§ 2–1. Грамадска-палітычнае жыццё ў другой палове 60‑х — 90‑я гг. ХІХ ст.
1. Хто такія народнікі? Чаму яны так называліся?
2. Якія эканамічныя і палітычныя патрабаванні вылучаў рабочы клас у краінах Заходняй Еўропы ў другой палове XIX — пачатку ХХ ст.?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 2–1. Грамадска-палітычнае жыццё ў другой палове 60‑х — 90‑я гг. ХІХ ст. |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Вторник, 14 Январь 2025, 16:30 |
1. Вытокі і сутнасць народніцтва
У канцы 1860‑х — пачатку 1870‑х гг. у рускім рэвалюцыйным руху сфарміравалася плынь, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «народніцтва». Яно зарадзілася ва ўмовах развіцця капіталізму ў паслярэформеннай Расіі і выказвала пратэст супраць перажыткаў прыгонніцтва і капіталізму.
Можна вылучыць два перыяды ў гісторыі народніцтва: перыяд 1860–1870‑х гг., калі яно займала рэвалюцыйныя пазіцыі ў барацьбе з царызмам, і перыяд 1880–1890‑х гг., калі народніцкі рух выліўся ў ліберальную плынь.
У першы перыяд народнікі ў сваёй практычнай дзейнасці абапіраліся на палажэнні ўтапічнага сацыялізму. Яны лічылі, што Расія абміне этап капіталізму, і адразу адкрыецца шлях сацыялізму. Тым самым народнікі адмаўлялі развіццё працоўнага класа і яго гістарычную ролю. Абшчыну народнікі разглядалі як заканамерную аснову сацыялізму, а сялянства — як аднастайную масу. Яшчэ адно меркаванне народнікаў было звязана з роляй у развіцці грамадства інтэлігенцыі, якая не залежыць ад класавых інтарэсаў. Рэальны змест праграмы народнікаў заключаўся ў закліку да рашучай барацьбы за звяржэнне царызму, знішчэнне ўсіх перажыткаў прыгону, рэвалюцыйна-дэмакратычныя пераўтварэнні ў Расіі.
Увесну 1874 г. пачалося шырокае «хаджэнне ў народ» моладзі. Яго мэтай было падняць сялянства на рэвалюцыю. Народнікі лічылі, што сацыяльную рэвалюцыю лёгка «зрабіць», і што яна ажыццявіцца за два-тры гады. Аднак «хаджэнне ў народ» не дало жаданых вынікаў. Сяляне не падымаліся на рэвалюцыю, таму што развагі народнікаў не адпавядалі іх надзённым інтарэсам. Многія народнікі падвяргаліся арыштам. Стала зразумела, што трэба мяняць тактыку. Вырашана было раз’яднаныя гурткі аб’яднаць у цэнтралізаваную арганізацыю.
2. Народніцкія арганізацыі ў першай палове 1880‑х гг.
У 1876 г. у Пецярбургу з’явілася агульнарасійская народніцкая арганізацыя «Зямля і воля». Асноўнымі патрабаваннямі ў яе праграме былі пазначаны пераход усёй зямлі ў рукі сялян і яе ўраўняльнае размеркаванне, увядзенне поўнага абшчыннага самакіравання, прадастаўленне нацыям права на самавызначэнне і ўтварэнне федэратыўнага саюза абшчын.
Аднак ні «хаджэнне ў народ», ні гучныя замахі на прадстаўнікоў улады не прынеслі поспеху. Сяляне заставаліся глухія да народніцкай прапаганды. Пачаліся спрэчкі адносна метадаў барацьбы. У жніўні 1879 г. на Пецярбургскім з’ездзе было прынята рашэнне аб падзеле «Зямлі і волі» на дзве арганізацыі: «Чорны перадзел» і «Народную волю».
