§ 2–1. Грамадска-­палітычнае жыццё ў другой палове 60‑х — ​90‑я гг. ХІХ ст.

1. Вытокі і сутнасць народніцтва

У канцы 1860‑х — ​пачатку 1870‑х гг. у рускім рэвалюцыйным руху сфарміравалася плынь, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «народніцтва». Яно зарадзілася ва ўмовах развіцця капіталізму ў паслярэформеннай Расіі і выказвала пратэст супраць перажыткаў прыгонніцтва і капіталізму.

Можна вылучыць два перыяды ў гісторыі народніцтва: перыяд 1860–1870‑х гг., калі яно займала рэвалюцыйныя пазіцыі ў барацьбе з царызмам, і перыяд 1880–1890‑х гг., калі народніцкі рух выліўся ў ліберальную плынь.

У першы перыяд народнікі ў сваёй практычнай дзейнасці абапіраліся на палажэнні ўтапічнага сацыялізму. Яны лічылі, што Расія абміне этап капіталізму, і адразу адкрыецца шлях сацыялізму. Тым самым народнікі адмаўлялі развіццё працоўнага класа і яго гістарычную ролю. Абшчыну народнікі разглядалі як заканамерную аснову сацыялізму, а сялянства — ​як аднастайную масу. Яшчэ адно меркаванне народнікаў было звязана з роляй у развіцці грамадства інтэлігенцыі, якая не залежыць ад класавых інтарэсаў. Рэальны змест праграмы народнікаў заключаўся ў закліку да рашучай барацьбы за звяржэнне царызму, знішчэнне ўсіх перажыткаў прыгону, рэвалюцыйна-­дэмакратычныя пераўтварэнні ў Расіі.

Увесну 1874 г. пачалося шырокае «хаджэнне ў народ» моладзі. Яго мэтай было падняць сялянства на рэвалюцыю. Народнікі лічылі, што сацыяльную рэвалюцыю лёгка «зрабіць», і што яна ажыццявіцца за два-тры гады. Аднак «хаджэнне ў народ» не дало жаданых вынікаў. Сяляне не падымаліся на рэвалюцыю, таму што развагі народнікаў не адпавядалі іх надзённым інтарэсам. Многія народнікі падвяргаліся арыштам. Стала зразумела, што трэба мяняць тактыку. Вырашана было раз’яднаныя гурткі аб’яднаць у цэнтралізаваную арганізацыю.