці Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі надаваў вялікую ўвагу пытанням арганізацыі абароны рэспублікі. Прымаліся меры да наладжванні працы прадпрыемстваў і скарачэння беспрацоўя, па аказанні дапамогі сем’ям чырвонаармейцаў, інвалідаў вайны і працы.
Па ўсёй Беларусі вялася падрыхтоўка да І з’езду Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Беларусі, які павінен быў заканадаўча аформіць утварэнне ССРБ. Былі праведзены валасныя, павятовыя і губернскія з’езды саветаў, на якіх былі абраныя выканкамы саветаў і дэлегаты на І з’езд саветаў. Працоўныя Беларусі дэлегатамі на з’езд саветаў паслалі сваіх прадстаўнікоў, даручыўшы ім вырашаць найважнейшыя пытанні дзяржаўнага будаўніцтва.
4. Утварэнне ССР Літвы і Беларусі. Другое абвяшчэнне ССРБ
16 студзеня 1919 г. ЦК РКП (б) прыняў рашэнне аб перадачы Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў са складу ССРБ у склад РСФСР. Астатнюю частку ССРБ было прапанавана аб’яднаць з савецкай рэспублікай Літвы ў Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Літвы і Беларусі. ЦК РКП (б), робячы такі крок, лічыў, што, аб’яднаўшыся, дзве невялікія Рэспублікі змаглі б больш эфектыўна супрацьстаяць захопніцкім памкненням Польшчы. Акрамя таго, ва ўмовах грамадзянскай вайны і пераходу да палітыкі «ваеннага камунізму» захаванне Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў у складзе ССРБ стварала дадатковыя цяжкасці для функцыянавання традыцыйна склаўшыхся гаспадарчых сувязяў гэтых губерняў з цэнтрам Савецкай Расіі.
Важную ролю ў далейшым развіцці працэсу будаўніцтва беларускай дзяржавы на савецкай аснове адыграў І з’езд Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Беларусі, які адбыўся 2–3 лютага 1919 г. у Мінску ў памяшканні гарадскога тэатра. Ганаровымі членамі прэзідыума былі абраныя У. І. Ленін і старшыня УЦВК Я. М. Свярдлоў, які выступіў на з’ездзе з прывітальнай прамовай. Ён зачытаў пастанову УЦВК аб прызнанні ССРБ і заявіў, што РСФСР заўсёды гатовая аказаць ССРБ брацкую дапамогу і падтрымку.
На з’ездзе была прынятая Канстытуцыя ССРБ, узорам для якой стала Канстытуцыя РСФСР 1918 г. Канстытуцыя заканадаўча замацоўвала прынцыпы дзяржаўнага і эканамічнага ладу Беларусі. Вышэйшым органам улады прызнаваўся Усебеларускі з’езд саветаў, а ў перыяд паміж з’ездамі — Цэнтральны Выканаўчы камітэт (ЦВК) ССРБ. Былі зацверджаны герб і сцяг. З’езд вызначыў тэрыторыю Савецкай Беларусі ў складзе Мінскай і Гродзенскай губерняў. Тэрыторыя Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў перадавалася ў склад РСФСР.
На з’ездзе была прынятая Дэкларацыя аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Беларусі і Літвы ў адну дзяржаву — ССР Літвы і Беларусі (Літбел), якая павінна была стаць дзяржавай-буферам паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.
27 лютага 1919 г. у Вільні адбылося першае пасяджэнне ЦВК Беларусі і Літвы. На ім быў абрана аб’яднаны ўрад — Савет Народных Камісараў Літоўска-Беларускай ССР. Яго старшынёй стаў В. Міцкявічус-Капсукас. Сталіцай новага аб’яднання было вырашана зрабіць Вільню. У склад Літбел увайшла тэрыторыя Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і частка Сувалкскай губерняў. Сталіцай новай дзяржавы было вырашана зрабіць Вільню.
У пачатку сакавіка 1919 г. адбыўся аб’яднаны з’езд камуністычных партый Літвы і Беларусі, які пастанавіў аб’яднаць іх у адзіную Камуністычную партыю Літвы і Беларусі.
Аднак Літбел праіснавала нядоўга. Акупацыя восенню 1919 г. амаль усёй яе тэрыторыі войскамі Польшчы фактычна спыніла існаванне гэтай рэспублікі.
Улетку 1920 г. пачалося вызваленне беларускіх зямель ад польскіх акупантаў. Ужо 11 ліпеня 1920 г. быў вызвалены Менск, і 31 ліпеня ў ім другі раз была абвешчаная незалежнасць ССРБ. Другая Дэкларацыя аб яе незалежнасці аднаўляла ўсе палажэнні, выкладзеныя ў маніфесце ад 1 студзеня 1919 г.
18 сакавіка 1921 г. у Рызе паміж РСФСР, Украінай і Польшчай без удзелу беларускай дэлегацыі быў падпісаны мірны дагавор. Інтарэсы БССР на мірных перамовах прадстаўляла дэлегацыя РСФСР. Па ўмовах мірнай дамовы тэрыторыя Заходняй Беларусі адышла да Польшчы. Савецка-польская мяжа праходзіла ў 30 км ад Мінска. У складзе ССРБ засталося толькі шэсць паветаў Мінскай губерні, на тэрыторыі якіх пражывала каля 1,6 млн чалавек. Смаленская, Віцебская і Магілёўская губерні ўвайшлі ў склад РСФСР.
Пытанні і заданні
1. Калі і ў сувязі з чым адбылося першае абвяшчэнне ССРБ?
2. Як вы думаеце, чаму датай нараджэння БССР лічылася 1 студзеня?
3. Складзіце сінхранічную табліцу «Станаўленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ў 1918–1920 гг.», паказаўшы ў ёй падзеі, якія адбываліся на Заходнім фронце, і падзеі, звязаныя з абвяшчэннем беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Зрабіце вывад аб уплыве знешнепалітычных фактараў на стварэнне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.
4. Ахарактарызуйце лёс беларускага народа ў сацыяльна-палітычных падзей 1917–1921 гг.