Прыхільнікі «Чорнага перадзелу» імкнуліся падштурхнуць урад да правядзення ўраўняльнага («чорнага») перадзелу зямлі, памяншалі значэнне палітычнай барацьбы і адмаўлялі індывідуальны тэрор. У галіне тактыкі яны выступалі за шырокую агітацыю і прапаганду ў масах. Члены «Народнай волі» сваёй галоўнай задачай лічылі палітычны пераварот і захоп улады. У барацьбе з самадзяржаўем яны выкарыстоўвалі тактыку індывідуальнага тэрору, разлічваючы тым самым прымусіць урад да правядзення дэмакратычных рэформ.
1 сакавіка 1881 г. група нарадавольцаў, у іх ліку і ўраджэнец Беларусі І. Грынявіцкі, здзейсніла замах на цара Аляксандра II, у выніку якога манарх быў смяротна паранены, а сам І. Грынявіцкі загінуў ад разрыву бомбы. Аднак забойства Аляксандра II не стала сігналам да народнага паўстання. Новы цар Аляксандр III пачаў праводзіць рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да рэвалюцыянераў-тэрарыстаў. Усе арганізатары і ўдзельнікі тэрарыстычнага акту былі павешаныя па прысудзе суда. У 1882 г. арганізацыя «Чорны перадзел» распалася, яе кіраўнікі былі вымушаныя з’ехаць за мяжу. Г. Пляханаў і яго паплечнікі адмовіліся ад народніцкіх поглядаў.
3. Выхадцы з Беларусі ў народніцкіх арганізацыях
Народніцкіх рух распаўсюдзіўся і ў Беларусі. Гурткі народнікаў былі створаны яшчэ ў першай палове 1870‑х гг. у Магілёве, Горы-Горках, Мінску, Гродне, Пінску, Слуцку, Віцебску. Іх арганізатарамі з’яўляліся сталічныя студэнты, выхадцы з Беларусі. Вядомымі іх прадстаўнікамі былі ўраджэнцы беларускіх губерняў М. Судзілоўскі, С. Кавалік, А. Бонч-Асмалоўскі, І. Грынявіцкі, Е. Брэшка-Брэшкоўская і інш. У гэтых гуртках вывучалася нелегальная літаратура. Народніцкія гурткі падтрымлівалі цесныя сувязі з рэвалюцыйнай інтэлігенцыяй Пецярбурга, Масквы, Кіева.
У Беларусі таксама прадпрымаліся спробы «хаджэння ў народ». Так, члены Магілёўскага гуртка вывучалі рамёствы, апрануўшыся па-сялянску, і вялі прапаганду сацыялістычных ідэй сярод сялянства. Найбольш актыўным прапагандыстам быў гімназіст М. Забела. Аднак гэта не выклікала сялянскіх выступленняў. Сяляне не ўспрымалі сацыялістычную накіраванасць прапаганды народнікаў.
З узнікненнем у Пецярбургу арганізацыі «Зямля і воля» народніцкі рух у Беларусі развіваўся пад яе ўплывам. Цэнтрам народніцкага руху стаў Мінск. Аднак ён не атрымаў у Беларусі шырокага развіцця. Тут не было вышэйшых навучальных устаноў, і таму фарміраванне разначыннай інтэлігенцыі запавольвалася. Члены народніцкіх гурткоў вялі прапаганду сярод інтэлігенцыі, навучэнцаў, рабочых і працягвалі прапаганду сярод сялян з мэтай падняць іх на паўстанне.
У першай палове 1880‑х гг. у Беларусі дзейнічалі гурткі як чарнаперадзельнага, так і нарадавольнага кірунку. З дапамогай прадстаўнікоў Выканаўчага камітэта «Народнай волі» ў 1882 г. была створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’ядноўвала народніцкія групы Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў.
У гэты ж час у Пецярбургу таксама была створаная Беларуская нарадавольская арганізацыя, ядро якой складалі студэнты-ўраджэнцы Беларусі. Аднак аб’яднаць сваю дзейнасць з беларускімі нарадавольчымі суполкамі яна не змагла.
