*§ 15-1. Няўласна-простая мова, яе сэнсава-стылістычная роля ў тэкстах розных тыпаў і стыляў. Унутранае маўленне персанажаў у творах мастацкай літаратуры і спосабы яго перадачы. Цытаты, правілы іх афармлення

Практыкаванне 10

Прачытайце выказванні В. Гарбука. Выкарыстайце іх або іх часткі ў якасці цытат, запішыце сказы з цытатамі.

І. Калі ў цябе на Зямлі хоць дзе-небудзь ёсць куточак, які табе здаецца родным, дзе ты хоць нешта зрабіў, каб яго ўпрыгожыць, у цябе заўсёды будзе ў сэрцы светлы агеньчык, які завецца патрыятызмам. І табе будзе зразумелым пачуццё любові другіх да сваіх куткоў. І толькі праз такое пачуццё сваёй любові прыйдзе да цябе светлае жаданне зрабіць прыгожай для жыцця ўсю Зямлю...

ІІ. Што мне ў Дзень Перамогі сказаць самому сабе і іншым? На некалькі секунд уявіў, што было б, калі б не было перамогі. Прорва бясконцай цемры мільганула перад вачыма і прымусіла здрыгануцца. А сёння свеціць сонейка, сіняе неба, і ты адчуваеш, што гэта тваё неба, што табе свеціць сонца. Няхай у нашай краіне іншыя клопаты, турботы, новыя непрыемнасці і радасці, Дзень Перамогі павінен зноў нагадаць аб яшчэ зусім нядаўняй барацьбе за права дыхаць і жыць...

На аснове прыведзеных выказванняў выберыце тэму і падрыхтуйце паведамленне.