§ 3–1. Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 г. як пачатак новага этапу ў развіцці Беларусі

1. Лютаўская рэвалюцыя

Рэвалюцыя 1905–1907 гг. не змагла вырашыць самыя надзённыя праблемы Расійскай імперыі — ​аграрнае і нацыянальнае пытанні. Першая Сусветная вайна, у якой актыўна прымала ўдзел Расійская імперыя, прывяла да спусташэння гаспадаркі краіны, абвастрыла ўсе грамадскія і палітычныя супярэчнасці, паскорыла наспяванне рэвалюцыйнага крызісу.

У студзені цэнтрам рэвалюцыйнага руху стаў Петраград, дзе усё шырэй разгортваліся стачачны рух і вулічныя дэманстрацыі пад лозунгамі «Далоў вайну!», «Далоў самадзяржаўе!».

Раніцай 26 лютага ўсеагульная палітычная стачка пачала перарастаць ва ўзброенае паўстанне. На бок рабочых сталі пераходзіць салдаты. Рабочыя ўступалі ў сутычкі з паліцыяй, грамілі паліцэйскія ўчасткі, захоплівалі зброю. 27 лютага рабочыя і салдаты захапілі галоўны арсенал, тэлеграф, вакзалы, вызвалілі з турмаў палітычных зняволеных.

Услед за Петраградам рэвалюцыя ахапіла ўсю краіну і вой­ска. Другога сакавіка было звергнута самадзяржаўе — ​імператар Мікалай ІІ, а следам і яго малодшы брат Міхаіл адракліся ад прастола.

У разгар узброенага паўстання ў Петраградзе быў створаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Аднак у Савеце і яго прэзідыуме большасць месцаў захапілі меншавікі і эсэры. Яны дапамаглі буржуазіі сфарміраваць Часовы ўрад з кадэцка-­акцябрысцкіх членаў Дзяржаўнай думы. Утварылася вельмі своеасаблівае перапляценне дзвюх улад: Часовага ўрада і Петраградскага Савета. У краіне ўсталявалася двоеўладдзе.