Зараджэнне ўласна беларускага палітычнага руху звязана з народніцкай групай «Гоман», якая выдала ў 1884 г. два нелегальныя нумары аднайменнага часопіса. Менавіта народнікі з групы «Гоман» упершыню заявілі аб беларусах як аб самастойнай нацыі, якая мае права на самавызначэнне. Члены групы, студэнты Пецярбургскага ўніверсітэта А. Марчанка, Х. Ратнер, у 1881–1884 гг. разам з іншымі студэнтамі з Беларусі — В. Крупскім, М. Стацкевічам, С. Несцюшка-Буйніцкім і інш. — лічылі сябе прадстаўнікамі расійскай арганізацыі «Народная воля».
Аднак нарадавольцы не змаглі аб’яднаць усе народніцкія гурткі. Народніцтва пачынае перажываць крызіс. У 1880‑я гг. пануючым кірункам у народніцтве стаў ліберальны. Частка народнікаў перайшла на пазіцыі марксізму.
4. Стварэнне сацыял-дэмакратычных арганізацый у Беларусі. Распаўсюджванне ідэй марксізму
У сярэдзіне 1880-х гг. ідэалогія народніцтва саступіла месца марксізму, прадстаўнікоў якога сталі называць сацыял-дэмакратамі. Яны лічылі, што ў нетрах капіталізму выспяваюць перадумовы для сацыялістычнай рэвалюцыі, а рабочы клас (пралетарыят) — галоўная сіла, здольная прывесці да знішчэння эксплуатацыі чалавека чалавекам і стварэння новага грамадства без класаў і эксплуатацыі.
Паступова ад вузкай гуртковай прапаганды марксізму сацыял-дэмакраты перайшлі да масавай эканамічнай і палітычнай агітацыі сярод рабочых.
У канцы 1890-х гг. у рабочым і сацыял-дэмакратычным руху Беларусі з’явіліся свае спецыфічныя рысы: імкненне польскіх і яўрэйскіх сацыял-дэмакратаў ствараць рабочыя арганізацыі па нацыянальнай прыкмеце.
У канцы XIX ст. на тэрыторыі заходніх губерняў Расійскай імперыі дзейнічалі партыйныя ячэйкі польскай рабочай партыі «Пралетарыят», Польскай сацыялістычнай партыі, Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ).
У 1897 г. на з’ездзе яўрэйскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый Вільні, Мінска, Віцебска, Беластока і Варшавы быў створаны Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі — Бунд (Саюз). Яго першачарговай задачай з’яўлялася арганізацыя барацьбы яўрэйскіх рабочых за паляпшэнне свайго эканамічнага становішча.
Рост стачачнага руху ў другой палове 1890-х гг., павелічэнне колькасці сацыял-дэмакратычных арганізацый выклікалі неабходнасць аб’яднання сацыял-дэмакратаў у адзіную партыю. Ініцыятарам гэтага аб’яднання выступіў створаны ў 1895 г. У. І. Леніным пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа».
1–3 сакавіка 1898 г. у Мінску адбыўся першы з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыі (РСДРП), на якім быў прыняты «Маніфест» і абраны Цэнтральны камітэт.
На II з’ездзе РСДРП, які праходзіў у 1903 г. у Бруселі і Лондане, разгарнулася барацьба паміж прыхільнікамі газеты «Іскра», што стаялі на пазіцыях рэвалюцыйнага марксізму, і «эканамістамі», якія заклікалі весці барацьбу толькі за паляпшэнне эканамічнага становішча і павышэнне культурнага ўзроўню рабочага класа. Перамогу атрымалі іскраўцы на чале з У. І. Леніным. З’езд прыняў праграму партыі, у якой канчатковай мэтай абвяшчалася ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту і пабудова сацыялізму, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне дэмакратычнай рэспублікі. Барацьба на з’ездзе завяршылася расколам РСДРП на дзве фракцыі: бальшавікоў і меншавікоў.
