§ 3–2. Спробы рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ў 1917–1918 гг.

1. Дзейнасць структур беларускага нацыянальнага руху

Большасць нацыянальных партый і арганізацый выступалі за аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Беларусі ажывілася дзейнасць агульнарасійскіх партый-­кадэтаў, эсэраў, Бунда і інш., а таксама нацыянальных партый і арганізацый. Аднавіла сваю дзейнасць Беларуская сацыялістычная грамада, была створана Беларуская партыя народных сацыялістаў (БПНС). 25–27 сакавіка 1917 г. у Мінску сабраўся з’езд прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных арганізацый. Ён высунуў патрабаванне дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі. Да выбараў Беларускай Краёвай рады з’езд абвясціў сябе «вышэйшай краёвай уладай» і выбраў выканаўчы орган — ​Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), на чале якога стаяў буйны мясцовы землеўладальнік Р. Скірмунт. Камітэт аказваў поўную падтрымку міністрам Часовага ўрада.

8–10 (21–23) ліпеня 1917 г. у Мінску прайшоў другі з’езд беларускіх партый і арганізацый. На ім быў скасаваны БНК і створана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый. У яе склад увайшлі прадстаўнікі розных беларускіх грамадска-­палітычных, культурна-­асветніцкіх, сялянскіх і вайсковых арганізацый. Знаходзілася Рада ў Менску. Пры ёй пастаянна дзейнічаў выканаўчы камітэт з 24 чалавек.

На сваім першым пасяджэнні Рада заявіла, што бярэ на сябе функцыі кіравання беларускім краем і з’яўляецца «абаронцам беларускага народа». Яна спрабавала аб’яднаць розныя слаі насельніцтва Беларусі толькі на нацыянальнай аснове. Найбольш радыкальныя лідары выступалі за разрыў адносін з Расійскай дзяржавай, больш умераная большасць лічыла неабходным заставацца ў складзе Расійскай рэспублікі, атрымаўшы статус аўтаноміі.

З кастрычніка 1917 г. Цэнтральная рада беларускіх арганізацый стала называцца Вялікай беларускай радай (ВБР).

Увосень 1917 г. узмацніліся працэсы размежавання сярод прадстаўнікоў БСГ, што прывяло да ўтварэнны ў Петраградзе Беларускай сацыял-­дэмакратычнай рабочай партыі (БСДРП). Гэта былі галоўным чынам рабочыя-­беларусы, якія апынуліся ў Петраградзе. Лідарам БСДРП з’яўляўся А. Чарвякоў, пасля старшыня ЦВК БССР. Гэтая арганізацыя цалкам прыняла праграму РСДРП (б). Напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі бальшавікі праз БСДРП замацавалі свой уплыў у беларускім нацыянальна-­вызваленчым руху.