У 1901–1902 гг. на базе народніцкіх арганізацый, якія існавалі раней, была створана партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). З’яўляючыся паслядоўнікам ідэалогіі народніцтва, партыя была вядомая як адна з самых актыўных удзельніц рэвалюцыйнага тэрору.
5. Польскі і яўрэскі нацыянальны рух у Беларусі
У працоўным сацыял-дэмакратычным руху Беларусі ў канцы 1890‑х гг. выявілася імкненне яўрэйскіх, літоўскіх і польскіх сацыял-дэмакратаў стварыць рабочыя арганізацыі па нацыянальнай прыкмеце ў гарадах са шматнацыянальным насельніцтвам.
У верасні 1897 г. у Вільні адбыўся з’езд прадстаўнікоў яўрэйскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый Вільні, Мінска, Віцебска, Беластока, Коўна, Варшавы, на якім было абвешчана пра стварэнне «Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў Расіі і Польшчы» (Бунд). Яго кіраўніком стаў А. Крэмер. Неабходнасць утварэння Бунда была матываваная тым, што толькі нацыянальная арганізацыя яўрэйскіх рабочых магла лепш за ўсё абараніць іх інтарэсы. Першачарговымі задачамі з’яўляліся агітацыя і арганізацыя барацьбы яўрэйскіх рабочых за паляпшэнне іх эканамічнага становішча. Адразу пасля з’езду пачалася агітацыя за тое, каб арганізацыі рабочых, якія існавалі ў той час у Беларусі, уступалі ў Бунд і стваралі новыя. Так, Брэсцкая арганізацыя далучылася да бундаўцаў. Не пагадзіліся на ўступленне ў Бунд многія члены Мінскай яўрэйскай рабочай арганізацыі. Яны стварылі Рабочую партыю палітычнага вызвалення Расіі (РППВР). Прадстаўнікі гэтай партыі наладзілі сувязі з сацыял-дэмакратычнымі арганізацыямі Расіі, Украіны і былі прыхільнікамі тэрарыстычнай барацьбы з самадзяржаўем. У Гродзенскай арганізацыі адбыўся раскол. Большая частка раней аб’яднанай рабочай арганізацыі таксама рушыла ўслед за бундаўцамі. Астатнія выступілі супраць эканамізму і прапаганды Бунда і сфарміравалі асобную арганізацыю на чале з рабочым камітэтам. Апошнія, аднак, таксама нядоўга заставаліся на платформе інтэрнацыяналізму. Неўзабаве яны ўступілі ў Польскую сацыялістычную партыю (ПСП), якая адмовілася ўзаемадзейнічаць з расійскім пралетарыятам і яго партыяй, на першае месца яна ставіла стварэнне незалежнай Польскай Рэспублікі.
З ПСП у 1893 г. вылучылася інтэрнацыяналісцкае крыло, у 1900 г. яно зацвердзіла сваю назву — Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польшчы і Літвы (СДКПіЛ).
Пытанні і заданні
1. Назавіце сацыяльна-эканамічныя і палітычныя прычыны, якія прывялі да стварэння палітычных партый у канцы XIX ст.
2. Як вы разумееце сцвярджэнне «ўзнікненне народніцтва было звязана з нявырашанасцю аграрнага пытання ў Расіі пасля рэформы 1861 г.»? Выкажыце здагадку, па якіх прычынах сялянства аказалася не гатовым да ўспрымання ідэй народнікаў.
3. Параўнайце погляды народнікаў і сацыял-дэмакратаў. Назавіце тыя палажэнні марксізму, якія спрыялі росту папулярнасці сацыял-дэмакратычнага руху.
4. Як вы думаеце, чаму марксісты (сацыял-дэмакраты) асноўнай рухаючай сілай палітычнай барацьбы лічылі працоўны клас?
5. Складзіце і канкрэтызуйце прыкладамі схему «Асноўныя этапы грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў другой палове XIX ст.».
6. Раскрыйце ролю выхадцаў з Беларусі ў дзейнасці народніцкіх і сацыял-дэмакратычных арганізацый Расіі.